РЖЭ́ЦКАЯ (Лідзія Іванаўна) (17.4.1899, Мінск — 24.10.1977),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1944). Нар.арт.СССР (1955). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1916. У 1917—20 працавала ў Першым бел. т-ве драмы і камедыі, з 1921 — у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Для творчасці характэрны глыбіня думкі і прастата выканання, народнасць, мяккі лірызм і гумар, палкая грамадзянскасць. Значнымі дасягненнямі сталі яе ролі ў бел. рэпертуары: Альжбета («Паўлінка» Я.Купалы), Маці («Бацькаўшчына» К.Чорнага), Наталля, цёця Каця, Вярбіцкая («Канец дружбы», «Хто смяецца апошнім», «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Каспарыха («Салавей» З.Бядулі), Ганначка («На Купалле» М.Чарота), Афрасіння («Машэка» Е.Міровіча), Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка). У класічнай рус. і сусв. драматургіі спалучала традыц. падыход да класікі з сучасным яго разуменнем, уласнай адметнай трактоўкай вобразаў: Мурзавецкая, Кручыніна і Галчыха, Шаблова, Домна Панцялееўна, Кукушкіна, Турусіна («Ваўкі і авечкі», «Без віны вінаватыя», «Позняе каханне», «Таленты і паклоннікі», «Даходнае месца», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Сакалова («Апошнія» М.Горкага), Фразіна («Скупы» Мальера). Сярод інш. роляў: Марфа Пятроўна («Рускія людзі» К.Сіманава), Марфа Касьянаўна («У мяцеліцу» Л.Лявонава), Заіра («Мяцеж» Дз.Фурманава і С.Паліванава) і інш. Выступала на радыё, здымалася ў кіно («Хто смяецца апошнім», «Гадзіннік спыніўся апоўначы»), Дзярж. прэмія СССР 1951.
Літ.:
Бутакоў А. Актрыса яскравага таленту // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;
Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі. 2 выд.Мн., 2000. Т. 3. С. 240—252.