Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПРА́СНІЦА,

старадаўняя драўляная прылада для прадзення воўны, ільняной і пяньковай кудзелі. На Беларусі 4 асн. тыпы: лапатападобная, П.-грэбень, П.-вілы, П.-кій. Найб. пашыраны лапатападобная і П -грэбень (Прыпяцкае Палессе). Лапатападобныя рабілі з суцэльнага кавалка дрэва (частка ствала з карэнішчам) ці з 2 частак — лопасць пад прамым вуглом устаўлялі ў днішча або ў адтуліну ў лаве (Зах. Палессе). Лопасць звычайна прамавугольнай формы з адносінамі бакоў 2:1; сустракаліся таксама вёслападобныя (Лідчына), мечападобныя (Брэстчына), П.-дошчачкі (мацаваліся да калаўрота) і інш. П. аздаблялі разьбой — фігурна апрацоўвалі ножкі, выпілоўвалі краі лопасці (Навагрудчына). На Гродзеншчыне, Віцебшчыне лопасць часам аздаблялі трохгранна-выемчатай ці контурнай разьбой. Асаблівым багаццем і разнастайнасцю дэкору вызначаюцца камянецкія прасніцы. У наш час са знікненнем ролі ручнога прадзення і ткацтва П. амаль выйшлі з ужытку.

Літ.:

Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

Я.​М.​Сахута.

Прасніца. Вёска Чонкі Гомельскага раёна. 19 ст.

т. 13, с. 18

ПРАСНЯКО́Ў (Аляксандр Яўгенавіч) (3.5.1870, г. Адэса, Украіна —30.9.1929),

расійскі гісторык. Праф. (1918), чл.-кар. Рас. АН (1920). Скончыў Пецярбургскі ун-т. Даследаваў пытанні паліт. гісторыі Расіі, рус. летапісанне 16 ст. («Княжацкае права ў Старажытнай Русі», 1909; «Утварэнне Велікарускай дзяржавы», «Маскоўскае царства», абодва 1918), рух дзекабрыстаў і народнікаў («14 снежня 1825 г.», 1926). У «Лекцыях па рускай гісторыі» (т. 1—2; выд. 1938—39) даследаваў гісторыю ВКЛ. Лічыў, што пасля распаду Кіеўскай Русі найб. значэнне адыгралі Полацкае княства, Суздальская, Наўгародска-Пскоўская і Галіцкая землі, падкрэсліваў, што Навагрудак быў першым цэнтрам ВКЛ.

Літ.:

Шапиро А.Л. Русская историография с древнейших времен до 1917 г. 2 изд. М., 1993. С. 636—647.

т. 13, с. 19

ПРАСО́ДЫЯ (ад грэч. prosodia націск, прыпеў),

1) раздзел вершазнаўства, які змяшчае класіфікацыю метрычна значных гукавых элементаў мовы, рытмікі, вымаўлення, націскных і ненаціскных, доўгіх і кароткіх складоў, іх суадносіны ў вершы. Тэрмін «П.» перайшоў у сучаснае літ.-знаўства з ант. Грэцыі, дзе П. называлі раздзел граматыкі, у якім раскрываўся сэнс націску (першапачаткова музычнага), а таксама працягласці вымаўлення складоў. У 18—19 ст. азначаў сукупнасць правіл вершаскладання. Цяпер ён выкарыстоўваецца гал. ч. пры аналізе вершаваных сістэм, іх моўных магчымасцей і рэсурсаў. Так, калі гавораць пра сілабічны верш, то падкрэсліваюць, што ён не зусім адпавядаў прасадычным якасцям бел. мовы (разнамесны, рухомы націск), а таму саступіў сваё месца сілаба-тоніцы, акцэнтнаму і свабоднаму вершу.

2) У шырокім сэнсе часам ужываецца як сінонім рытмікі (і шырэй — вершаскладання) ці метрыкі.

Літ.:

Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;

Ралько І.Д. Вершаскладанне. Мн., 1977.

І.​С.​Шпакоўскі.

т. 13, с. 19

ПРАСО́МА,

аддзел цела членістаногіх жывёл, тое, што галавагрудзі.

т. 13, с. 19

ПРАСПЕ́КТ (ад лац. prospectus від, агляд),

1) падрабязны план, змест будучага выдання.

2) Даведачнае выданне рэкламнага характару або гандлёвы каталог, які змяшчае пералік прадметаў, прызначаных для выпуску і продажу.

