Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

РО́БЕРТ БРУС, Роберт I Брус (Robert Bruce; 11.7.1274—7.6.1329),

кароль Шатландыі [1306—29]. Узначаліў барацьбу шатл. народа за незалежнасць ад Англіі. У 1314 у бітве пры Банакберне разграміў англ. армію, у 1322 адбіў новае ўварванне англічан у Шатландыю і заключыў перамір’е з Англіяй. У 1328 дамогся ад Англіі прызнання незалежнасці Шатландыі.

т. 13, с. 390

РО́БЕРТ ГВІСКА́Р (Robert Guiscard; каля 1015—17.7.1085),

адзін з правадыроў нарманаў, якія ўварваліся ў Італію. Удзельнічаў у войнах з візантыйцамі за тэр. ў Паўд. Італіі, разбіў войскі папы Льва IX пры Чывітатэ (1053). З 1057 граф Апуліі. Папа Мікалай II узаконіў заваяванні Р.Г. і абвясціў яго ў 1059 герцагам Апуліі, Калабрыі і Сіцыліі, а Р.Г. прынёс папу васальную прысягу. Да 1072 валодаў Паўд. Італіяй і Сіцыліяй, залажыў асновы Сіцылійскага каралеўства. Папа Грыгорый VII, імкнучыся прыпыніць далейшыя заваяванні Р.Г., адлучыў яго ў 1074 ад царквы, але ў 1080 зняў адлучэнне і перадаў Р.Г. ў лен усе занятыя ім тэрыторыі. Р.Г. перамог візантыйскія войскі Аляксея I Камніна каля Дырахія (1081). У 1084 прыйшоў на дапамогу папе Грыгорыю VII, якога ў Рыме трымаў у аблозе імп. Генрых IV. Выцесніў войскі імператара з Рыма, зруйнаваў і разрабаваў горад.

т. 13, с. 390

РО́БІНС ((Robbins) Джэром) (11.10.1918, Нью-Йорк, ЗША — 1998),

амерыканскі артыст балета, балетмайстар. Творчую дзейнасць пачаў у 1937 як драм. артыст. З 1940 артыст, з 1944 балетмайстар у трупе «Амерыканскі тэатр балета» (у 1949—63 адначасова нам. маст. кіраўніка). З 1969 у трупе Нью-Йоркскі гарадскі балет (з 1983 яе кіраўнік). Напачатку ставіў жанравыя балеты, у 1970-я г. развіваў творчы прынцып бессюжэтных балетаў Дж.​Баланчына, пазней ствараў сучасныя па духу балеты на аснове класічнай музыкі. Сярод лепшых пастановак: «Век трывог» на муз. Л.​Бернстайна (1950), «Канцэрт» на муз. Ф.​Шапэна (1956), «Вяселейка» на муз. І.​Стравінскага (1965), «Вячэрнія вальсы» на муз. С.​Пракоф’ева (1973), «Чатыры сезоны» на муз. Дж.​Вердзі (1979) і інш. Ставіў мюзіклы (лепшы «Вестсайдская гісторыя» Бернстайна, 1957; экранізаваны ў 1962).

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 13, с. 390

РО́БІНС ((Robbins) Фрэдэрык Чапмэн) (н. 25.8.1916, г. Оберн, штат Алабама, ЗША),

амерыканскі вірусолаг. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Місурыйскі ун-т (1936) і Гарвардскую мед. школу (1940). У 1940—42 і ў 1948—50 супрацоўнік дзіцячай бальніцы ў г. Бостан, у 1952—66 кіраўнік аддзела ў Гал. гар. бальніцы г. Кліўленд, з 1952 праф. мед. школы пры ун-це ў г. Кліўленд, у 1966—80 дэкан; пасля — у Ін-це медыцыны ў г. Бетэсда (да 1985 дырэктар). Навук. працы па праблемах вірусных хвароб, эпідэміялогіі інфекц. гепатыту, сыпнога тыфу, Ку-ліхаманкі. Распрацаваў тэхніку культывавання віруса поліяміэліту ў тканкавых культурах, адзін са стваральнікаў вакцыны супраць поліяміэліту і метадаў вызначэння і вылучэння розных відаў вірусаў. Нобелеўская прэмія 1954 (разам з Дж.​Ф.​Эндэрсам, Т.​Х.​Уэлерам).

А.​Ю.​Маніна.

Ф.Ч.Робінс.

т. 13, с. 390

РО́БІНСАН ((Robinson) Джаан Ваялет) (31.10.1903, г. Камберлі, Вялікабрытанія — 5.8.1983),

англійскі вучоны-эканаміст; прадстаўніца кейнсіянства, адзін з лідэраў кембрыджскай школы. Скончыла Кембрыджскі ун-т, у 1965—71 праф. гэтага ун-та. Распрацавала тэорыю недасканалай канкурэнцыі, паводле якой у сувязі з дыферэнцыяцыяй прадукцыі кожны вытворца павінен валодаць часткай манапольнай улады («Эканамічная тэорыя недасканалай канкурэнцыі», 1933). Зрабіла значны ўклад у тэорыю эканам. росту («Накапленне капіталу», 1956), крытыкавала ролю манаполій як стагнацыйных фактараў эканам. росту, тэорыі неўмяшання дзяржавы ў эканоміку і размеркавання даходу на аснове аналізу гранічнай прадукцыйнасці. Сярод інш навук. прац: «Эканамічная філасофія» (1962), «Нарысы тэорыі эканамічнага росту» (1963), «Эканамічныя ерасі» (1971) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Экономическая теория несовершенной конкуренции. М., 1986.

