Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

«ПРА БАГА́ЦТВА ДЫ БЕ́ДНАСЦЬ».

перакладны твор бел. л-ры 19 ст. Пераклад зроблены з укр. брашуры С.​А.​Падалінскага (1875, 2-е выд. 1876), выдадзены ў Жэневе ў 1881 з дапамогай М.​П.​Драгаманава, які напісаў да бел. выдання прадмову. У творы элементы маст. прозы спалучаны з агітацыйна-прапагандысцкім зместам, выкладаецца марксісцкае вучэнне пра крыніцы росту капіталу і дадатковую вартасць. Дасведчаны рабочы-чыгуначнік Кастусь тлумачыць сваім сябрам, што для паляпшэння жыцця трэба зямлю, фабрыкі і заводы зрабіць грамадскай уласнасцю, ліквідаваць эксплуатацыю чалавека чалавекам. Пераклад дапасаваны да бел. умоў і нар. побыту, значна ўзмоцнены маст. элемент (пейзажныя замалёўкі, партрэты дзейных асоб больш яркія і вобразныя). У творы жывая лексіка, шмат нар. зваротаў і трапных вобразаў, удала перададзены фанетычныя асаблівасці бел. мовы, што сведчыць пра дасканалае валоданне роднай мовай перакладчыкам.

Публ.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Літ.:

Александровіч С.​Х.​Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971.

С.​Х.​Александровіч.

т. 12, с. 523

«ПРА ПАБО́ІШЧА МАМА́Я»,

гл. «Мамаева пабоішча».

т. 12, с. 523

«ПРЕССБО́Л. ТАКОВА́ СПОРТИ́ВНАЯ ЖИЗНЬ»,

бел. спартыўная газета. Выходзіць з 1991 у Мінску на рус. мове 4 разы на тыдзень. Заснавальнік і выдавец — калектыў рэдакцыі. Тэматыка выдання: спарт., агляды, аналіз спаборніцтваў і асобных гульняў, пераважна ў гульнявых відах спорту (футбол, гандбол, баскетбол і інш.); інфармацыя пра найб. значныя спаборніцтвы ў свеце і на Беларусі; нарысы і інтэрв’ю са спартсменамі і інш. Асн. пастаянныя рубрыкі: «Футбол», «Баскетбол» і інш; «Палеміка»; «Партрэт»; «Навіны»; «Біг-макбол»; «Пратакол»; гумарыстычная «Прыплылі» і інш.

т. 13, с. 36

ПРЖАВА́ЛЬСКАГА ХРЫБЕ́Т,

у гарах Куньлунь (Кітай), гл. ў арт. Аркатаг.

т. 13, с. 36

ПРЖАВА́ЛЬСКІ (Мікалай Міхайлавіч) (12.4.1839, в. Кімбарава Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 1.11.1888),

расійскі географ, падарожнік, натураліст, даследчык Цэнтр. Азіі. Са старадаўняга роду Пржавальскіх, якія атрымалі шляхецкае званне і землі ў Віцебскім ваяв. ВКЛ у канцы 16 ст. Ген.-маёр. (1886). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1878) і Рус. геагр. т-ва (1880), многіх рас. і замежных т-ваў. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Пецярбургу (1863). Кіраўнік экспедыцыі ва Усурыйскі край (1867—69), 4 экспедыцый ў Цэнтр. Азію: Мангольскую (1870—73), Лабнорскую і Джунгарскую (1876—77), першую (1879—80) і другую (1883—85) Тыбецкія. У час экспедыцый пройдзена больш за 30 тыс. км і праведзена здымка гэтай тэрыторыі. П. даследаваў і апісаў прыроду Цэнтр. Азіі, адкрыў некалькі хрыбтоў і катлавін у Куньлуні, Наньшані і Тыбецкім нагор’і, удакладніў паўн. межы нагор’я, даследаваў вярхоўі рэк Хуанхэ і Янцзы, азёры Лабнор і Кукунор, палажыў пачатак вывучэнню клімату, сабраў багатыя калекцыі флоры і фауны, апісаў шэраг невядомых жывёл (у т. л. каня П., дзікага вярблюда, мядзведзя-пішчухаеда і інш.), сабраў звесткі па этнаграфіі. У 1891 Рускае геагр. т-ва ўстанавіла сярэбраны медаль і прэмію імя П., у 1946 Геагр. т-ва СССР — залаты медаль імя П. У яго гонар названы горад (Каракол), сяло ў Смаленскай, вобл., горны хрыбет у сістэме Куньлуня, ледавік на Алтаі, мыс на в-ве Ітуруп (Курыльскія а-вы), некат. віды жывёл і раслін, апісаныя ім.

Тв.:

Монголия и страна тангутов: Трехлетнее путешествие в Восточной нагорной Азии. М., 1946;

От Кульджи за Тянь-Шань и на Лоб-нор. М., 1947;

От Кяхты на истоки Желтой реки: Исслед. северной окраины Тибета и путь через Лоб-нор по бассейну Тарима. М., 1948.

І.​Ф.​Пржавальскі, В.​А.​Ярмоленка.

