Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЧАЛІ́НЫЯ СО́ТЫ,

пабудовы пчол меданосных у вуллях з пчалінага воску для захоўвання корму (мёду і пяргі) і вырошчвання расплоду; таксама гняздо пчалінай сям’і. Складаюцца з шасцігранных прызматычных ячэек, размешчаных абапал міжсцення, якое можа быць штучным (гл. Вашчына). Ячэйкі бываюць пчаліныя, трутневыя, мядовыя, пераходныя і матачнікі. Сярэдні дыям. толькі што пабудаванай пчалінай ячэйкі 5,38—5,42 мм, глыб. 12 мм, таўшчыня сценак 0,12 мм. У адной ячэйцы змяшчаецца каля 0,4 г мёду.

В.​І.​Сапега.

Пчаліныя соты: 1 — агульны выгляд (а — мядовыя ячэйкі; б — расплод; в — матачнікі); 2 — у папярочным разрэзе; 3 — з пчалінымі і трутневымі (буйнымі) ячэйкамі.

т. 13, с. 146

ПЧАЛІ́НЫ ВОСК,

тлушчападобнае жаўтаватае рэчыва, якое выдзяляецца васковымі залозамі пчол меданосных і выкарыстоўваецца імі для пабудовы пчаліных сотаў. На пабудову пчалінай ячэйкі ідзе каля 13—30 мг воску (50—120 васковых пласцінак). У склад П.в. ўваходзяць больш за 50 хім. злучэнняў: складаныя эфіры (да 75%), тлустыя кіслоты, вуглевадароды, вітамін А, мінер. солі, смолы, расл. пігменты і інш. Т-ра плаўлення 60—65 °C. Нерастваральны ў вадзе і гліцэрыне, добра раствараецца ў арган. растваральніках. Сыравіна для атрымання П.в. — суш (васковыя нарасты, выбракаваныя соты), вытапкі, пасечная і заводская мерва. Пры сонечнай васкатопцы атрымліваецца больш чысты, светла-жоўты П.в. Выкарыстоўваецца ў прам-сці, медыцыне, касметыцы, для вырабу штучных вашчын.

В.​І.​Сапега.

Пчаліны воск.

т. 13, с. 146

ПЧАЛІ́НЫ КЛЕЙ,

тое, што пропаліс.

т. 13, с. 146

ПЧАЛІ́НЫ ЯД, апітаксін,

сакрэт залоз джальнага апарату рабочай пчалы меданоснай. Празрыстая вязкая жаўтаватая вадкасць, са спецыфічным пахам і горкім смакам. На паветры хутка цвярдзее. Тэрмаўстойлівы. Раствараецца ў вадзе, рэакцыя кіслая. У водным растворы хутка разбураецца, высушаны захоўвае актыўнасць некалькі гадоў. Мае меліцін (асн. таксічны кампанент), гістамін, ферменты, арган. кіслоты, мікраэлементы і інш. Пры кожным джаленні пчала выдзяляе 0,2—0,3 мг П.я., смяротная для чалавека доза каля 0,2 г (500—1000 джаленняў). У штучных умовах пчолы выдзяляюць П.я. у адказ на раздражненне слабымі эл. імпульсамі ў спец. апараце. Прэпараты з П.я. выкарыстоўваюць у медыцыне пры лячэнні міязіту, радыкуліту, неўралгіі, крапіўніцы, мігрэні і інш.

В.​І.​Сапега.

т. 13, с. 146

ПЧАЛЬНІ́К, пасека,

месца, дзе размешчаны вуллі з пчоламі меданоснымі і падсобныя пабудовы (зімоўнік, сотасховішчы і інш.). Бывае стацыянарны (знаходзіцца на адным месцы ўвесь пчолагадоўчы сезон), перасоўны (шматразова перавозіцца). Размяшчаюць П. каля масіваў меданосных раслін, на сухіх, ахаваных ад ветру мясцінах.

В.​І.​Сапега.

Пчальнік у садзе.

т. 13, с. 146

ПЧАЛЯ́РСТВА,

галіна сельскай гаспадаркі па развядзенні пчол меданосных з мэтай атрымання мёду, пчалінага воску, пропалісу, пчалінага яду, матачнага малачка, пяргі, таксама для апылення с.-г. культур.

На тэр. Беларусі дзікае П. (паляванне за мёдам і воскам з дуплаў дрэў) вядома задоўга да нашай эры. У 1 ст. н.э. ўзнікла бортніцтва (гадаванне пчаліных сем’яў у штучных дуплах — борцях), пашырылася ў 10—17 ст., а ў 18 ст. змянілася калодным П. (развядзенне пчол у неразборных перасоўных калодах і дуплянках). З 1814 развіваецца рамачнае П., у 1846 у Мінскай губ. было 117 тыс. вулляў (больш як адзін на кожнае падвор’е).

