РЫ́ЧЫ, Рыча, Рычу,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., на мяжы з Латвіяй, у бас. р. Дрысвята, за 20 км на ПнЗ ад г. Браслаў. Пл. 12,83 км², даўж. 6,27 км, найб. шыр. 3,73 км, найб. глыб. 51,9 м (другое па глыбіні возера на Беларусі), даўж. берагавой лініі 33,4 км. Пл. вадазбору 123 км². Катлавіна складанага тыпу. Схілы выш. 10—20 м (на У да 30—40 м), параслі хмызняком і лесам. Шмат заліваў. Берагі высокія, пясчаныя, участкамі нізкія, на У зліваюцца са схіламі. Дно складанай будовы, глыбакаводныя ўпадзіны (34—40 м) чаргуюцца з мелямі. У залівах дно адносна плоскае, глыб. 10—13 м. 5 астравоў агульнай пл. 5,7 га. Мелкаводдзе пясчанае і пясчана-галечнае, на У пад валунамі. Пяскі і апясчаненыя адклады пашыраны да глыб. 10—12 м, у залівах да 2—5 м. Астатняя ч. ложа сапрапелістая, найб. глыбокія ўчасткі ілістыя. Мінералізацыя вады каля 220 мг/л, празрыстасць 5,3 м. Мезатрофнае. Зарастае, найб. зарастаюць залівы, пераважна падводнай расліннасцю (рдзесты, шышняк, эладэя, харавыя водарасці). Да глыб. 9 м растуць імхі. У іхтыяфауне больш за 20 відаў рыб. У возеры жывуць рэлікты ледавіковага перыяду (лімнакалянус, понтапарэя, бакаплаў Паласа), занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі. Упадаюць некалькі ручаёў, у т. л. з азёр Кракіна, Угарынка, Чарнаву, Сіла, выцякае р. Рычанка. Возера ўваходзіць у гідралагічны заказнік Рычы.

Возера Рычы.

т. 13, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)