Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

РАЗДО́ЛЬСКІ (Павел Аляксандравіч) (1815, Курская вобл., Расія —5.3.1881),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Праф. (1860). Скончыў Маскоўскае аддз. Медыка-хірург. акадэміі (1841). З 1841 настаўнік Горы-Горацкай земляробчай школы, у 1848—64 у Горы-Горацкім земляробчым ін-це (заг. кафедры), адначасова ў 1853—64 заг. вет. клінікі (першая на Беларусі) і ў 1849—64 коннага завода пры гэтым ін-це. Апісаў больш за 40 хвароб с.-г. жывёл. Пасля паўстання 1863—64 звольнены з ін-та.

Тв.:

Очерк истории ветеринарной медицины // Зап. Горыгорецкого земледельческого ин-та. 1854. Кн. 3.

т. 13, с. 257

РАЗДРАЖНЯ́ЛЬНАСЦЬ,

здольнасць жывых клетак, тканак або цэлага арганізма рэагаваць на вонкавыя і ўнутраныя ўздзеянні — раздражняльнікі; аснова прыстасаванасці да змен навакольнага асяроддзя. Праяўляецца на ўсіх узроўнях жыццядзейнасці ва ўсіх біял. сістэмах. Суправаджаецца комплексам неспецыфічных змен — зрухам абмену рэчываў, эл. патэнцыялу, стану пратаплазмы, а ў высокаарганізаваных жывёл звязана з выкананнем спецыфічных функцый (правядзенне нерв. імпульсу, скарачэнне мышцы, выдзяленне сакрэту залозістай тканкай і інш.). У жывёл, якія не маюць нерв. сістэмы, рэакцыя на раздражненне ахоплівае ўсю пратаплазму і выяўляецца пераважна ў выглядзе рухальных рэакцый (таксісаў). У мнагаклетачных жывёл нерв. і мышачная тканкі забяспечваюць хуткія і дакладныя рэакцыі ў адказ на раздражненне. Таксама развіваюцца формы апасродкаванай рэактыўнай сувязі з раздражняльнікам (рэфлекторна) праз вышэйшую нерв. дзейнасць і свядомасць. Здольнасць нерв. і мышачных клетак адказваць на раздражненне наз. ўзбудлівасцю. Часам мясц. рэакцыі тканак або клетак наз. рэактыўнасцю, а ўзнікненне працэсу, які хвалепадобна распаўсюджваецца — узбудлівасцю. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца і як сінонім узбудлівасці. У раслін Р. абумоўлена структурнымі і функцыян. зменамі клетачных мембран і з’яўляецца асновай іх рэгулятарнай сістэмы. Праяўляецца рэакцыяй на святло (фотатрапізм, фотаперыядызм), гравітацыйнае поле (геатрапізм), у рухальных рэакцыях (настыі) і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 257

РАЗДЫМНА́Е ЗЛУЧЭ́ННЕ,

спалучэнне дэталей ў вузлах механізмаў, машын, прылад, апаратаў, збудаванняў, што дапускае разборку і зборку вузлоў без разбурэння дэталей. Асн. віды Р.з.: вінтавыя, балтавыя, зубчастыя, шпоначныя, клемавыя. Да Р.з. таксама адносяць некат. прэсавыя і клеявыя злучэнні, якія дапускаюць разборку без дэталей, напр., пры нагрэве.

т. 13, с. 257

РАЗ’Е́ЗД.

1) падраздзяленне (аддзяленне, узвод) у кавалерыі і артылерыі, якое прызначалася для аховы войск, разведкі праціўніка і мясцовасці, падтрымання сувязі паміж падраздзяленнямі і часцямі на маршы. Выкарыстоўваліся да 2-й сусв. вайны 1939—45.

2) Раздваенне аднакалейнага чыг. пуці, якое дазваляе размінуцца сустрэчным цягнікам; станцыя на такім месцы.

т. 13, с. 257

РАЗЕНМА́Н (Барыс Міхайлавіч) (5.2.1928, Мінск — 1998),

бел. вучоны ў галіне інфекц. хвароб. Д-р мед. н. (1969), праф. (1976). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1950). У 1956—92 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па патагенет. механізмах, клінічных праявах і спосабах функцыян. дыягностыкі пашкоджанняў сардэчна-сасудзістай сістэмы ў хворых пры дыфтэрыйнай і шкарлятынавай інтаксікацыі, пытаннях біяхім. фармакалогіі.