т. 13, с. 19

ПРАСПЕ́КТ (ад лац. prospectus від, агляд) у горадабудаўніцтве, асноўная магістраль вял., буйнога горада са шматрадным трансп. рухам. Уздоўж П. звычайна размяшчаюцца адм.-грамадскія і інш. плошчы з асн. і грамадскімі будынкамі, што ўтвараюць значныя арх. ансамблі горада. Можа стварацца на працягу невял. адрэзка часу паводле адзінай задумы і ў адным стылі, на працягу доўгага часу шляхам дапаўнення першапачатковай кампазіцыі інш. па стылі будынкамі і збудаваннямі ці шляхам карэннай рэканструкцыі. У Расіі і на Беларусі паяўленне П. звязана з развіццём горадабудаўніцтва і ансамблевасці забудовы ў 18—19 ст. (П. Неўскі ў С.-Пецярбургу, Дняпроўскі ў Магілёве і інш.). Значнымі памерамі і ансамблевасцю забудовы вылучаюцца Скарыны праспект, Машэрава праспект у Мінску, П. Чарняхоўскага ў Віцебску, Касманаўтаў у Гродне, Леніна ў Гомелі, Міру ў Магілёве і інш. У стварэнні арх.-маст. аблічча П. выкарыстоўваюцца сродкі фарміравання арх. ансамбляў, выпрацаваныя шматвяковым вопытам горадабудаўніцтва (цэласнасць, маштабнасць, спалучэнне адкрытых і замкнёных прастораў, замыканне перспектыў арх. акцэнтамі і інш.).

Літ.:

Общественные центры городских населенных мест БССР. Мн., 1991.

Кутузаўскі праспект у Маскве.

т. 13, с. 19

ПРАСТАКРЫ́ЛЫЯ,

атрад насякомых, гл. Прамакрылыя.

т. 13, с. 19

ПРАСТАМО́ЎЕ,

1) вусна-размоўныя словы, выразы, іх варыянты і формы, якія выкарыстоўваюцца ў літаратурнай мове як стылістычны сродак зніжанай, грубаватай характарыстыкі прадметаў, вобразаў, з’яў. Напр., «абармот», «выскаляцца», «перціся на ражон», «раней яна прыгажэй была» і інш. 2) Разнавіднасць нацыянальнай мовы, якой уласцівы вусна-размоўныя словы, выразы, формы і якой карыстаюцца як сродкам непасрэдных вусных моўных зносін.

Для П. характэрны: неафіцыйнасць моўных зносін, экспромтнасць, адсутнасць папярэдняга абдумвання тэмы размовы і адбору адпаведных моўных сродкаў, першаснасць вуснай формы рэалізацыі мовы. П. ў якасці стыліст. сродкаў жартаўлівага, гумарыст., іранічнага, сатыр. адлюстравання рэчаіснасці ўваходзіць у склад літ. мовы, можа выкарыстоўвацца пры пэўных абставінах усімі яе носьбітамі і ўтварае разрад літ. П. (напр., «абібок», «канючыць»). Словы і выразы, што адрозніваюцца ад літ. адпаведнікаў націскам, асобнымі гукамі, форма- і словаўтваральнымі сродкамі, як ненарматыўны моўны элемент служаць сродкам стварэння эфекту зніжанасці маўлення, стылізацыі і ўтвараюць разрад пазаліт. П. (напр., «магазін», «іграць на піяніне»).

Літ.:

Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1976;

Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1983.

В.​П.​Красней.

т. 13, с. 19

ПРАСТА́ТА,

няпарны залозіста-мышачны орган мужчын і самцоў жывёл.

Размешчана ў малым тазе, паміж дном мачавога пузыра і ампулай прамой кішкі; шчыльна ахоплівае шыйку пузыра і задні аддзел мочаспускальнага канала. Утворана асобнымі залозкамі розных памераў. Вывадныя пратокі П. адкрываюцца ў прастатычным аддзеле мочаспускальнага канала. Функцыі П. рэгулюе нерв. і эндакрынная сістэма. Сакрэт П. адыгрывае важную ролю ў забеспячэнні жыццядзейнасці сперматазоідаў у семявай вадкасці. Найб. частыя хваробы П. — прастатыт, пухліны (напр., адэнома прастаты).

т. 13, с. 19

ПРАСТАТЫ́Т,

запаленне прастаты. Абумоўлены ганакокавай, стафіла- і стрэптакокавай інфекцыяй, трыхаманадамі і інш. Часта спалучаецца з везікулітам, урэтрытам, у пажылым узросце з адэномай прастаты. Адрозніваюць П. востры і хранічны. Сімптомы вострага: смыленне ў мочаспускальным канале, частае мочаспусканне, дамешкі гною ў мачы. Пры хранічным П. тупы боль у прамежнасці, парушэнне палавой функцыі. Лячэнне тэрапеўт., пры ўтварэнні абсцэсу — хірургічнае.

т. 13, с. 20