ПРО́НЧЫШЧАЎ (Васіль Васілевіч) (1702—29.8.1736),
расійскі мараплавец. Са старадаўняга шляхецкага роду Магілёўшчыны. Скончыў Маскоўскую школу матэм. і навігацыйных навук (1718). У 1733 лейтэнант і кіраўнік аднаго з паўн. атрадаў 2-й Камчацкай экспедыцыі па апісанні берагоў Паўн. Ледавітага ак. ад вусця р. Лена да вусця р. Енісей. У 1735 на парусна-вяслярнай дубель-шлюпцы «Якуцк» прайшоў па р. Лена з Якуцка да вусця, з правядзеннем інструментальнай здымкі гэтай ч. ракі. У 1736 даследаваў усх. бераг п-ва Таймыр і ўздоўж яго падняўся на Пн да 77°29′ паўн. ш., адкрыў в-аў Пятра і ўсх. групу а-воў Самуіла (цяпер — Камсамольскай Праўды). На зваротным шляху П. памёр ад цынгі. У плаваннях П. прымала ўдзел яго жонка Марыя Прончышчава — першая рас. палярная падарожніца. Імем П. названы ч. ўсх. берага п-ва Таймыр, краж паміж вусцем рэк Алянёк і Анабар. У гонар М.Прончышчавай — бухта ў м. Лапцевых.
В.А.Ярмоленка.
т. 13, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)