ПРАСТО́Л,
1) у манархічнай дзяржаве назва трона — сімвала ўлады манарха.
2) У праваслаўным храме стол з мошчамі, накрыты пакрывалам — гал. прыналежнасць алтара. На П. знаходзіцца антымііс (хустка з выявай палажэння ў труну Ісуса Хрыста), прастольнае Евангелле, даразахавальніца, напрастольны крыж. Прастольнае свята — дзень святога, у гонар якога пабудавана царква.
т. 13, с. 20
ПРАСТО́РА ў матэматыцы,
лагічна магчымая форма (ці структура), якая служыць асяроддзем, дзе ажыццяўляюцца інш. формы і структуры, будуюцца розныя матэм. тэорыі. Напр., у элементарнай геаметрыі на плоскасці ці ў П. будуюцца розныя фігуры.
Узнікла як вынік абагульнення звычайнай трохмернай П. У большасці выпадкаў у П. фіксуюцца суадносіны, аналагічныя паводле фармальных уласцівасцей са звычайнымі прасторавымі суадносінамі (адлегласць паміж пунктамі, роўнасць фігур і інш.). Такія абагульненні даюць магчымасць выкарыстоўваць геам. аналогіі для рашэння канкрэтных задач, дзе рэальныя формы рэчаіснасці не з’яўляюцца прасторавымі ў звычайным сэнсе, аднак маюць прасторава-падобную структуру. Напр., метрычная П. (вызначана адлегласць паміж пунктамі; гл. Метрыка ў матэматыцы), «П. падзей» у геам. інтэрпрэтацыі тэорыі адноснасці, фазавая прастора ў тэарэт. фізіцы і механіцы. Гл. таксама Мнагамерная прастора, Тапалагічная прастора, Эўклідава прастора.
т. 13, с. 20
ПРАСТО́РАВАЯ ІЗАМЕРЫ́Я, стэрэаізамерыя,
адзін з тыпаў ізамерыі хім. злучэнняў. Абумоўлена існаваннем злучэнняў (стэрэаізамераў) з аднолькавай паслядоўнасцю сувязей атамаў паміж сабой, але розным іх прасторавым размяшчэннем у малекуле. Падзяляюць на энантыямерыю, ці аптычную ізамерыю, якая ўзнікае пры наяўнасці ў малекуле элемента хіральнасці, дыястэрэамерыю, абумоўленую існаваннем у злучэнняў з некалькімі элементамі хіральнасці груп прасторавых ізамераў, якія не з’яўляюцца аптычнымі антыподамі (гл. Дыястэрэамеры), геаметрычную ізамерыю, уласцівую злучэнням з падвойнымі сувязямі і малымі цыкламі.
т. 13, с. 21
ПРАСТО́РАВАЯ ІНВЕ́РСІЯ,
змена знакаў прасторавых каардынат часціц на процілеглыя: x→−x, y→−y, z→−z. Фіз. сэнс пераўтварэння П.і. звязаны з тым, што працэсы прыроды, абумоўленыя моцнымі і эл.-магн. ўзаемадзеяннямі, не змяняюцца пры П.і. — для ўсякага такога працэсу ў прыродзе ажыццяўляецца і працякае з той жа імавернасцю «люстрана адбіты» працэс і квантавамех. апісанне яго вядзе да існавання прасторавай цотнасці, якая захоўваецца пры моцных і эл.-магн. узаемадзеяннях. У слабых узаемадзеяннях такая сіметрыя адсутнічае (прасторавая цотнасць не захоўваецца).
т. 13, с. 21
ПРАСТО́РАВАЯ КРЫВА́Я,
лінія, пункты якой не ляжаць у адной плоскасці. У дэкартавых каардынатах задаецца як перасячэнне 2 паверхняў F(x, y, z) = 0 і Φ(x, y, z) = 0 або ў параметрычнай форме: x = x(t), y = y(t), z = z(t).
