РЫЧЭРКА́Р (італьян. ricercar ад ricercare расшукваць),

жанр стараж. зах.-еўрап. музыкі поліфанічнага складу, блізкі да фантазіі, папярэднік фугі. Зарадзіўся ў Італіі ў 16 ст. ў лютневай музыцы, пазней пашырыўся ў творах для скрыпкі, віяланчэлі, аргана, клавіра, інстр. ансамбля. Форма Р. складаецца з некалькіх (3—7) раздзелаў, у якіх ужываюцца імітацыі і стылявыя рысы, значныя для фугі. Шматтэмны Р. блізкі да матэта. Сярод буйнейшых прадстаўнікоў Р. 16—18 ст. А.​Габрыэлі, Я.​П.​Свелінк, Дж.​Фрэскабальдзі, І.​Я.​Фробергер, І.​Пахельбель, І.​С.​Бах. У 20 ст. да Р. звярталіся Ф.​Маліп’ера, Б.​Марціну, І.​Стравінскі, Ю.​Буцко.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 13, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)