Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

РЫ́ЧАРД II (Richard; 6.1.1367, г. Бардо, Францыя — 14.2.1400),

кароль Англіі [1377—99]. Апошні з дынастыі Плантагенетаў. Уступіў на трон у 12-гадовым узросце (краінай правіў савет). З 1389 правіў самастойна, абапіраючыся на парламент і ч. знаці. Заключыў мір з Францыяй (1397). З 1397 усталяваў аднаасобнае праўленне, падпарадкаваў сабе парламент, выгнаў з краіны свайго брата Генрыха IV Ланкастэрскага і пазбавіў яго спадчынных правоў. Сваіх б. праціўнікаў караў штрафамі і канфіскацыяй іх маёмасці, што выклікала мяцеж буйных феадалаў. У 1399 скінуты, у 1400 забіты ці памёр ад голаду ў зняволенні. Герой гіст. драмы У.​Шэкспіра «Рычард П» (1595).

т. 13, с. 528

РЫ́ЧАРД III (Richard; 2.10.1452, замак Фотэрынгей, каля г. Корбі, Вялікабрытанія — 22.8.1485),

кароль Англіі [1483—85]. Апошні з дынастыі Йоркаў. З 1461 герцаг Глостэрскі. Стаў каралём у час Пунсовай і Белай руж вайны: прызначаны ў 1483 пратэктарам каралеўства пры малалетнім каралю Эдуарду V, скінуў яго і зняволіў у Таўэры. У бітве пры Босварце (1485) пацярпеў паражэнне і забіты. Новы кароль Генрых VII афіцыйна абвінаваціў Р. III у забойстве Эдуарда V і яго брата. Р. III — герой твораў Т.​Мора («Гісторыя Рычарда III») і У.​Шэкспіра («Рычард III»).

т. 13, с. 528

РЫ́ЧКІ,

вадасховішча ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Кублік. Створана ў 1981. Пл. 0,5 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 640 м, найб. глыб. 4,5 м, аб’ём вады 1,4 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 3,1 км. Напаўняецца вадой з Ляхавіцкага канала мех. водапад’ёмам. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 3,4 м. Выкарыстоўваецца для ўвільгатнення зямель, рыбагадоўлі і адпачынку.

т. 13, с. 529

РЫЧКО́Ў (Юрый Міхайлавіч) (н. 9.9.1952, с. Верхаважжа Валагодскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне радыёфізікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1996), праф. (1999). Скончыў Ленінградскі ун-т (1977). З 1983 у Гродзенскім ун-це (заг. кафедры). Навук. працы па фіз. электроніцы, прыкладной электрадынаміцы. Выявіў іонна-кластэрны механізм кантактных з’яў у вадкіх слабаправодных асяроддзях.

Тв.:

Контактные явления в жидких слабопроводящих средах // Инженерно-физ. журн. 1997. Т. 70, № 6;

Прикладная электродинамика. Гродно, 1999.

т. 13, с. 529

РЫ́ЧМАНД (Richmond),

горад на ПдУ ЗША, адм. ц. штата Віргінія. Засн. у 1607. У 1861—65 — сталіца канфедэрацыі Паўд. штатаў. 194,2 тыс. ж., з прыгарадамі каля 1 млн. ж. (1998). Порт у нізоўях р. Джэймс, даступны для марскіх суднаў. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Важны гандл.-фін. цэнтр Поўдня ЗША. Гандлёва-размеркавальны цэнтр с.-г. раёна (тытунь і арахіс). Прам-сць: тытунёвая (адзін з гал. цэнтраў у краіне), хім., цэлюлозна-папяровая, паліграф., металаапр., радыёэлектронная. 20 ун-таў і каледжаў.

т. 13, с. 529

РЫЧО́Ў,

вёска ў Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., на левым беразе р. Сцвіга. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 37 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Жыткавічы, 270 км ад Гомеля. 2209 ж., 228 двароў (2001). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Свята-Міхайлаўская царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі курганны могільнік 10—13 ст. і селішча ранняга жал. веку.

