Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПРАТА..., прота... (ад грэч. prōtos першы), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: 1) першапачатковы, першасны, напр., пратадэрма, пратаплазма, протарэнесанс, 2) старшынство ў царкоўным чыне, напр., протадыякан, протапрэсвітэр.

т. 13, с. 22

ПРА́ТА (Prato),

горад у Цэнтр. Італіі, у правінцыі Фларэнцыя, у вобл. Таскана. Каля 180 тыс. ж. (2000). У эканам. адносінах цесна звязаны з г. Фларэнцыя. Цэнтр тэкст. прам-сці (з 13 ст., шарсцяныя тканіны, дыванаткацтва). Развіты тэкст. машынабудаванне, хім., гарбарная, швейная, харч. прам-сць. Маст. галерэя. Арх. помнікі 12—15 ст.

т. 13, с. 22

ПРАТАГО́Р (Prōtagoras) з Абдэры

(480—410 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф. Адзін з першых прафес. педагогаў рыторыкі і эрыстыкі (майстэрства спрэчкі), адзін з заснавальнікаў школы сафістаў. Падарожнічаў па Грэцыі, арганізоўваў публічныя дыспуты. Быў у дружалюбных адносінах з Перыклам і Эўрыпідам. Аўтар законаў для г. Фурыі (падрыхтаваў праект новай канстытуцыі), больш за 10 твораў, у т. л. «Аб існым», «Аб навуках», «Аб дзяржаве», «Майстэрства спрэчкі», «Ісціна», «Супярэчнасці». За кн. «Аб багах» быў прыгавораны да смяротнага пакарання, але памілаваны і выгнаны з Афін. П. — адзін з заснавальнікаў рэлятывізму. Яго гнасеалагічны рэлятывізм базіраваў на анталагічным рэлятывізме — прынцыпе абсалютнай зменлівасці матэрыі, пераходзе ўсяго існуючага ў супрацьлеглае сабе. Гэтым і сваім скептыцызмам ён расхістваў дагматызм як тып мыслення. П. зрабіў вывад аб тым, што ісціна цалкам залежыць ад суб’екта («мера ўсіх рэчаў — чалавек: існых — у іх быцці і няісных — у іх небыцці»).

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Антология мировой философии. М., 1969. Т. 1, ч. 1.

Літ.:

Диоген Лаэртский. О жизни, учениях и изречениях знаменитых философов. Пер с греч. М., 1995;

Чанышев А.Н. Курс лекций по древней и средневековой философии. М., 1991.

Т.​І.​Адула.

т. 13, с. 22

ПРАТАДЭ́РМА (ад прата... + дэрма),

вонкавы слой клетак верхавінкавай мерыстэмы парастка і кораня. У працэсе развіцця П. дыферэнцыруецца ў эпідэрму (на парастку) або рызадэрму (на корані), радзей дае пачатак некат. субэпідэрмальным тканкам.

т. 13, с. 22

ПРАТАЗА́Н (ням. Partisane ад франц. pertuisane),

кап’ё з плоскім і доўгім металічным наканечнікам, замацаваным на дрэўку даўжынёй да 2,5 м і больш. Наканечнік упрыгожвалі арнаментам, выявай герба і інш.; дрэўка размалёўвалі або абшывалі аксамітам, шоўкам і інш. У 16 ст. П. — зброя ландскнехтаў, У 17 — целаахоўнікаў пры манархах, у т. л. ў Рэчы Паспалітай. Пад назвай эспатон быў на ўзбраенні рас. арміі да пач. 19 ст.

Пратазан з выявай гербаў Рэчы Паспалітай. Каля 1700.

