Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПУ́РКІНЕ ((Purkyně) Карал) (11.3.1834, г. Вроцлаў, Польшча — 5.4.1868),

чэшскі жывапісец і маст. крытык, прадстаўнік рэалізму. Сын Я.Э.Пуркіне. Вучыўся ў Вроцлаве ў Г.​Кёніга, Пражскай АМ (з 1851), Мюнхене (1854—55), майстэрні Т.​Куцюра ў Парыжы (1856). Зазнаў уплывы Г.​Курбэ і А.​Мантычэлі. Працаваў у галіне партрэта, нацюрморта, быт. жанра. Творы адметныя псіхал. пераканаўчасцю вобразаў, імкненнем да ўвасаблення матэрыяльнасці прадметнага свету абагульненай, пастознай манерай пісьма: «Нацюрморт са збанам» (1851), «Аўтапартрэт з палітрай і пэндзлем» (1856), «Булонскі лес», «У даліне» (абодва 1857), партрэты сям’і Ворлічака (1859—60) і каваля Іеха («Каваль-палітык», 1860), «Фазаны» (1861), «Партрэт дзяцей мастака» (1867—68) і інш. Аўтар ілюстрацый да кніг «Дон-Кіхот» М.​Сервантэса (1868, з К.​Манэсам) і «Вільгельм Мейстэр» І.​В.​Гётэ (1868). У 1860-я г. пісаў крытычныя артыкулы, скіраваныя супраць акадэмізму.

Літ.:

Эренбург И. Карел Пуркине: [Альбом]. М., 1960;

Прокофьева Н.А. Творчество К.​Пуркине и чешская живопись середины XIX в. М., 1980.

т. 13, с. 125

ПУ́РКІНЕ, Пуркінье (Purkyně) Ян Эвангеліста (17.12.1787, Лібахвіцы, Чэхія — 28.7.1869), чэшскі вучоны-біёлаг і грамадскі дзеяч. Ганаровы чл. Пецярб. медыка-хірург. акадэміі. Бацька К.Пуркіне. Скончыў Пражскі ун-т (1818). З 1823 праф. ун-та ў г. Брэслаў, у 1839 заснаваў тут першы ў свеце фізіял. ін-т: З 1850 праф. Пражскага ун-та; у 1851 заснаваў фізіял. ін-т пры гэтым ун-це. Навук. працы па фізіялогіі, цыталогіі, анатоміі, эмбрыялогіі. Адкрыў ядро яйцаклеткі, рух раснічак мігальнага эпітэлію, апісаў нейроны ц. н. с. пазваночных, шэраг гісталагічных структур, названых яго імем (клеткі і валокны П.), прапанаваў тэрмін «пратаплазма». Сканструяваў мікратом, удасканаліў мікраскапічную тэхніку. Падышоў да фармулявання клетачнай тэорыі. Змагаўся за ўвядзенне чэшскай мовы ў ВНУ, за стварэнне Нац. АН, нац. т-ра.

А.​С.​Леанцюк.

Я.Э.Пуркіне.

т. 13, с. 125

ПУРО́ЎСКІ (Канстанцін Васілевіч) (18.4.1894, Мінск — 1.7.1965),

бел. фалькларыст, спявак (тэнар) і лібрэтыст. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1914), Бел. муз. тэхнікум (1928), Бел. студыю оперы і балета (1933). З 1918 артыст Першага бел. т-ва драмы і камедыі, Бел. сав. т-ра, у 1924—26 — БДТ (тэатра імя Я.​Купалы). Удзельнік Беларускага вакальнага квартэта, арганізаванага ў 1927 пры яго садзеянні. У 1933—49 (з перапынкамі) саліст Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі, з 1949 на рэдактарскай і адм. рабоце. З 1918 збіраў бел. фальклор, у т. л. для дзяцей (з У.Луцэвіч). Выдаў «Піянерскі песеннік» (1931, з А.​Ягоравым). Выканаў оперныя партыі Госця («У пушчах Палесся» А.​Багатырова), Марціна і Сёмкі Бурачэні («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.​Цікоцкага), Мікіты («Кветка шчасця» А.​Туранкова), Трыке і Чакалінскага («Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Гвідона і Бамелія («Залаты пеўнік» і «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Аўлура («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Рамендада («Кармен» Ж.​Бізэ) і інш. Напісаў лібрэта оперы «Машэка» Р.​Пукста, пераклаў на бел. мову лібрэта оперы «Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні. Аўтар успамінаў пра Я.​Купалу «Даўняе, незабыўнае» (1962). У 1920-я г. асвятляў у бел. друку працу БДТ-1.

Тв.:

Песні вольных людзей. Мн., 1961.

І.​У.​Саламевіч.

т. 13, с. 125

ПУ́РПЛЕВА,

вёска ў Расненскім с/с Сенненскага р-на Віцебскай вобл., на р. Абалянка. Цэнтр калгаса. За 22 км на ПдУ ад г. Сянно, 80 км ад Віцебска, 7 км ад чыг. ст. Міхнава. 136 ж., 53 двары (2000). Базавая школа, клуб, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 13, с. 126

ПУ́РПУР (ад лац. purpura пурпурная куклянка, пурпурны колер) антычны, прыродны чырванавата-фіялетавы фарбавальнік. Утрымліваецца ў выдзяленнях гіпабранхіяльных залоз марскіх бруханогіх малюскаў—іглянак, або пурпурных куклянак, напр., балінус, або мурэкс, брандарыс (Bolinus brandaris, або Murex brandaris). Па хім. прыродзе — вытворнае прыроднага фарбавальніка індыга.

