ПУ́РКІНЕ, Пуркінье (Purkyně) Ян Эвангеліста (17.12.1787, Лібахвіцы, Чэхія — 28.7.1869), чэшскі вучоны-біёлаг і грамадскі дзеяч. Ганаровы чл.Пецярб. медыка-хірург. акадэміі. Бацька К.Пуркіне. Скончыў Пражскі ун-т (1818). З 1823 праф. ун-та ў г. Брэслаў, у 1839 заснаваў тут першы ў свеце фізіял.ін-т: З 1850 праф. Пражскага ун-та; у 1851 заснаваў фізіял.ін-т пры гэтым ун-це. Навук. працы па фізіялогіі, цыталогіі, анатоміі, эмбрыялогіі. Адкрыў ядро яйцаклеткі, рух раснічак мігальнага эпітэлію, апісаў нейроны ц. н. с. пазваночных, шэраг гісталагічных структур, названых яго імем (клеткі і валокны П.), прапанаваў тэрмін «пратаплазма». Сканструяваў мікратом, удасканаліў мікраскапічную тэхніку. Падышоў да фармулявання клетачнай тэорыі. Змагаўся за ўвядзенне чэшскай мовы ў ВНУ, за стварэнне Нац.АН, нац.т-ра.