РА́СНА,
вёска ў Дрыбінскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Вербаўка, на скрыжаванні аўтадарог Магілёў—Мсціслаў і Дрыбін—Доўгавічы. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 14 км на ПдУ ад г.п. Дрыбін, 65 км ад Магілёва. 10 км ад чыг. ст. Цёмны Лес. 1008 ж., 326 двароў (2001). Хлебапякарня. Сярэдняя і дапаможная школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: касцёл (1819), сядзіба (19 ст.).
Вядома з 14 ст. як горад. У 1430 уладанне кн. Свідрыгайлы, у 1499 — мсціслаўскага кн. М.Жаслаўскага. У пач. 16 ст. пав. горад Мсціслаўскага княства. У 1753—73 існавала езуіцкая місія. З 1772 у Рас. імперыі, належала А.М.Пацею, М.Ф.Еліяшэвічу, Спыткову. У 1784 мяст. Чавускага пав. Магілёўскай губ., 218 ж., 65 двароў, школа, царква, касцёл (згарэў у 1804). У 1861 цэнтр воласці, 638 ж., 93 двары. У 1897 у Р. 931 ж., 137 двароў, 2 конныя крупадзёркі, вадзяны млын з сукнавальняй, паштова-тэлегр. аддз., царк.-прыходская школа, царква, касцёл, сінагога, 3 яўр. малітоўныя дамы, багадзельня, 39 крам, 2 карчмы; у 1909—1336 ж., 320 дамоў. З 1919 у Гомельскай, з 1922 у Смаленскай губ. РСФСР. З 1924 у БССР, цэнтр сельсавета і Расненскага раёна, з 1931 у Мсціслаўскім, з 1935 і з 1989 у Дрыбінскім, у 1959—89 у Горацкім р-нах. У 1940—986 ж., 216 двароў. У Вял. Айч. вайну ў Р. створаны лагер смерці, дзе ням. фашысты загубілі 800 чал., у 1943 спалілі 109 дамоў, забілі 410 ж. У 1990 пабудаваны пасёлак для перасяленцаў з тэрыторый, забруджаных у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
В.М.Князева.
т. 13, с. 357