т. 13, с. 21
ПРАСТО́РАВАЯ СІСТЭ́МА ў будаўнічай механіцы,
сістэма нясучай канструкцыі (або яе разліковая схема), якая характарызуецца прасторавым размеркаваннем мех. намаганняў у яе элементах. Падзяляюцца на масіўныя (напр., падмуркі, плаціны, станіны машын); танкасценныя (у выглядзе пласцін і абалонак); стрыжнёвыя (вежы, мачты, фермы мастоў, апоры ЛЭП і інш.); прасторавыя каркасы (складаюцца з калон і рыгеляў, звязаных у рамныя злучэнні). П.с. геаметрычна нязменныя, што забяспечвае іх эфектыўнасць (эканамічнасць), аднак іх буд-ва патрабуе складаных разлікаў. Гл. таксама Камбінаваная сістэма, Плоская сістэма.
т. 13, с. 21
ПРАСТО́РАВЫ ЗАРА́Д, аб’ёмны зарад,
зарад электрычны, размеркаваны па некаторым аб’ёме. Узнікае пры розных канцэнтрацыях дадатных і адмоўных носьбітаў зараду ў прасторы (напр., электронаў і іонаў у плазме). Назіраецца паблізу ад электродаў пры праходжанні эл. току праз электраліт ці газ, на мяжы 2 паўправаднікоў з рознымі тыпамі праводнасці, у вакууме пры электроннай эмісіі і інш. П.з. вызначае прасторавае размеркаванне патэнцыялу і напружанасці электрычнага поля.
т. 13, с. 21
ПРАСТО́РАВЫ МЕХАНІ́ЗМ,
механізм, у якім звёны выконваюць прасторавыя рухі ці рухі ў розных плоскасцях (напр., чарвячная перадача, шарнірная муфта).
т. 13, с. 21
ПРАСТО́РА І ЧАС у філасофіі,
філасофскія катэгорыі, якія абазначаюць формы быцця рэчаў і з’яў. Прасторавыя адносіны ахопліваюць парадак падзей, што існуюць адначасова, а таксама памеры матэрыяльных аб’ектаў. Часавыя адносіны адлюстроўваюць парадак падзей, якія ідуць адна за адной, іх працягласць у часе. П. і ч. уласцівы ўсім прадметам і з’явам рэчаіснасці. Кожны прыродны ці гіст. працэс можа адбывацца толькі ў П. і ч. Узаемасувязь П. і ч., іх адзінства выяўляюцца ў руху і развіцці матэрыі, абумоўлены залежнасцю ад структурных адносін і працэсаў развіцця ў матэрыяльных сістэмах, адзінствам перапыннага і неперапыннага ў структурнай пабудове сістэм, колькаснай і якаснай бясконцасцю. Кожны элемент адзінства П. і ч. мае свае асаблівыя рысы. Прастора характарызуецца працягласцю, звязанасцю і неперапыннасцю, трохмернасцю, метрычнымі ўласцівасцямі, сіметрыяй і асіметрыяй, канкрэтнай формай і памерамі, месцазнаходжаннем, прасторавым размеркаваннем рэчыва і поля, адлегласці паміж целамі і рознымі сістэмамі. Да спецыфічных рысаў часу належаць: працягласць, якая выражае паслядоўнасць станаў і змен цел; канечнасць і перапыннасць існавання прадметаў і з’яў, асіметрычнасць, неабарачальнасць і накіраванасць ад мінулага да будучага, а таксама часавыя адносіны паміж рознымі цыкламі ў структуры сістэм, адначасовасць, рытм, тэмп, хуткасць развіцця працэсаў. Матэрыяліст. філасофія прызнае аб’ектыўнасць, усеагульнасць і універсальнасць П. і ч. Прадстаўнікі інш. філас. кірункаў ставяць П. і ч. у залежнасць ад індывід. свядомасці (Дж.Берклі, Д.Юм), ад надсусветнага розуму ці абсалютнай ідэі (Г.Гегель, А.Бергсон) або лічаць іх апрыёрнымі формамі пачуццёвага сузірання (І.Кант).
В.І.Боўш.
т. 13, с. 20