т. 13, с. 22

ПРАТАЗА́НАЎ (Якаў Аляксандравіч) (4.2.1881, Масква — 8.8.1945),

расійскі кінарэжысёр; адзін з заснавальнікаў рас. кінематаграфіі. Засл. дз. маст. Расіі (1935). Засл. дз. маст. Узбекістана (1943). У кіно з 1907, першы фільм — «Бахчысарайскі фантан» (1909). Да 1918 паставіў каля 80 фільмаў, у т. л. «Вайна і мір» (з У.​Р.​Гардзіным; паводле Л.​Талстога), «Д’яблы» (паводле Ф.​Дастаеўскага; абодва 1915), «Пікавая дама» (1916; паводле А.​Пушкіна) і «Айцец Сергій» (1918; паводле Л.​Талстога). З 1920 працаваў у Парыжы і Берліне. З 1923 у Расіі. Зняў фільмы: «Аэліта» (1924; паводле А.​Талстога), камедыі «Закройшчык з Таржка» (1925), «Працэс аб трох мільёнах» (1926), «Дон Дыега і Пелагея» (1928), «Свята святога Іоргена» (1930), «Насрэдзін у Бухары» (1943). Сярод інш. фільмаў: «Сорак першы» (1927; паводле Б.​Лаўранёва), «Белы арол» (1928; паводле апавяд. Л.​Андрэева «Губернатар»), «Беспасажніца» (1937; паводле А.​Астроўскага), «Салават Юлаеў» (1941), фільм-памфлет «Марыянеткі» (1934) і інш. Яго творчасць вызначалася высокім прафес. майстэрствам, увагай да мастацтва акцёра, увасабленнем лепшых традыцый рус. тэатра і л-ры ў кіно.

Літ.:

Арлазоров М.С. Протазанов. М., 1973.

Л.​В.​Календа.

т. 13, с. 23

ПРАТАЗО́РКА (ад прата... + зорка),

умоўная назва цела, з якога фарміруецца зорка. Уяўляе сабой адасобленую з газапылавога воблака ў выніку яго гравітацыйнай няўстойлівасці шчыльную кандэнсацыю рэчыва, дзе яшчэ не дасягнуты т-ры, неабходныя для пачатку тэрмаядзерных рэакцый — асн. крыніцы энергіі зорак. Пры далейшым сцісканні (на працягу каля 20 млн. гадоў) рэчыва П. разаграваецца і т-ра ў яго нетрах узрастае да 10 млн. К і больш. Гэта стварае ўмовы для працякання рэакцый тэрмаядз. сінтэзу, пасля чаго сцісканне П. спыняецца — утвараецца зорка.

т. 13, с. 23

ПРАТАКО́КАВЫЯ ВО́ДАРАСЦІ,

гл ў арт. Зялёныя водарасці.

т. 13, с. 23

ПРАТАКО́Л (ад грэч. prōtokollon першы аркуш),

1) дакумент, складзены паводле пэўнай формы, які змяшчае запіс выступленняў удзельнікаў сходу, нарады, пасяджэння і прынятыя імі рашэнні.

2) Працэсуальны дакумент, у якім у пісьмовай форме фіксуюцца ход і вынікі працэсуальных дзеянняў, што ажыццяўляюцца следчым, асобай, якая вядзе дазнанне пры расследаванні крымін. спраў, і судом пры разборы крымін. і цывільных спраў, а таксама арбітражным або гасп. судом пры разборы спраў, аднесеных да іх кампетэнцыі.

3) Акт, складзены службовай асобай, які ўтрымлівае апісанне выкананых ёю дзеянняў і ўстаноўленых фактаў.

4) Рашэнне міжнар. канферэнцыі, якое мае сілу міжнар. дагавора.

5) Дыпламат. П. — сукупнасць правілаў, якія рэгулююць парадак выканання розных дыпламат. актаў.

т. 13, с. 23

ПРАТАКТЫ́НІЙ (лац. Protactinium),

Pa, радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 91, ат. м. 231,0359, адносіцца да актыноідаў. Вядома 20 ізатопаў з масавымі лікамі 216—218, 222—238; найб. устойлівы ​231Pa (перыяд паўраспаду 3,28∙10​4 гадоў) уваходзіць у радыеактыўны рад урану. У зямной кары 10​−10% па масе. Адкрыты ў 1917 О.Ганам і Л.Майтнер і незалежна ад іх — Ф.Содзі і Дж.​Кранстанам. Назва ад грэч. prōton — першы і актыній (пры α-распадзе ​231Pa утвараецца актыній-227).

Светла-шэры метал, tпл1572 °C, шчыльн. 15370 кг/м³. Вылучаюць з прыроднай сыравіны (ва уранавых рудах на 1 частку урану прыпадае ⁓3∙10​−7 частак П.). Выкарыстоўваюць ​231Pa як зыходны нуклід для атрымання урану-232, ​233Pa (γ-выпрамяняльнік) у навук. доследах.

т. 13, с. 23