Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

РАСЛІ́ННАСЦЬ,

сукупнасць расл. згуртаванняў (фітацэнозаў) Зямлі або асобных яе рэгіёнаў. Характарызуецца колькасцю і спалучэннем відаў, наяўнасцю розных жыццёвых форм раслін, іх прасторавай структурай і дынамікай. Пакрывае амаль усю паверхню мацерыкоў (акрамя ледзяных пустынь унутр. тэр. Антарктыды, Грэнландыі, самых высокіх раёнаў горных масіваў і сухіх пустынь), знаходзіцца ў акіянах і інш. вадаёмах. Утварае важны кампанент біясферы (фітасферу), звязана з асаблівасцямі клімату, воднага рэжыму, глебы, рэльефу, а таксама з жывёльным светам, разам з якім фарміруе розныя біягеацэнозы. Адыгрывае найважн. ролю ў першасным сінтэзе арган. рэчыва і кругавароце рэчываў. Размеркаванне Р. мае пераважна занальны характар і звязана з кліматычнымі паясамі (асабліва на раўнінах, а ў гарах выяўляецца верт. пояснасцю). У розных класіфікацыях адрозніваюць Р. водную, мезафітную, ксерафітную, галафітную, або драўнінную, травяністую, кустовую, хмызняковую. Асн. класіфікацыйныя адзінкі — асацыяцыя, фармацыя, тып. Некалькі дзесяткаў тыпаў Р. сушы характарызуюць самыя буйныя біёмы: тундру, лясны (тайга, трапічныя лясы і інш.), саванну, стэп, пустыню і інш. На Беларусі прыроднае расліннае покрыва займае 67,2% тэр., якая адносіцца да 2 буйных батаніка-геагр. абласцей — Еўрапейскай таежнай хвойна-лясной (барэальнай) і Еўрапейскай шыракаліста-лясной (немаральнай). Пашырана Р. лясная (35,6%), лугавая (17,1%), балотная (12,2%) і хмызняковая (2,3%). Асобны тып утварае водная Р. — макрафіты. Паводле прыродна-кліматычных умоў вылучаюць 3 геабат. падзоны: дубова-цемнахвойныя лясы (Паўночная), грабава-дубова-цемнахвойныя лясы (Цэнтральная) і шыракаліста-хваёвыя лясы (Паўднёвая). На Р. адмоўна ўплываюць гасп. дзейнасць чалавека, тэхнагеннае забруджванне прыродных экасістэм, змены экалагічных умоў, таму яна патрабуе рацыянальнага выкарыстання, пастаяннай аховы і аднаўлення. Вывучае Р. геабатаніка, фітацэналогія і экалогія. Гл. таксама Геабатанічнае раянаванне і іл. да яго, Расліны, Флора.

Дз.​С.​Голад.

т. 13, с. 356

РАСЛІ́ННЫЯ КАРМЫ́,

прадукты расліннага паходжання, якія выкарыстоўваюць для кармлення с.-г. жывёл. Паводле паходжання і спосабу прыгатавання падзяляюцца на: зялёныя (сеяныя зялёныя культуры, кармавыя травы натуральных угоддзяў, бацвінне); зялёныя кансерваваныя (сілас, сянаж); сушаныя травяністыя (сена, сенная мука, травяныя гранулы і брыкеты); коранеклубняплоды, сакаўныя плады (бурак, бручка, морква, бульба, кавун, кабачок) і прадукты іх перапрацоўкі (жамерыны, мелес, брага, мязга); зерне (суцэльнае, драблёнае, плюшчанае) і прадукты яго перапрацоўкі (вотруб’е, піўная шраіна, шрот, макуха); адходы паляводства (салома, мякіна, стрыжні кукурузных пачаткаў, кошыкі сланечніку); драўняныя (галіны, лісце, кармавая цэлюлоза) і інш. Адрозніваюцца высокай колькасцю цукру (у цукр. бураках да 20%), крухмалу (у пладах, клубнях да 70%), цэлюлозы (у сене да 30%, саломе да 70%), пратэіну (у зернебабовых да 30%, у макусе да 40%), вітамінаў А і групы В; менш тлушчаў (у зерні да 6%, зялёнай масе да 1%, найб. у насенні алейных культур — да 40%).

т. 13, с. 356

РАСЛІ́ННЫЯ РЭСУ́РСЫ,

кампаненты жывой прыроды расл. паходжання, якія з’яўляюцца крыніцамі сродкаў існавання чалавецтва. Выконваюць сыравінную, асяроддзеахоўную і сац. функцыі. Да Р.р. адносяць лясную, лугавую, балотную і інш. расліннасці. На Беларусі (2000) лясная расліннасць займае 9,2 млн. га (44% тэр.), з іх 67,6% хвойных лясоў (58,2% хваёвых, 9,4% яловых), 4,5% шыракалістых лясоў (4% дубовых, 0,5% грабавых), 27,9% драбналістых лясоў (16,2% бярозавых, 9,4% альховых, 2,3% асінавых). Агульны запас драўніны — 1,1 млрд. м³, гадавы сярэдні прырост — 25 млн. м³. На аднаго чалавека прыпадае 0,74 га спелых лясоў і 110 м³ растучага лесу. Лутавая расліннасць пашырана на 17,2% тэр., падзяляецца на поймавую (6% пл. лугоў; найб. прадукц.), сухадольную (80%; найменш прадукц.), нізінную (14%). Каля 36% нізінных лугоў выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, даюць да 50% кармоў. Агульны запас зялёнай масы 48 млн. т, сена 8 млн. т. Балотная расліннасць займае 12,4% тэр., з іх 80% расліннасць нізінных балот, 14% вярховых, 6% пераходных.

