ПУРО́ЎСКІ (Канстанцін Васілевіч) (18.4.1894, Мінск — 1.7.1965),

бел. фалькларыст, спявак (тэнар) і лібрэтыст. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1914), Бел. муз. тэхнікум (1928), Бел. студыю оперы і балета (1933). З 1918 артыст Першага бел. т-ва драмы і камедыі, Бел. сав. т-ра, у 1924—26 — БДТ (тэатра імя Я.​Купалы). Удзельнік Беларускага вакальнага квартэта, арганізаванага ў 1927 пры яго садзеянні. У 1933—49 (з перапынкамі) саліст Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі, з 1949 на рэдактарскай і адм. рабоце. З 1918 збіраў бел. фальклор, у т. л. для дзяцей (з У.Луцэвіч). Выдаў «Піянерскі песеннік» (1931, з А.​Ягоравым). Выканаў оперныя партыі Госця («У пушчах Палесся» А.​Багатырова), Марціна і Сёмкі Бурачэні («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.​Цікоцкага), Мікіты («Кветка шчасця» А.​Туранкова), Трыке і Чакалінскага («Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Гвідона і Бамелія («Залаты пеўнік» і «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Аўлура («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Рамендада («Кармен» Ж.​Бізэ) і інш. Напісаў лібрэта оперы «Машэка» Р.​Пукста, пераклаў на бел. мову лібрэта оперы «Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні. Аўтар успамінаў пра Я.​Купалу «Даўняе, незабыўнае» (1962). У 1920-я г. асвятляў у бел. друку працу БДТ-1.

Тв.:

Песні вольных людзей. Мн., 1961.

І.​У.​Саламевіч.

т. 13, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)