Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛАПО́ТКА (Ігнат Анатолевіч) (27.6. 1899—18.3.1968),

бел. вучоны ў галіне отарыналарынгалогіі. Праф. (1940). Скончыў мед. ф-т БДУ (1926). З 1930 у Мінскім мед. ін-це (з 1932 заг. кафедры). З 1937 дырэктар Ленінградскага НДІ вуха, горла, носа і маўлення. Навук. працы па біял. уплыве прамянёвай энергіі на арганізм, рэнтгенадыягностыцы рака і склеромы гартані, танзіліце.

Тв.:

Острый и хронический тонзиллит. Их осложнения и связь с другими заболеваниями. Л., 1963 (разам з В.​Ю.​Лакоткінай).

т. 9, с. 134

ЛАПТА́,

руская нар. гульня з мячом. У інш. краінах да Л. падобныя гульні: бейсбол, крыкет, ойна (Румынія), песа пало (Фінляндыя). На Беларусі Л. нагадвае гульня апука.

Гуляюць у Л. 2 каманды па 7—9 чал. на роўнай пляцоўцы даўж. 50—60 і шыр. 20—30 м. Інвентар: мяч дыяметрам 6—7 см, масай 50—70 r і біта — «лапта» (палка даўж. 80—120 см). Адна каманда «б’е», другая «водзіць» Мэта гульні — ударам біты паслаць мяч як мага далей і прабегчы па чарзе да процілеглага боку і назад, за што каманда атрымлівае ачко. Калі гульца з каманды, якая «б’е» «асаляць» (зачэпяць) злоўленым мячом, каманды мяняюцца месцамі. Выйграе каманда, якая за 60 мін пабярэ больш ачкоў.

т. 9, с. 134

ЛАПУ́Н,

у беларусаў печыва з квашанага цеста ў выглядзе тоўстага бліна. Камяк цеста расплясквалі на патэльні, пасыпалі соллю, кменам, макам. Пяклі на гарачым вуголлі пры адкрытым агні. Спажывалі за снеданнем, бралі ў поле. Часам намазвалі слоем тварагу, смятанай, цёртым макам. Такія Л. пасылалі сваякам у якасці гасцінца, бралі з сабой у адведкі да парадзіхі. Вядомы пераважна на Віцебшчыне. Падобны да скавародніка, праснака.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 9, с. 135

ЛАПУНО́Ў (Анатоль Максімавіч) (н. 15.9.1940, г. Гомель),

бел. дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1998). Скончыў Бел. кансерваторыю па спецыяльнасцях ігра на нар. інструментах (1964) і оперна-сімф. дырыжыраванне (1973, клас Я.​Вашчака). З 1974 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, у Вял. т-ры ў Маскве, у Дзярж. сімф. аркестры Беларусі. У 1975—87 (з перапынкам) гал. дырыжор, з 1991 дырыжор Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. З 1993 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Сімфанічнага аркестра Беларускага тэлебачання і радыё. Пад яго муз. кіраўніцтвам у Дзярж. т-ры муз. камедыі пастаўлены аперэты бел. кампазітараў «Тыдзень вечнага кахання» Ю.​Семянякі (1975), «Судны час» Р.​Суруса (1984), «Джулія» У.​Кандрусевіча (1991), класічныя «Вясёлая ўдава» Ф.​Легара (1978), «Д’ябальскі наезнік» (1983), «Сільва» (1986) і «Марыца» (1992) І.​Кальмана і інш., творы сучасных айч. і замежных аўтараў; з Сімф. аркестрам Дзяржтэлерадыёкампаніі Беларусі ажыццявіў шэраг фондавых запісаў (оперы «Агатка, ці Прыезд пана» Я.​Д.​Голанда, «Фауст» А.​Радзівіла, музыка да драмы «Фінгал» і скрыпічны канцэрт В.​Казлоўскага, прэм’еры буйных твораў сучасных бел. кампазітараў).

Н.​А.​Юўчанка.

т. 9, с. 135

ЛАПУХО́Ў (Фёдар Васілевіч) (20.10.1886, С.-Пецярбург — 28.1.1973),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. Расіі (1956). Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1905, педагог М.Легат). У 1905—22 саліст Марыінскага т-ра (у 1910—11 гастраліраваў у ЗША). У 1922—56 (з перапынкамі) маст. кіраўнік трупы Т-ра імя Кірава, з 1931 арганізатар і кіраўнік балетнай трупы Ленінградскага Малога т-ра оперы і балета, у 1936—41 маст. кіраўнік Ленінградскага харэаграфічнага вучылішча. Арганізатар і кіраўнік балетмайстарскага аддзялення Ленінградскай кансерваторыі (1962, з 1965 праф.). Адным з першых сярод сав. балетмайстраў пачаў аднаўляць балеты класічнай спадчыны. Стварыў бессюжэтны праграмны «балет-сімфонію» (танцсімфонія «Веліч сусвету» на муз. Л.​Бетховена, 1923), сінт. спектаклі (уводзіў спевы, слова, эксцэнтрыку, буфанаду, элементы цырка, т-ра лялек і інш.). Сярод пастановак у Т-ры імя Кірава: «Веліч сусвету»; «Пульчынела» І.​Стравінскага (1926), «Ледзяная дзева» на муз. Э.​Грыга (1927), «Вясновая казка» на муз. П.​Чайкоўскага — Б.​Асаф’ева (1947). На бел. сцэне паставіў балеты «Капелія» Л.​Дэліба (1935), «Салавей» М.​Крошнера (разам з А.​Ермалаевым), танцы ў оперы «У пушчах Палесся» А.​Багатырова (1939). Аўтар кніг «Шляхі балетмайстра» (1925), «Шэсцьдзесят гадоў у балеце» (1966).