В.​І.​Шабанава.

т. 13, с. 356

РАСЛІ́НЫ (Plantae, або Vegetabilia),

аўтатрофныя арганізмы (аўтатрофы), якія валодаюць здольнасцю да фотасінтэзу, маюць шчыльныя клетачныя абалонкі з цэлюлозы, запасное рэчыва, звычайна крухмал; царства жывых арганізмаў. Царства Р. уключае 3 падцарствы: багранкі, ці чырвоныя водарасці, сапраўдныя водарасці і зародкавыя, або вышэйшыя Р. (каля 350 тыс. відаў). Большасць Р. характарызуецца чляненнем цела, што прыводзіць да павелічэння паверхні. Неабходнасць гэтага абумоўлена спосабам жыўлення — паглынанне з навакольнага асяроддзя газападобнага (фотасінтэз) і вадкага (вада і раствораныя ў ёй мінер. солі) кампанентаў. Для вышэйшых Р. таксама характэрна наяўнасць вял. колькасці спецыялізаваных структур (гл. Вегетатыўныя органы, Тканка і інш.). Многія важныя асаблівасці будовы Р. вызначаюцца характарам іх росту, размнажэння, спосабам рассялення. Паходжанне Р. звязана з першымі этапамі станаўлення жыцця на Зямлі, а вянец іх эвалюцыі — кветкавыя (пакрытанасенныя), якія ўзніклі ў раннюю мелавую эпоху і цяпер займаюць дамінуючае становішча ў флоры планеты. На Беларусі 1638 відаў сасудзістых Р., 430 мохападобных, каля 7 тыс. грыбоў, 2232 водарасцей, 477 лішайнікаў. Інтрадукавана 1,5 тыс. відаў і форм драўнінных, кустовых і больш за 5 тыс. травяністых Р. (гл. таксама Расліннасць). Без Р. немагчыма існаванне жывёл і чалавека. Зялёныя Р., якія маюць у сабе хларафіл, здольныя акумуляваць энергію Сонца, утвараюць арган. рэчывы з неарган., падтрымліваюць пастаянны састаў атмасферы (паглынаюць вуглякіслы газ і выдзяляюць кісларод). Як першасныя прадуцэнты арган. рэчываў Р. — вызначальнае звяно ў складаных ланцугах жыўлення ўсіх гетэратрофных арганізмаў (гетэратрофаў) Зямлі. Утвараюць розныя расл. згуртаванні (фітацэнозы), абумоўліваюць ландшафтную разнастайнасць планеты і неабмежаваную разнастайнасць экалагічных умоў для інш. арганізмаў. Пры непасрэдным удзеле Р. утвараюцца глеба, торф, з выкапнёвых Р. — буры і каменны вугаль. Для чалавека найб. значэнне маюць насенныя, пераважна кветкавыя Р., якія даюць ежу, вопратку, паліва, буд. матэрыялы і інш. Інтэнсіўная і не заўсёды рацыянальная дзейнасць чалавека прывяла да знішчэння натуральнай расліннасці на вял. плошчах, многія віды паставіла пад пагрозу знікнення. Таму спец. заканадаўчымі актамі, прынятымі ў большасці краін, у т. л. на Беларусі, свет Р. знаходзіцца пад аховай (гл. Ахова прыроды, Ахова раслін). Вывучае Р. батаніка.

А.​А.​Малажаўскі, А.​У.​Суднік.

т. 13, с. 356

РАСЛІ́НЫ-ПАРАЗІ́ТЫ, паразітныя расліны,

расліны, якія поўнасцю жывяцца пажыўнымі рэчывамі жывых арганізмаў. Грыбы, водарасці і бактэрыі паразітуюць на раслінах, жывёлах і чалавеку, часта з’яўляюцца ўзбуджальнікамі інфекц. хвароб. Кветкавыя Р.-п. паразітуюць пераважна на вышэйшых раслінах. Не маюць зялёнага лісця і каранёў (рэдукаваны ў вырасты-прысоскі). З дапамогай прысоскаў яны пранікаюць у расліну-гаспадара і жывяцца гатовымі арган. рэчывамі. На Беларусі вядомы віды з родаў заразіха, павітуха, таемнік. Гл. таксама Паразітызм.

І.​В.​Чыкілеўская.