т. 13, с. 529

РЫ́ЧЫ, Рыча, Рычу,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., на мяжы з Латвіяй, у бас. р. Дрысвята, за 20 км на ПнЗ ад г. Браслаў. Пл. 12,83 км², даўж. 6,27 км, найб. шыр. 3,73 км, найб. глыб. 51,9 м (другое па глыбіні возера на Беларусі), даўж. берагавой лініі 33,4 км. Пл. вадазбору 123 км². Катлавіна складанага тыпу. Схілы выш. 10—20 м (на У да 30—40 м), параслі хмызняком і лесам. Шмат заліваў. Берагі высокія, пясчаныя, участкамі нізкія, на У зліваюцца са схіламі. Дно складанай будовы, глыбакаводныя ўпадзіны (34—40 м) чаргуюцца з мелямі. У залівах дно адносна плоскае, глыб. 10—13 м. 5 астравоў агульнай пл. 5,7 га. Мелкаводдзе пясчанае і пясчана-галечнае, на У пад валунамі. Пяскі і апясчаненыя адклады пашыраны да глыб. 10—12 м, у залівах да 2—5 м. Астатняя ч. ложа сапрапелістая, найб. глыбокія ўчасткі ілістыя. Мінералізацыя вады каля 220 мг/л, празрыстасць 5,3 м. Мезатрофнае. Зарастае, найб. зарастаюць залівы, пераважна падводнай расліннасцю (рдзесты, шышняк, эладэя, харавыя водарасці). Да глыб. 9 м растуць імхі. У іхтыяфауне больш за 20 відаў рыб. У возеры жывуць рэлікты ледавіковага перыяду (лімнакалянус, понтапарэя, бакаплаў Паласа), занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі. Упадаюць некалькі ручаёў, у т. л. з азёр Кракіна, Угарынка, Чарнаву, Сіла, выцякае р. Рычанка. Возера ўваходзіць у гідралагічны заказнік Рычы.

Возера Рычы.

т. 13, с. 529

РЫ́ЧЫ,

гідралагічны заказнік рэсп. значэння ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Створаны ў 1979 для аховы воз. Рычы і прылеглых прыродных комплексаў у межах вадазборнай плошчы. Пл. 1340 га. Рэльеф сярэдняўзгорысты з марэнных суглінкаў і супескаў. Вадазбор часткова забалочаны і ўкрыты невял. ўчасткамі альхова-яловых лясоў, хмызнякамі і лугавой расліннасцю.

т. 13, с. 530

РЫ́ЧЫЯ (Riccia),

род маршанцыевых імхоў. Каля 200 відаў. Пашыраны паўсюдна пераважна ў паўд. шыротах і Паўд. паўшар’і. На Беларусі 7 відаў. Найб. вядомыя Р.: кучкаплодная (R. sorocarpa), плаваючая (R. fluitans), шызая (R. glauca). Трапляюцца на вільготнай, звычайна гліністай, аголенай глебе. Водную форму Р. плаваючай вырошчваюць у акварыумах.

Наземныя, радзей водныя расліны. Слаявіна ў выглядзе разеткі дыяметрам да 2 см з рызоідамі, утворана зверху з асіміляцыйнай, знізу — з асн. тканкі. Палавыя органы (антэрыдыі і архегоніі) паглыбленыя ў слаявіну, размешчаны хаатычна.

Рычыя: 1 — плаваючая; 2 — шызая.

т. 13, с. 530

РЫЧЭРКА́Р (італьян. ricercar ад ricercare расшукваць),

жанр стараж. зах.-еўрап. музыкі поліфанічнага складу, блізкі да фантазіі, папярэднік фугі. Зарадзіўся ў Італіі ў 16 ст. ў лютневай музыцы, пазней пашырыўся ў творах для скрыпкі, віяланчэлі, аргана, клавіра, інстр. ансамбля. Форма Р. складаецца з некалькіх (3—7) раздзелаў, у якіх ужываюцца імітацыі і стылявыя рысы, значныя для фугі. Шматтэмны Р. блізкі да матэта. Сярод буйнейшых прадстаўнікоў Р. 16—18 ст. А.​Габрыэлі, Я.​П.​Свелінк, Дж.​Фрэскабальдзі, І.​Я.​Фробергер, І.​Пахельбель, І.​С.​Бах. У 20 ст. да Р. звярталіся Ф.​Маліп’ера, Б.​Марціну, І.​Стравінскі, Ю.​Буцко.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 13, с. 530