Тв.:

Некоторые актуальные вопросы патогенеза дифтерии // Некоторые вопросы патологии детского возраста. Мн., 1967;

Роль серотонина в патогенезе дифтерийной токсико- инфекции (к проблеме механизмов дифтерийного бактерионосительства) // Здравоохранение Белоруссии. 1978. №6.

т. 13, с. 257

РАЗЕНТА́ЛЬ (Саламон Конрадавіч) (10.8.1890, г. Вільня — 18.11.1955),

бел. і расійскі вучоны ў галіне дэрматавенералогіі. Д-р мед. н. (1937), праф. (1940). Скончыў Гейдэльбергскі ун-т (1913). У 1921—31 у клініцы Мінскага мед. ін-та, адначасова ў 1927—31 гал. ўрач 3-й клінічнай бальніцы Мінска. З 1931 у Ленінградзе. Навук. працы па фізіялогіі скуры, пашкоджаннях яе пры хваробах крывятворных органаў (у прыватнасці міэлоіднай лейкеміі), укараненні ў практычную дэрматалогію рэнтгеналагічнага, люмінесцэнтнага, гісталагічнага метадаў. Чэмпіён Беларусі па шахматах (1924).

т. 13, с. 257

РАЗЕНФЕ́ЛЬД (Аляксандр Аляксандравіч) (25.10.1872, Мінск — ?),

бел. фалькларыст і этнограф. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Працаваў у гімназіях Рэвеля (цяпер Талін), Пецярбурга. З 1898 у Пецярбургскім ун-це (з 1910 прыват-дацэнт), у 1912—14 кіраўнік Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў ун-та. У 1904 апубл. «Беларускія народныя песні», дзе матэрыял не мае строга навук. класіфікацыі і згрупаваны паводле месца запісу (у ваколіцы Радашковіч, у Семкавым Гарадку, Рубяжэвічах, Астрашыцкім Гарадку Мінскага пав., невял. колькасць песень з Барысаўскага і Рэчыцкага пав.). У асобныя групы вылучаны вясельныя, купальскія і пятроўскія песні. Зборнік цікавы ўзорамі каляндарна-абрадавай (асабліва жніўнымі, купальска-пятроўскімі і восеньскімі песнямі), вясельнай паэзіі, пазаабрадавай лірыкі, баладамі. Дакладна перададзены дыялектна-моўныя асаблівасці песень. Аўтар фальклорна-этнагр. эцюда «З жыцця беларуса», прысвечанага зажынкавым і дажынкавым абрадам, песням (рукапіс ў архіве Геагр. т-ва ў С.-Пецярбургу).

А.​С.​Ліс.

т. 13, с. 257

РАЗЕ́ТКА (ад франц. rosette літар. ружачка) у архітэктуры і мастацтве, арнаментальны матыў у выглядзе стылізаванай распушчанай кветкі (часцей ружы). Вядомы са старажытнасці ў арх. дэкоры і ў дэкар.-прыкладным мастацтве.

Найб. пашыраны матывы Р. ў нар. жыллі Беларусі, асабліва на Палессі, дзе яны блізкія паводле формы салярным знакам. Выявы Р. ці іх палавін робяць на франтонах. Колькасць іх на франтоне ад 1 да 3, што адпавядае міфалагічным пазіцыям сонца (раніца, поўдзень, вечар). Некат. Р. маюць выгляд кола. Стылізаваныя Р. пашыраны і ў аздабленні верхніх ч. ліштваў. Р. ўпрыгожваюць філёнгі дзвярэй, іканастасы, алтары, іх змяшчаюць на метопах, кесонах столі і інш. Вядомы таксама ў арнаментальных расл. кампазіцыях, дэкар. размалёўцы на дрэве, палатне, шкле. Разнастайнымі па малюнку Р. аздаблялі прасніцы, каўшы і інш. прадметы нар. побыту.

С.​А.​Сергачоў.

Разеткі ў афармленні столі палаца ў г. Высокае Камянецкага раёна Брэсцкай вобл.

т. 13, с. 257

РАЗЕ́ТКАВЫЯ РАСЛІ́НЫ,

бессцябловыя расліны. Характарызуюцца моцна ўкарочанымі міжвузеллямі, добра развітым, сабраным каля асновы сцябла лісцем, што ўтварае т.зв. разетку (адсюль назва), і адсутнасцю лісця на кветаносных парастках (напр., трыпутнік).

т. 13, с. 258

РАЗЕ́Ц (лац. Caelum),

невялікае сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Мае зоркі, яркасць якіх меншая 5-й візуальнай зорнай велічыні. З тэр. Беларусі не відаць. Гл. Зорнае неба.

т. 13, с. 258