Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПРАМІСКУІТЭ́Т (ад лац. promiscuus змешаны, агульны),

хаатычныя палавыя зносіны са многімі партнёрамі. Пашыраны сярод падлеткаў. Да П. можа прывесці паталаг. павышаная палавая цяга (сексуальная растарможанасць узнікае пры пашкоджаннях глыбінных структур мозга, розных расстройствах псіхікі). Часта спалучаецца з алкагалізмам. У чалавечым грамадстве станаўленню норм шлюбу і формы сям’і папярэднічалі нічым не акрэсленыя адносіны паміж паламі. П. у жывёл — форма палавых зносін, пры якой за сезон размнажэння адбываецца хаатычнае спарванне з рознымі партнёрамі. Гл. таксама Панміксія.

т. 13, с. 5

ПРАМО́ВА, мова-аснова,

старажытная мова, з дыялектаў якой шляхам паступовага развіцця ўзнікае група т.зв. роднасных моў або моўных сем’яў. Некат. П. добра вядомыя з прычыны захавання пісьмовых помнікаў, напр., лацінская мова як П. раманскіх моў. У інш. выпадках П. рэканструююцца (напр., праславянская, праіндаеўрапейская і інш.) метадамі параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. