ПРО́КСІМА ЦЭНТА́ЎРА,
зорка 11 візуальнай зорнай велічыні; самая блізкая да Сонечнай сістэмы. Знаходзіцца на адлегласці 1,31 пк ад яе ў сузор’і Цэнтаўра, фізічная пераменная зорка. П.Ц і яркая зорка α Цэнтаўра, якая знаходзіцца на 0,02 пк далей, утвараюць фізічную падвойную зорку.
т. 13, с. 39
«ПРО́КТЭР ЭНД ГЭМБЛ»
(«Procter and Gamble»),
буйная хім. карпарацыя ў ЗША. Засн. ў 1837. Штаб-кватэра ў г. Цынцынаты, штат Агайо. Выпускае прадукцыю: пральныя і ачышчальныя сродкі, касметыку, фармацэўтычныя тавары, хімікаты, прадметы гігіены. Філіялы і прадпрыемствы карпарацыі размяшчаюцца ў больш як 40 краінах, колькасць занятых каля 77 тыс. чал. (1980-я г).
т. 13, с. 39
ПРО́КША (Леанід Януаравіч) (19.4.1912, г. Полацк Віцебскай вобл. — 9.12.1994),
бел. пісьменнік. Скончыў Ваенна-паліт. акадэмію імя Леніна (1955). Настаўнічаў, працаваў у рэдакцыях газет, з 1956 у час. «Коммунист Белоруссии», рэдактар газ. «Голас Радзімы», у 1969—72 гал. рэдактар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Друкаваўся з 1937. Пісаў на рус., бел., польскай мовах. Аўтар зб. апавяданняў і нарысаў «Крыніца прыгажосці» (1960), кніг памфлетаў «Камедыянты» (1961), «След вядзе за мяжу» (1965), «Інтрыгі прэзідэнцкага двара» (1967), «Візітная картка народа» (1972), дакумент. аповесці «За Добрыцай рэчкай» (1975), рамана «Пакуль жывеш на свеце» (1980) пра першыя пасляваен. гады ў зах. абласцях Беларусі, Украіны, у Польшчы, зб-каў гумарыст. апавяданняў «Каб жылося-вялося» (1961), «Кантроль сумлення» (1963), «Не ў тым поездзе» (1971), «Самадзейнасць у ліфце» (1972). Пісаў для дзяцей (кн. «Хлопчык у вялікіх чаравіках», 1963; «Незвычайныя прыгоды хлопчыка Бульбінкі», 1973) і інш.
Тв.:
Праз туманы. Мн., 1964;
По обе стороны океана. Мн., 1968;
Туман развеецца. Мн., 1970;
Стрэлы над ярам. Мн., 1979;
Зося смяецца. Мн., 1982;
Туника Несса. Мн., 1986;
Призраки и президенты. Мн., 1988;
Урок любві і нянавісці. Мн., 1990.
Л.С.Савік.
т. 13, с. 39
ПРО́ЛЕЖАНЬ,
амярцвенне (некроз) мяккіх тканак (скуры з падскурнай клятчаткай, слізістай абалонкі, сценкі полага органа або крывяноснага сасуда) у выніку нейратрафічных расстройстваў і парушанага кровазвароту. Адрозніваюць П. экзагенныя (ад працяглага, інтэнсіўнага сціскання тканак; бываюць вонкавыя і ўнутр.) і эндагенныя (у цяжкахворых, якія доўгі час ляжаць нерухома; у хворых з хранічнымі парушэннямі нерв. сістэмы ад кантузіі спіннога мозга, кровазліцця ў мозг, пашкоджання буйных нерв. ствалоў). Узнікаюць П. на крыжы, лапатках, пятачных буграх, інш. костачках. Калі некратызаваныя тканкі адпадаюць, утвараюцца і доўга не зажываюць язвы. П. можа ўскладняцца гнойнай інфекцыяй. Лячэнне: мазевыя павязкі, агульнаўмацавальныя сродкі. П. бывае і ў аслабленых жывёл пры працяглым вымушаным ляжанні.
М.З.Ягоўдзік.
т. 13, с. 39
«ПРОЛЕТА́РСКАЯ РЕВОЛЮ́ЦИЯ»,
савецкі гіст. часопіс. Выдаваўся на рус. мове ў Маскве ў 1921—41 [у 1921—28 орган Камісіі ЦК ВКП(б) па гісторыі Кастр. рэвалюцыі і Камуніст. партыі, у 1928—31 — Ін-та Леніна пры ЦК ВКП(б), у 1933—41 — Ін-та Маркса—Энгельса—Леніна пры ЦК ВКП(б)]. Выйшлі 132 нумары, перыядычнасць выпуску мянялася. У розныя гады рэдактарамі былі М.С.Альмінскі, С.І.Канатчыкаў, М.А.Савельеў, В.Г.Кнорын і інш. Друкаваліся даследчыя артыкулы, дакументы па гісторыі рабочага руху, Камуніст. партыі, Кастр. рэвалюцыі 1917 і Грамадз. вайны (у т. л. на тэр. Беларусі), пра відных дзеячаў партыі, рабочага і с.-д. руху, мемуары, крытыка, бібліяграфія і інш.