На Беларусі П. мае апыляльна-мядовы кірунак. Разводзяць пераважна карпацкую пароду пчол. У 1999 гадавалася каля 450 тыс. пчаліных сем’яў (90% у пчаляроў-аматараў). Вытв-сць мёду — 7 тыс. т за год. Дзейнічаюць Баранавіцкі, Брэсцкі, Гродзенскі пчолагадавальнікі. Найб. пчолапрадпрыемствы — Мастоўскае і Шчучынскае (Гродзенская вобл.).

П. развіта на ўсіх кантынентах свету, асабліва ў Еўропе, Афрыцы, Паўн. Амерыцы. У 1999 у сусв. П. зарэгістравана каля 50 млн. пчаліных сем’яў, вытв-сць мёду каля 900 тыс. т за год. Найб. буйныя вытворцы і экспарцёры прадуктаў П. — Кітай (6 млн. пчоласем’яў; да 150 тыс. т мёду штогод), ЗША (4 млн. пчоласем’яў; да 90 тыс. т мёду), Расія (каля 3,5 млн. пчоласем’яў; 50 тыс. т мёду).

П.​В.​Вараб’ёў, І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 146

ПЧОЛААПЫЛЕ́ННЕ,

выкарыстанне пчол меданосных для апылення с.-г. культур. Неабходна пры вырошчванні шматлікіх збожжавых, кармавых, маслічных, пладовых, бахчавых культур. Перасоўныя пчальнікі размяшчаюць каля масіваў с.-г. культур, у пабудовах ахоўнага грунту (цяпліцах). Пры выкарыстанні П. ўраджай грэчкі, сланечніку павялічваецца ў сярэднім на 30%, канюшыны, эспарцэту, люцэрны — да 35—40%, пладовых культур — да 40—50%, агуркоў і бахчавых культур — да 30—160%. Роля дзікіх насякомых-апыляльнікаў у сучасным земляробстве нязначная.

т. 13, с. 147

ПЧОЛАГАДАВА́ЛЬНІК,

спецыялізаваная гаспадарка, якая разводзіць пчол меданосных, вядзе селекцыйна-племянную работу па вывядзенні новых і паляпшэнні існуючых ліній і парод. Асн. метад — чыстапароднае развядзенне. Вядзецца пастаянны ўлік паходжання кожнай маткі, прадукцыйнасці пчаліных сем’яў, іх зімастойкасці і інш. Прадукцыя П. — плодныя маткі і пчолапакеты (4 гнездавыя рамкі з пчаліным расплодам, мёдам і плоднай маткай у спец. скрынцы), якімі забяспечваюцца пчолагадоўчыя гаспадаркі, фермы і аматарскія пчальнікі. На Беларусі вядучыя П. — Баранавіцкі, Брэсцкі, Гродзенскі.

В.​І.​Сапега.

т. 13, с. 147

ПЧОЛАЖУКІ́ (Trichodes),

род жукоў сям. стракачоў. Каля 80 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. паўшар’і. Каля 80 відаў. На Беларусі найб. пашыраны П. пчаліны (T. apiarius), які шкодзіць пчалярству.

Даўж. 8—25 мм. Цела прадаўгаватае, галава вялікая. Афарбоўка яркая, надкрыллі ў рознакаляровых папярочных палосах. Жукі трапляюцца на кветках раслін сям. парасонавых, складанакветных, капуставых. Кормяцца насякомымі і пылком. Лічынкі развіваюцца ў кладках саранчовых ці ў гнёздах пчол і вос, знішчаюць іх лічынак і кукалак.

Пчалажук звычайны.

т. 13, с. 147

ПЧО́ЛЫ, пчаліныя (Apoidea),

надсямейства насякомых атр. перапончатакрылых. 6 сям., каля 30 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна. На Беларусі пераважна трапляюцца П. (андрэна, калет, гілеус, панург і інш.), чмялі. Кормяцца пылком і нектарам раслін. Маюць вял. гасп. значэнне як апыляльнікі раслін. Пчол меданосных разводзяць для атрымання прадуктаў пчалярства.

Даўж. ад 1,5 мм да 5 см, у большасці відаў I—1,5 см. Цела пераважна ўкрыта густымі валаскамі. Ротавы апарат грызуча-ліжучы, у выглядзе хабатка. Многія П. маюць прыстасаванні (збіральны апарат) для збору пылку, напр., густыя валаскі на задніх нагах ці расшыраныя галёнкі і першы членік задняй лапкі і інш. Добра развіты слінныя залозы і валляк. Маюць джала і ядавітыя залозы. Большасць відаў адзіночныя (у гняздзе — самец і самка, якая будуе гняздо і збірае корм для лічынак). У «грамадскіх» П. сям’я (гл. Пчаліная сям’я) складаецца з адной або некалькіх плодных самак. самцоў і мноства бясплодных самак (рабочыя асобіны). Паразітныя П. адкладваюць яйцы на корм, назапашаны інш. насякомымі, выкарыстоўваюць гнёзды П. інш. відаў.

Пчолы: 1 — антафора; 2 — андрэна цемнакрылая; 3 — калет; 4 гілеус; 5 — осмія рыжабрухая.

т. 13, с. 147