Вядомы каля 1600 г. да н.э. (Стараж. Егіпет, Фінікія). Выкарыстоўваўся для афарбоўкі тканін, а таксама ў жывапісе, касметыцы і інш. У стараж. Рыме афарбаваная П. адзежа была адметнай адзнакай вышэйшых пасад.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Пурпур. Мурэкс брандарыс.

т. 13, с. 126

ПУ́РПУРА ТРАМБАЦЫТАПЕНІ́ЧНАЯ,

агульная назва хвароб чалавека з групы дыятэзаў гемарагічных. Абумоўлена зніжэннем колькасці трамбацытаў у крыві, парушэннем яе згусальнасці. Вылучаюць П.т. вострую і хранічную. Вострая часта назіраецца ў дзяцей 5—10 гадоў, звязана з віруснымі інфекцыямі (грып, адзёр, краснуха і інш.). Хранічная П.т. (т.зв. Верльгофа хвароба) бывае пераважна ў жанчын, правакуецца віруснай або бактэрыяльнай інфекцыяй, траўмай і інш. Лячэнне сімптаматычнае.

т. 13, с. 126

ПУРПУРО́ВЫЯ БАКТЭ́РЫІ,

група фотасінтэзуючых бактэрый. З сям., больш за 50 відаў. Адрозніваюць пурпуровыя серныя і пурпуровыя нясерныя бактэрыі. Пашыраны ў прэсных і салёных вадаёмах.

Клеткі сферычныя, палачкападобныя і звілістыя, нерухомыя і рухомыя (маюць жгуцікі). Анаэробныя арганізмы (ёсць факультатыўныя анаэробы), грамадмоўныя. Размнажаюцца дзяленнем ці пачкаваннем. Маюць бактэрыяхларафіл, караціноіды. Фотасінтэз адбываецца без выдзялення кіслароду. Многія віды фіксуюць азот і выдзяляюць вадарод. Прымаюць удзел у біягеахім. цыклах серы, азоту і вугляроду. Выкарыстоўваюцца для вывучэння механізмаў фотасінтэзу. Гл. таксама Серабактэрыі.

А.​І.​Ерашоў.

т. 13, с. 126

ПУРУ́С (Purús),

рака ў Перу і Бразіліі, правы прыток р. Амазонка. Даўж. 3200 км, пл. басейна 365 тыс. км². Пачынаецца ў перадгор’ях Андаў, у Мантаньі, цячэ па Амазонскай нізіне ў вельмі звілістым рэчышчы. Разводдзе ў сак.—красавіку. Сярэдні расход вады 12,6 тыс. м³/с. Суднаходная.

т. 13, с. 126

ПУРЦАЛА́ДЗЕ (Антон Мікалаевіч) (13.11.1839, с. Мерэты Гарыйскага р-на, Грузія — 17.11.1913),

грузінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1858. У апавяданнях і аповесці «Прыгода трох» (1889) выступаў супраць сац. несправядлівасці. У рамане «Мацы Хвітыя» (1870) крытыкаваў разлад сярод феадалаў, што прывяло Грузію да паліт. і эканам. заняпаду. Аўтар трагедыі «Вялікі Маўраві, ці Георгій Саакадзе» (1869) і гіст. нарыса «Георгій Саакадзе і яго час». Аўтар літ.крытычных артыкулаў.

т. 13, с. 126

ПУРЫ́ЗМ (франц. purisme ад лац. purus чысты),

імкненне ачысціць літаратурную мову ад іншамоўных запазычанняў, неалагізмаў, а таксама ад ненарматыўных лексічных і граматычных элементаў (напр., народна-размоўных, прастамоўных, дыялектычных). У шырокім сэнсе — залішне строгія, непрымірымыя адносіны да любых запазычанняў, навізны і наогул да ўсіх выпадкаў скажэння і вольнага выкарыстання мовы. Характэрны для перыядаў найб. актыўнага фарміравання і станаўлення нац. літ. моў; звязаны з сац.-гіст., паліт. і культ. працэсамі, з бурным фарміраваннем нацый або перыядамі нац. адраджэння. У бел. мове тэндэнцыі П. найб. выразна праявіліся ў 1920-я г., калі адбывалася актыўнае фарміраванне лексічных, арфаграфічных, грамат. норм сучаснай бел. літ. мовы. Яны выражаліся ў выкарыстанні замест іншамоўных запазычанняў і інтэрнацыяналізмаў шырока вядомых агульнаслав., усх.-слав. і рус. лексем дыялектнай і вузкарэгіянальнай лексікі, у стварэнні некат. штучных неалагізмаў на бел. моўным матэрыяле. Значнае выражэнне атрымалі ў тагачаснай распрацоўцы бел. навук. тэрміналогіі: «красленне» (чарчэнне), «кругадрэз» (сегмент), «пэўнік» (аксіёма). Падобныя тэрміны звычайна прапаноўваліся ў якасці варыянтаў і выносіліся на суд грамадскасці і часу. Імкненне найб. поўна выкарыстаць нац. моўныя сродкі не прыводзіла да якіх-н. крайнасцей. Асобныя выпадкі П. ў тэрмінатворчасці, што вялі да абмежаванасці моўных сродкаў, ізаляванасці бел. мовы, перашкаджалі яе ўзбагачэнню сродкамі інш. моў, не зацвердзіліся і не паўплывалі на фарміраванне бел. тэрміналогіі і сучаснай бел. мовы ў цэлым.

Л.​А.​Антапюк.

т. 13, с. 126