РАСЛІ́ННАСЦЬ,
сукупнасць расл. згуртаванняў (фітацэнозаў) Зямлі або асобных яе рэгіёнаў. Характарызуецца колькасцю і спалучэннем відаў, наяўнасцю розных жыццёвых форм раслін, іх прасторавай структурай і дынамікай. Пакрывае амаль усю паверхню мацерыкоў (акрамя ледзяных пустынь унутр. тэр. Антарктыды, Грэнландыі, самых высокіх раёнаў горных масіваў і сухіх пустынь), знаходзіцца ў акіянах і інш. вадаёмах. Утварае важны кампанент біясферы (фітасферу), звязана з асаблівасцямі клімату, воднага рэжыму, глебы, рэльефу, а таксама з жывёльным светам, разам з якім фарміруе розныя біягеацэнозы. Адыгрывае найважн. ролю ў першасным сінтэзе арган. рэчыва і кругавароце рэчываў. Размеркаванне Р. мае пераважна занальны характар і звязана з кліматычнымі паясамі (асабліва на раўнінах, а ў гарах выяўляецца верт. пояснасцю). У розных класіфікацыях адрозніваюць Р. водную, мезафітную, ксерафітную, галафітную, або драўнінную, травяністую, кустовую, хмызняковую. Асн. класіфікацыйныя адзінкі — асацыяцыя, фармацыя, тып. Некалькі дзесяткаў тыпаў Р. сушы характарызуюць самыя буйныя біёмы: тундру, лясны (тайга, трапічныя лясы і інш.), саванну, стэп, пустыню і інш. На Беларусі прыроднае расліннае покрыва займае 67,2% тэр., якая адносіцца да 2 буйных батаніка-геагр. абласцей — Еўрапейскай таежнай хвойна-лясной (барэальнай) і Еўрапейскай шыракаліста-лясной (немаральнай). Пашырана Р. лясная (35,6%), лугавая (17,1%), балотная (12,2%) і хмызняковая (2,3%). Асобны тып утварае водная Р. — макрафіты. Паводле прыродна-кліматычных умоў вылучаюць 3 геабат. падзоны: дубова-цемнахвойныя лясы (Паўночная), грабава-дубова-цемнахвойныя лясы (Цэнтральная) і шыракаліста-хваёвыя лясы (Паўднёвая). На Р. адмоўна ўплываюць гасп. дзейнасць чалавека, тэхнагеннае забруджванне прыродных экасістэм, змены экалагічных умоў, таму яна патрабуе рацыянальнага выкарыстання, пастаяннай аховы і аднаўлення. Вывучае Р. геабатаніка, фітацэналогія і экалогія. Гл. таксама Геабатанічнае раянаванне і іл. да яго, Расліны, Флора.
Дз.С.Голад.
т. 13, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)