Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

«РЕВОЛЮЦИО́ННАЯ СТА́ВКА»,

бальшавіцкая газета, орган Ваенна-рэв. к-та пры Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага. Выдавалася з 26.11.1917 да канца лют. 1918 у Магілёве на рус. мове штодзённа. З 19.12.1917 орган Цэнтр. к-та дзеючых армій і флоту (Цэкадарф). Сваёй мэтай абвяшчала «самае шырокае і падрабязнае асвятленне ўсіх бакоў салдацкага жыцця». Змяшчала дэкрэты і распараджэнні СНК, загады Вярх. галоўнакамандуючага, ВРК пры Стаўцы. Значнае месца адводзіла пытанням вайны і міру, фарміравання новай рабоча-сял. арміі. З інтэрнацыяналіст. пазіцый асвятляла канфлікты Сав. улады з бел. рухам, укр. Радай, польскім корпусам ген. Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага. Друкавала паведамленні з замежнага жыцця, зводкі з франтоў, тэлеграмы тэлегр. агенцтваў, справаздачы аб разнастайных з’ездах. Пэўнае месца адводзіла асвятленню грамадска-паліт. жыцця Магілёва і губерні. Пасля эвакуацыі Стаўкі з Магілёва ў выніку наступлення герм. войск выданне спынена.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 13, с. 387

РЕЙНІ́Р,

(Rainier), дзеючы вулкан у ЗША, найб. высокая вяршыня ў Каскадных гарах. Выш. 4392 м. Каля падножжа вулкана і на ніжняй ч. схілаў — хваёвыя лясы, на выш. 2600—2800 м — альпійскія лугі, вышэй — вечныя снягі і ледавікі (агульная пл. 140 км²). Апошняе вывяржэнне ў 1882.

т. 13, с. 565

РЖАВЕ́ЦКІ ЦАГЕ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д Дзейнічаў у 1894—1905 у в. Ржавец, цяпер у Мінскім р-не. Вырабляў цэглу. У 1895 меў лакамабіль, паравы кацёл і 2 конныя рухавікі. У 1895—98 працавала 55 рабочых.

т. 13, с. 387

РЖА́ЎКА,

рака ў Рагачоўскім і Жлобінскі.м р-нах Гомельскай вобл., левы прыток р. Дняпро. Даўж. 43 км. Пл. вадазбору 396 км². Пачынаецца за 2,5 км на Пн ад в. Рыскоў Рагачоўскага р-на, вусце за 2 км на У ад г. Жлобін. Цячэ па Прыдняпроўскай нізіне. Даліна на вялікім працягу трапецападобная (пераважна шыр. 1—2 км), у нізоўі невыразная, зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Рэчышча на працягу 35 км (ад вытоку да в. Асінаўка Жлобінскага р-на) каналізаванае.

т. 13, с. 387

РЖА́ЎКА, Беліца,

рака ў Чавускім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток р. Будлянка (бас. р. Дняпро). Даўж. 20,4 км. Вадазбор (пл. 108 км²) у межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Пачынаецца за 2,5 км на ПнЗ ад в. Смолка, вусце на паўд.-ўсх. ускраіне в. Сутокі. Рэчышча на працягу 18 км (акрамя невялікіх участкаў у вытоку і каля вусця) каналізаванае.

т. 13, с. 387

РЖА́ЎКА,

вёска ў Верхнякрывінскім с/с Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл., на аўтадарозе Віцебск—Бешанковічы. Цэнтр калгаса. За 8 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы, 43 км ад Віцебска. 311 ж., 126 двароў (2001). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 387

РЖА́ЎКА 1-я,

вёска ў Васькавіцкім с/с Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. Цэнтр калгаса. За 15 км на З ад г. Слаўгарад, 84 км ад Магілёва, 76 км ад чыг. ст. Крычаў. 391 ж., 120 двароў (2001). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 387

РЖЫ́ШЧА-ЛІ́ПКІ,

балота нізіннага тыпу ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл. і Салігорскім р-не Мінскай вобл., пераважна ў вадазборах рэк Лань і Случ; на тэр. біял. заказніка Ленінскі Пл. 10,8 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 8,8 тыс. га. Глыб. торфу да 2,6 м, сярэдняя 0,9 м. Запасы торфу каля 15,2 млн. т. Асушана 5,6 тыс. га, выкарыстоўваецца пад сенажаць. На неасушанай ч. балота хмызнякі.

т. 13, с. 387

РЖЭЎ,

горад, цэнтр раёна ў Цвярской вобл., у Расіі, на р. Волга. Размешчаны на ўскраіне Валдайскага ўзв. Вядомы з 11 ст. 70,4 тыс. ж. (1996). Чыг. вузел. Прам-сць: машынабудаванне, льноперапр., харч.; з-ды: аўтатрактарнага эл. абсталявання, дрэнажных труб, эл.-мех.; камбінаты: мэблевы, нярудны (вытв-сць даламітавай мукі), жакардавага ткацтва; ільночасальная ф-ка. Музеі: краязнаўчы, Вял. Айч. вайны. Арх. помнікі 18 ст.

т. 13, с. 387

РЖЭ́ЦКАЯ (Лідзія Іванаўна) (17.4.1899, Мінск — 24.10.1977),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1944). Нар. арт. СССР (1955). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1916. У 1917—20 працавала ў Першым бел. т-ве драмы і камедыі, з 1921 — у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Для творчасці характэрны глыбіня думкі і прастата выканання, народнасць, мяккі лірызм і гумар, палкая грамадзянскасць. Значнымі дасягненнямі сталі яе ролі ў бел. рэпертуары: Альжбета («Паўлінка» Я.​Купалы), Маці («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Наталля, цёця Каця, Вярбіцкая («Канец дружбы», «Хто смяецца апошнім», «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы), Каспарыха («Салавей» З.​Бядулі), Ганначка («На Купалле» М.​Чарота), Афрасіння («Машэка» Е.​Міровіча), Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка). У класічнай рус. і сусв. драматургіі спалучала традыц. падыход да класікі з сучасным яго разуменнем, уласнай адметнай трактоўкай вобразаў: Мурзавецкая, Кручыніна і Галчыха, Шаблова, Домна Панцялееўна, Кукушкіна, Турусіна («Ваўкі і авечкі», «Без віны вінаватыя», «Позняе каханне», «Таленты і паклоннікі», «Даходнае месца», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Сакалова («Апошнія» М.​Горкага), Фразіна («Скупы» Мальера). Сярод інш. роляў: Марфа Пятроўна («Рускія людзі» К.​Сіманава), Марфа Касьянаўна («У мяцеліцу» Л.​Лявонава), Заіра («Мяцеж» Дз.​Фурманава і С.​Паліванава) і інш. Выступала на радыё, здымалася ў кіно («Хто смяецца апошнім», «Гадзіннік спыніўся апоўначы»), Дзярж. прэмія СССР 1951.

Літ.:

Бутакоў А. Актрыса яскравага таленту // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;

Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі. 2 выд. Мн., 2000. Т. 3. С. 240—252.

В.​А.​Ракіцкі.

Л.І.Ржэцкая.
Л.Ржэцкая ў ролі Альжбеты.

т. 13, с. 388