электрычная прылада для выдалення пылу. Прынцып дзеяння засн. на ўсмоктванні вентылятарам пылу з паветрам. Выкарыстоўваецца таксама для пабелкі, афарбоўкі драўляных і метал. паверхняў, увільгатнення паветра, апырсквання раслін і інш.
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. 14 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 2 віды П.: даўгалісты (C. longifolia) і чырвоны (C. rubra), занесеныя ў Чырв. кнігу. Трапляюцца ў лясах, хмызняках.
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны. Сцябло прамастойнае. Лісце падоўжанае, завостранае. Суквецце — рыхлы колас. Кветкі званочкавыя з дробнымі прыкветкамі. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.
сямейства жукоў падатр. разнаедных. Больш за 1300 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Дарослыя жывуць пад карой дрэў, лічынкі — у гнілой драўніне, глебе, лясным подсціле. На Беларусі 8 відаў. Найб. трапляюцца П.: бярозавы (Omophlus betulae), цёмны (Prionychus ater), шэры (Isomira murina).
Даўж. да 25 мм. Цела авальнае, чорнае, бурае або жоўтае. Вусікі ніткападобныя. Галава ўцягнута ў пярэднягрудзі. Лапкі ног з грабеньчатымі кіпцюркамі. Лічынкі жоўта-бурыя, тонкія, цыліндрычныя, з вял. галавой, развітымі нагамі; падобныя да драцянікаў (адрозніваюцца больш доўгімі пярэднімі нагамі), таму іх наз.ілжэдрацянікамі. Дарослыя кормяцца пылком кветак (адсюль назва), часам лісцем, лічынкі — расліннымі рэшткамі, каранямі травяністых раслін.
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 120 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, гарах Паўд. Афрыкі і ў тропіках Паўд. Амерыкі. На Беларусі 5 відаў. Найб. вядомыя П.: ворлікалісты (Th. aquilegifolium), жоўты (Th. flavum), светлы (Th. lucidum). Трапляюцца сярод хмызнякоў, па берагах рэк, на вільготных лугах.
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны выш. 40—120 см. Лісце чаргаванае, перыстарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, жоўтыя, ліловыя, сабраныя ў мяцёлчатыя. гронкападобныя або шчыткападобныя суквецці. Плод — шматарэшак. Усе віды П. ядавітыя. Лек., інсектыцыдныя, фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.
ПЫ́ПІН (Аляксандр Мікалаевіч) (6.4.1833, г. Саратаў, Расія —9.12.1904),
рускі літаратуразнавец, этнограф, фалькларыст; прадстаўнік культурна-гістарычнай школы. Акад. (1898, з 1891 чл.кар.) Пецярбургскай АМ. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1853). Друкаваўся з 1852. Супрацоўнічаў у час. «Отечественные записки», «Современник», «Вестник Европы». У маладосці быў пад ідэйным уплывам М.Г.Чарнышэўскага (свайго стрыечнага брата), потым прыхільнік памяркоўна-ліберальных, асветніцкіх поглядаў. Сярод яго прац: «Гісторыя славянскіх літаратур» (з У.Д.Спасовічам, 2-е выд., т. 1—2, 1879—81), «Гісторыя рускай літаратуры» (4-е выд., т. 1—4, 1911—13). У «Гісторыі рускай этнаграфіі» (т. 1—4, 1890—92) у 7 раздзелах 4-га т. ўпершыню ахарактарызаваў і абагульніў найважнейшыя працы па бел. этнаграфіі і фальклоры. Агляд гісторыі бел. этнаграфіі зрабіў у цеснай сувязі з гіст. і культ. развіццём Беларусі; этнагр. навуку і л-ру разглядаў як форму выражэння самасвядомасці народа, сцвярджаў нац. самабытнасць бел. народа, аналізаваў дзейнасць даследчыкаў бел.нар. творчасці, этнографаў П.В.Баброўскага, І.І.Насовіча, Ю.Ф.Крачкоўскага, Е.Р.Раманава, П.В.Шэйна і інш. Працы П. вызначаюцца глыбінёй даследавання праблем, перакананасцю думкі, багаццем фактычнага, у многіх выпадках арыгінальнага матэрыялу.
Літ.:
Сакулин П.Н. А.Н.Пыпин: Его науч. заслуги и обществ. взгляды. М., 1905;
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст.Мн., 1964.
рака ў Гродзенскім р-не, правы прыток р. Котра (бас.р. Нёман). Даўж. 44 км. Пл. вадазбору 622 км². Пачынаецца з воз. Малочнае, цячэ праз азёры Белае і Рыбніца. Ад вытоку да воз. Белае называецца Хамутоўка. Асн. прыток — р. Бярвенка. Даліна ў сярэднім цячэнні невыразная, у верхнім і ніжнім трапецападобная (шыр. 200—300 м). Рэчышча ў верхнім цячэнні звілістае, шыр. 3—4 м, месцамі да 10 м, на ўчастку ніжэй воз. Рыбніца да в. Пыра (3,2 км) каналізаванае.
ПЫ́Р’ЕЎ (Іван Аляксандравіч) (17.11.1901, г. Камень-на-Обі Алтайскага краю, Расія — 7.2.1968),
расійскі кінарэжысёр. Нар.арт.СССР (1948). Скончыў Дзярж.эксперым.тэатр. майстэрні (1923). Быў акцёрам т-раў Пралеткульта і У.Меерхольда. З 1925 у кіно. Некалькі гадоў узначальваў кінастудыю «Масфільм», пасля кіраваў там творчым аб’яднаннем «Прамень». Паставіў фільмы «Чужая жанчына» (1929), «Дзяржаўны чыноўнік» (1931), «Партыйны білет» (1936). Па-наватарску асвойваў жанр муз. камедыі ў кінафільмах «Багатая нявеста» (1938), «Трактарысты» (1939), «Свінарка і пастух» (1941), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1944), «Сказанне пра зямлю Сібірскую» (1948, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Марыянске-Лазне, Чэхія), «Кубанскія казакі» (1950, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, Чэхія), якія вызначаюцца рамант. прыўзнятасцю, тэмпераментам, камедыйнасцю і лірычнасцю нар. вобразаў. Зняў адзін з першых фільмаў пра партызан Вял.Айч. вайны «Сакратар райкома» (1942). Пазней звярнуўся да творчасці Ф.Дастаеўскага: паставіў фільмы «Ідыёт» (1958), «Белыя ночы» (1960), «Браты Карамазавы» (1969, 3-я серыя закончана К.Лаўровым і М.Ульянавым). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1943, 1946, 1948, 1951.
Тв.:
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1978.
Літ.:
Михайлов А. Народный артист СССР И.Пырьев. [М.], 1952.