М.М.Пржавальскі.

т. 13, с. 36

ПРЖЫЯЛКО́ЎСКІ (Віктар Уладзіміравіч) (н. 2.3.1930, г. Серпухаў Маскоўскай вобл.),

бел. і рас. вучоны ў галіне вылічальнай тэхнікі. Д-р тэхн. н., праф. (1984). Герой Сац. Працы (1983). Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1953). З 1959 на Мінскім з-дзе выліч. машын, гал. канструктар ЭВМ «Мінск-2», «Мінск-23», «Мінск-32», ЕС-1020. З 1971 у Маскоўскім н.-д. цэнтры электронна-выліч. тэхнікі. Дзярж. прэмія СССР 1970.

Тв.:

Электронная вычислительная машина «Минск-32» М., 1972 (разам з В.​Я.​Пыхціным, Г.​Дз.​Смірновым);

Электронная вычислительная машина ЕС-1020. М., 1975 (у сааўт.);

Технические и программные средства Единой системы ЭВМ (ЕС ЭВМ-2). М., 1980 (разам з Ю.​С.​Ломавым).

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 37

ПРЖЭ́МЫСЛАВІЧЫ,

чэшская княжацкая і каралеўская дынастыя ў 9—14 ст. Назву атрымалі ад імя легендарнага селяніна-аратага Пржэмысла з в. Старадзіцы. Адзін з першых дакладна вядомых князёў з П. — Вацлаў [924—936]; першы кароль — князь Уратыслаў II [1085—92]. З 12 ст. спадчынныя каралі. Найб. значныя прадстаўнікі:

Пржэмысл I Отакар (? — 15.12.1230), князь (1192—93, 1197), кароль Чэхіі [1198—1230]. Пры ім умацавалася цэнтр. ўлада, вырас міжнар. аўтарытэт чэш. дзяржавы. Садзейнічаў ням. каланізацыі. У 1212 дамогся ад герм. караля Фрыдрыха II Гогенштаўфена прызнання незалежнасці Чэхіі.

Вацлаў I Аднавокі (1205—22 9.1253), кароль Чэхіі [1230—1253], Сын Пржэмысла I Отакара. У час яго праўлення складвалася саслоўная манархія, працягвалася ням. каланізацыя чэш. зямель.

Пржэмысл II Отакар (каля 1230—26.8.1278), кароль Чэхіі [1253—78], Сын Вацлава 1. З дапамогай рэформ умацаваў каралеўскую ўладу і ваен. магутнасць чэш. дзяржавы, якая распрасціралася ад вытокаў Лабы і Одры да Адрыятычнага м. Удзельнічаў у крыжовых паходах Тэўтонскага ордэна супраць прусаў і ВКЛ (1254, 1267). У гонар яго быў названы засн. ў 1255 г. Кралявец (ад чэш. krdl кароль, ням. Кёнігсберг, цяпер Калінінград). Сапернічаў з Рудольфам II Габсбургам за імператарскі прастол, пасля выбрання таго імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» (1273), адмовіўся прынесці ленную прысягу. Загінуў у бітве каля Сухіх Круг (Маравія). У 1306 пасля смерці караля Вацлава III [1305—06] дынастыя спыніла існаванне.

т. 13, с. 37

ПРО́БА (ням. Probe ад лац. probo выпрабоўваю, ацэньваю),

частка доследнага рэчыва, ідэнтычная хім. саставам і фізічнымі ўласцівасцямі ўсёй яго масе. Адбіраюць П. для правядзення лабараторных аналізаў сыравіны, прамежкавых прадуктаў вытв-сці, гатовай прадукцыі і інш.

т. 13, с. 37

ПРО́БАШЧ (польск. proboszcz ад чэш. probošt ад лац. propositus начальнік, загадчык),

парох, плябан, у каталіцкай царкве ксёндз — кіраўнік парафіі, настаяцель парафіяльнага касцёла. Да 19 20 ст. тытул П. мелі нешматлікія кіраўнікі парафій, напр., некат. члены капітула, астатнія наз. плябанамі. У 1-й трэці 19 ст. з 14 парафій Гродзенскага дэканата ўзначальваліся П. Гродзенская фарная і Вялікабераставіцкая.

І.​Г.​Ганчарук.

т. 13, с. 37

ПРО́БА ВЫСАКАРО́ДНЫХ МЕТА́ЛАЎ,

колькасная наяўнасць золата, серабра, плаціны і паладыю ў лігатурным сплаве, які выкарыстоўваюць у вытв-сці ювелірных вырабаў, манет, медалёў і інш. Па метрычнай сістэме, што прынята ў большасці краін, выражаецца колькасцю грамаў высакароднага металу ў 1000 г сплаву (чыстаму металу адпавядае 1000-я проба). П.в.м. для ювелірных вырабаў: 375, 500, 583, 750 і 958 — з золата; 750, 800, 875, 916, 925 і 960 — з серабра, 950 — з плаціны, 500 і 850 — з паладыю. П.в.м. вырабаў гарантуецца дзярж. кляймом.

т. 13, с. 37