т. 13, с. 390

РО́БІНСАН ((Robinson) Мэры) (н. 21.5.1944, г. Баліна, Ірландыя),

ірландскі грамадскі і дзярж. дзеяч. Скончыла Трыніты-каледж Дублінскага ун-та і Гарвардскі ун-т (ЗША). Доктар права. У 1969—75 праф. Дублінскага ун-та. Набыла вядомасць як буйны спецыяліст у галіне еўрап. канстытуцыйнага і крымінальнага права, заснавальнік і дырэктар Ірл. цэнтра еўрап. права. Адна з актывістак жаночага руху Ірландыі. Чл. ірл. Сената (1969—89), да 1985 чл. Лейбарысцкай партыі Ірландыі. У 1990—97 прэзідэнт Ірландскай Рэспублікі. З 1997 вярх. камісар ААН па правах чалавека.

т. 13, с. 391

РО́БІНСАН ((Robinson) Роберт) (13.9.1886, каля г. Чэстэрфілд, Вялікабрытанія — 24.2.1975),

англійскі хімік, адзін з заснавальнікаў фіз.-арган. хіміі і хіміі прыродных злучэнняў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1920; у 1945—50 яго прэзідэнт). Замежны чл. АН СССР (1966). Скончыў Манчэстэрскі ун-т (1906). З 1912 праф. розных ун-таў, у 1930—55 Оксфардскага ун-та. З 1955 у фірме «Шэл». Навук. працы па тэарэт. арган. хіміі, сінтэзе і даследаванні алкалоідаў і інш. біялагічна важных прыродных рэчываў (ізапрэноідаў, антацыянаў, гармонаў). Сінтэзаваў атрапін, какаін, берберын, бікукулін і інш. алкалоіды, а таксама андрастэрон (1951). Вызначыў малекулярную структуру марфіну (1925), стрыхніну (1945). Адкрыў рэакцыю атрымання біцыклічных ненасычаных кетонаў з цыклічных кетонаў (1937, рэакцыя Р.—Маніха). Нобелеўская прэмія 1947.

Р.Робінсан.

т. 13, с. 391

РО́БІЯ, Дэла Робія (Della Robbia),

сям’я італьянскіх скульптараў эпохі Адраджэння. Жылі і працавалі ў г. Фларэнцыя (Італія). Упершыню выкарысталі тэхніку каляровай маёлікі ў рэльефе і круглай пластыцы. Лука дэла Р. (1399 або 1400—23.2.1482). Вучыўся ў ювелірнай майстэрні. Зазнаў уплыў Л.​Гіберці. Напачатку працаваў у бронзе і мармуры: рэльефы пеўчай трыбуны ў саборы Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (1431—38) і кампанілы сабора ў Фларэнцыі (1437—39). З 1440-х г. вырабляў маёлікавыя рэльефы для аздаблення будынкаў і алтароў, кампазіцыі з выявай Мадонны. Творы вызначаюцца лірычнай адухоўленасцю, ураўнаважанасцю кампазіцыі, мяккасцю трактоўкі абагульненых форм, чыстатой тонаў. Сярод работ: 13 медальёнаў у капэле Пацы царквы Санта-Крочэ, люнета Палацца дэі Капітані дзі Партэ Гуэльфа, гербы 3 цэхаў на фасадзе Арсанмікеле (каля 1455—65), рэльефы бронз. дзвярэй Новай сакрысціі сабора ў Фларэнцыі (1464—69). Андрэа дэла Р. (1435—1525), пляменнік, прыёмны сын і вучань Лукі; пасля яго смерці ўзначаліў майстэрню. Пашырыў сферу выкарыстання маёлікі і яе тонавыя градацыі. Сярод твораў: медальёны з выявамі спавітых немаўлят на фасадзе Аспедале дэльі Іначэнці (1463—66), група «Сустрэча Марыі з Лізаветай» для царквы Санта-Джавані Фуарчывітас у Пістоі (1491) і інш. Джавані дэла Р. (1469 — пасля 1529), сын і вучань Лукі. Аўтар маёлікавых рэльефаў, якія вызначаюцца багаццем паліхроміі і нагадваюць жывапісныя алтарныя вобразы.

т. 13, с. 391

РО́БСАН ((Robeson) Поль) (9.4.1898, г. Прынстан. штат Нью-Джэрсі, ЗША — 23.1.1976),

амерыканскі спявак (нізкі бас), драм. акцёр, грамадскі дзеяч. Скончыў Калумбійскі ун-т (1923). З 1921 выступаў як драм. акцёр у амер. і англ. т-рах (лепшая роля — Атэла у аднайм. п’есе У.​Шэкспіра; 1930). У 1925 дэбютаваў як спявак. Выканаўца негрыцянскіх і амер. нар., антыфаш. і антываен. песень, песень пратэсту; у рэпертуары былі песні народаў СССР і сав. кампазітараў. Здымаўся ў кіно. Чл. Сусв. Савета Міру (1950). Міжнар. прэмія Міру 1950. Міжнар. Ленінская прэмія 1952.

Тв.:

Рус. пер. — На том я стою. М., 1958;

Говорит П.​Робсон. М., 1981.

Я.​З.​Басін.

т. 13, с. 391

РО́ВА,

рака ў Смалявіцкім і Барысаўскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 29 км. Вадазбор на Пн Цэнтральнабярэзінскай раўніны (пл. 245 км²). Пачынаецца за 5 км на З ад р.п. Зялёны Бор Смалявіцкага р-на, вусце за 2 км на ПдУ ад в. Навасёлкі Барысаўскага р-на. Рэчышча на трох участках каналізаванае.

т. 13, с. 391