Літ.:

Добровольская Г. Ф.​Лопухов. Л., 1976.

Ф.В.Лапухоў.

т. 9, с. 135

ЛАПУ́ШЫН (Радзіслаў Яфімавіч) (н. 10.12.1961, Мінск),

бел. паэт. Канд. філал. н. (1993). Скончыў БДУ (1985). У 1985—87 працаваў у газ. «Автозаводец», у 1990—98 у БДУ. Друкуецца з 1978. Піша на рус. мове. Паэт гар. тэматыкі. Паэт. зб-кам «Тры погляды» (1990), «Між лістотай і снегам» (1993) уласцівы напружаная філасафічнасць, тонкі псіхалагізм, пошук гармоніі, прага духоўнасці. Пераклаў на рус. мову асобныя вершы М.​Багдановіча і інш.

Тв.:

Взрослее облаков. Мн., 1996.

т. 9, с. 135

ЛА́ПЦЕВА ДЗМІ́ТРЫЯ ПРАЛІ́Ў У Паўночным Ледавітым ак. паміж в-вам Вялікі Ляхаўскі і паўн. узбярэжжам мацерыка Азія (Расія). Злучае моры Лапцевых і Усх.-Сібірскае. Даўж. 115 км, шыр. 50—61 км, глыб. 11—16 м. Большую ч. года пад лёдам. Названы ў гонар удзельніка Вял. Паўн. экспедыцыі 18 ст. Дз.Я.Лапцева, які адкрыў праліў у 1740.

т. 9, с. 135

ЛА́ПЦЕВЫХ МО́РА, Сібірскае, Нордэншэльда,

ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак., каля паўн. ўзбярэжжа Усх. Сібіры, паміж п-вам Таймыр, а-вамі Паўн. Зямля і Новасібірскімі. На З пралівамі Вількіцкага, Шакальскага і Чырв. Арміі злучаецца з Карскім м., на У пралівамі Дзмітрыя Лапцева, Этэрыкан і Саннікава — з Усх.-Сіб. морам. Пл. 662 тыс. км². Размешчана ў межах мацерыковай водмелі, якая на Пн стромка абрываецца да ложа акіяна. Пераважаюць глыбіні да 50 м, найб. глыб. 3385 м. Берагі моцна парэзаныя, утвараюць залівы: Хатангскі, Алянёцкі, Буор-Хая, Янскі. Найб. астравы: Вял. Бегічаў, Камсамольскай Праўды, Малы Таймыр і інш. Упадаюць рэкі: Лена, Хатанга, Анабар, Алянёк, Амалой і Яна. Клімат арктычны. Адно з самых халодных мораў Расіі. З кастр. да ліп. ўкрыта лёдам; на Пд шырокі прыпай, на Пн плывучыя льды. Сярэдняя т-ра вады на паверхні летам у цэнтр. ч. мора 2—3 °C, у залівах — да 8—10 °C. Салёнасць ад 20‰ на Пд да 34‰ на Пн. Прылівы паўсутачныя (да 0,5 м). Рыбалоўства (асятровыя, омуль, муксун, нельма). Водзяцца нерпа, марскі заяц, морж, белы мядзведзь. На берагах — птушыныя базары. Л.м. — частка Паўночнага марскога шляху. Гал. порт — Тыксі. Названа ў гонар рус. палярных даследчыкаў 18 ст. Дз.Я.Лапцева і Х.П.Лапцееа.

т. 9, с. 135

ЛА́ПЦЕЎ (Дзмітрый Якаўлевіч) (1701—1767),

расійскі даследчык Арктыкі. Віцэ-адмірал (1762). На флоце з 1718. З 1736 кіраваў адным з паўн. атрадаў Другой Камчацкай экспедыцыі. У 1739—42 даследаваў узбярэжжа паміж вусцем р. Лена і мысам Вял. Баранаў, у 1741—42 правёў здымку рэк Вял. Анюй і Анадыр. Па заканчэнні экспедыцыі да 1762 служыў на Балт. флоце. Імем Л. названы мыс у дэльце р. Лена, праліў (гл. Лапцева Дзмітрыя праліў); у гонар Дз.Я. і Х.​П.​Лапцевых названа Лапцевых мора.

т. 9, с. 135

ЛА́ПЦЕЎ (Канстанцін Антонавіч) (Мікалаевіч; 3.11.1904, Кіеў — 19 9.1990),

украінскі і расійскі спявак (барытон). Нар. арт. СССР (1957). Скончыў Кіеўскі муз.-драм. ін-т імя М.​Лысенкі (1929). У 1930—52 саліст Адэскага і Кіеўскага, у 1952—68 — Ленінградскага т-раў оперы і балета. У 1973—83 выкладаў у Ленінградскай кансерваторыі. Валодаў мяккім голасам прыемнага тэмбру, драм. талентам. Сярод партый: Астап, Мікола («Тарас Бульба», «Наталка Палтаўка» Лысенкі), Яўген Анегін, Мазепа, Ялецкі, Раберт («Яўген Анегін», «Мазепа», «Пікавая дама», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), Рэната, Рыгалета, Аманасра («Баль-маскарад», «Рыгалета», «Аіда» Дж.​Вердзі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Выконваў рамансы, рус., укр. нар., неапалітанскія песні. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1935).

т. 9, с. 135