т. 13, с. 39
ПРО́МЕТ ((Promet) Лілі) (н. 16.2.1922, Петсеры, Эстонія),
эстонская пісьменніца. Засл. пісьменнік Эстоніі (1971). Вучылася ў Талінскай школе прыкладнога мастацтва (1935—40). Друкуецца з 1954. Аўтар раманаў «Вёска без мужчын» (1962), «Прымавера» (1971), «Дзяўчына з неба» (1977), зб-каў аповесцей і апавяд. «Прыхільнікі святога мастацтва» (1958), «Тыгр ляжыць» (1964), «Хто распаўсюджвае анекдоты?» (1967), «Свавольствы зямлі» (1977), зб. вершаў «Шыпшына» (1970). У творах антыфаш. і антываен. тэмы, сац.-псіхал. праблемы сучаснасці. Піша п’есы, выступае як публіцыст і аўтар падарожных нарысаў (разам з Р.Парве).
Тв.:
Рус. пер. — Акварели одного лета: Повести и рассказы. М., 1961;
Дела земные. Таллин, 1969;
Иероглифы жизни. М., 1973;
Шалости земли: Повести, рассказы, миниатюры. М., 1982.
т. 13, с. 39
ПРО́МША,
рака ў Навагрудскім і Дзятлаўскім р-нах Гродзенскай вобл., правы прыток р. Моўчадзь (бас. р. Нёман). Даўж. 32 км. Пл. вадазбору 74 км². Пачынаецца за 1,3 км на У ад в. Вял. Лезнявічы Навагрудскага р-на, цячэ па схілах Навагрудскага ўзвышша і ўпадае ў Моўчадзь ва ўрочышчы Салтанскі лес на З ад в. Вусце Дзятлаўскага р-на. Рэчышча ад вытоку на працягу 7 км каналізаванае. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.
т. 13, с. 39
ПРО́НІЯ (грэч. pronoia апека),
у Візантыі 11—15 ст. пажыццёвае (часам спадчыннае) імператарскае падараванне свецкай асобе ці манастыру права збору дзярж. падаткаў з вызначанай тэр., з 13 ст. падараванне і зямельных уладанняў. Уласнік П. (проніяр) нярэдка быў абавязаны несці ваен. службу. З 12 ст. П. была падобная на зах.-еўрап. бенефіцый.
т. 13, с. 39
ПРО́НСКІЯ,
княжацкі род у Расіі і ВКЛ. Паходзілі ад Рурыкавічаў, уладальнікаў г. Пронск (адсюль прозвішча). Страцілі Пронск да 1483, калі ён ужо быў у складзе Разанскага княства (з 1521 у Вял. княстве Маскоўскім). Найб. вядомыя:
Іван Уладзіміравіч (? — каля 1430), уладальнік Пронска. У 1427 разам з разанскім князем прызнаў вяршэнства вял. князя ВКЛ Вітаўта. Глеб Юр’евіч (?—1513), сын Юрыя Фёдаравіча, намеснік астрынскі ў 1501, бабруйскі ў 1504, мейшагольскі ў 1508, пасол у Арду. Сямён Глебавіч (у каталіцтве Фрыдэрык; ?—1555), сын Глеба Юр’евіча, ваявода кіеўскі з 1544. Аляксандр Фрыдэрык (каля 1550 — каля 1595), сын Сямёна Глебавіча, стольнік ВКЛ у 1576—88, староста луцкі з 1580, кашталян трокскі з 1591. Удзельнік Інфлянцкай вайны 1558—82. На яго сынах род П. у ВКЛ згас.
В.С.Пазднякоў.
т. 13, с. 39
ПРО́НЧЫШЧАЎ (Васіль Васілевіч) (1702—29.8.1736),
расійскі мараплавец. Са старадаўняга шляхецкага роду Магілёўшчыны. Скончыў Маскоўскую школу матэм. і навігацыйных навук (1718). У 1733 лейтэнант і кіраўнік аднаго з паўн. атрадаў 2-й Камчацкай экспедыцыі па апісанні берагоў Паўн. Ледавітага ак. ад вусця р. Лена да вусця р. Енісей. У 1735 на парусна-вяслярнай дубель-шлюпцы «Якуцк» прайшоў па р. Лена з Якуцка да вусця, з правядзеннем інструментальнай здымкі гэтай ч. ракі. У 1736 даследаваў усх. бераг п-ва Таймыр і ўздоўж яго падняўся на Пн да 77°29′ паўн. ш., адкрыў в-аў Пятра і ўсх. групу а-воў Самуіла (цяпер — Камсамольскай Праўды). На зваротным шляху П. памёр ад цынгі. У плаваннях П. прымала ўдзел яго жонка Марыя Прончышчава — першая рас. палярная падарожніца. Імем П. названы ч. ўсх. берага п-ва Таймыр, краж паміж вусцем рэк Алянёк і Анабар. У гонар М.Прончышчавай — бухта ў м. Лапцевых.
В.А.Ярмоленка.
т. 13, с. 39