т. 13, с. 356

РАСЛІ́НЫ-ПАЎПАРАЗІ́ТЫ, паўпаразітныя расліны,

расліны, якія часткова жывяцца пажыўнымі рэчывамі жывых арганізмаў, часткова здольныя да самастойнага (аўтатрофнага) жыўлення. Маюць у лісці хларафіл (магчымасць фотатрофнага жыўлення), нармальную будову ўсіх наземных органаў, недаразвітыя карані (іх канцы ператварыліся ў прысоскі). На Беларусі вядомы віды з родаў амяла, братаўка, увярэднік, цялюшнік. Гл. таксама Паразітызм.

І.​В.​Чыкілеўская.

т. 13, с. 357

РАСЛЯКО́Ў (Васіль Пятровіч) (17.3.1921, г. Будзёнаўск Стаўрапольскага краю, Расія — 6.12.1991),

рускі пісьменнік. Канд. філал. н. Скончыў Маскоўскі ун-т (1950). Друкаваўся з 1950. Трылогія «Апошняя вайна» («Адзін з нас», 1962; «Апошняя вайна», кн. 1—2, 1972—73; «Раніца», 1985) пра пакаленне моладзі Вял. Айч. вайны. Аповесць «Звычайная гісторыя» (1962), раман «Віцечка» (1981) пра сучасную моладзь. Аўтар раманаў «Ад вясны да вясны» (1966), «З чырвонага радка» (1979), апавяданняў, кн. нарысаў «Пра жыццё на зямлі» (1979) і інш.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1983;

Утро: Роман, рассказы. М., 1985;

Последняя война: Трилогия. М., 1987.

т. 13, с. 357

РА́СМУСЕН ((Rasmussen) Поўль Нюруп) (н. 15.6.1943, г. Эсб’ерг, Данія),

дацкі паліт. і дзярж. дзеяч. Вывучаў грамадска-паліт. і эканам. навукі. Працаваў эканамістам у сістэме дацкіх прафсаюзаў. З 1988 дэп. фолькетынга, з 1990 старшыня яго эканам. к-та. З 1987 нам. старшыні, з 1992 старшыня С.-д. партыі. Са студз. 1993 прэм’ер-міністр Даніі (перавыбраны ў вер. 1994 і ў сак. 1998). Садзейнічаў уступленню Даніі ў Еўрап. саюз.

т. 13, с. 357

РА́СНА,

возера на мяжы Полацкага і Ушацкага р-наў Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 12 км на Пн ад г.п. Ушачы. Пл. 0,4 км², даўж. 880 м, найб. шыр. 660 м, найб. глыб. 2,1 м, даўж. берагавой лініі 2,4 км. Пл. вадазбору 5,7 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 3—5 м (на У і ПдУ 6—9 м), пад хмызняком, на У разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя, на З і Пн сплавінныя. Пойма шыр. 10—250 м. Дно на мелкаводдзі пясчанае, глыбей сапрапелістае. Зарастае. Жывуць бабры. Упадае ручай з воз. Астроўна, выцякае ручай у воз. Салонец.

т. 13, с. 357

РА́СНА,

вёска ў Дрыбінскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Вербаўка, на скрыжаванні аўтадарог Магілёў—Мсціслаў і Дрыбін—Доўгавічы. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 14 км на ПдУ ад г.п. Дрыбін, 65 км ад Магілёва. 10 км ад чыг. ст. Цёмны Лес. 1008 ж., 326 двароў (2001). Хлебапякарня. Сярэдняя і дапаможная школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: касцёл (1819), сядзіба (19 ст.).

Вядома з 14 ст. як горад. У 1430 уладанне кн. Свідрыгайлы, у 1499 — мсціслаўскага кн. М.​Жаслаўскага. У пач. 16 ст. пав. горад Мсціслаўскага княства. У 1753—73 існавала езуіцкая місія. З 1772 у Рас. імперыі, належала А.​М.​Пацею, М.​Ф.​Еліяшэвічу, Спыткову. У 1784 мяст. Чавускага пав. Магілёўскай губ., 218 ж., 65 двароў, школа, царква, касцёл (згарэў у 1804). У 1861 цэнтр воласці, 638 ж., 93 двары. У 1897 у Р. 931 ж., 137 двароў, 2 конныя крупадзёркі, вадзяны млын з сукнавальняй, паштова-тэлегр. аддз., царк.-прыходская школа, царква, касцёл, сінагога, 3 яўр. малітоўныя дамы, багадзельня, 39 крам, 2 карчмы; у 1909—1336 ж., 320 дамоў. З 1919 у Гомельскай, з 1922 у Смаленскай губ. РСФСР. З 1924 у БССР, цэнтр сельсавета і Расненскага раёна, з 1931 у Мсціслаўскім, з 1935 і з 1989 у Дрыбінскім, у 1959—89 у Горацкім р-нах. У 1940—986 ж., 216 двароў. У Вял. Айч. вайну ў Р. створаны лагер смерці, дзе ням. фашысты загубілі 800 чал., у 1943 спалілі 109 дамоў, забілі 410 ж. У 1990 пабудаваны пасёлак для перасяленцаў з тэрыторый, забруджаных у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

В.​М.​Князева.

т. 13, с. 357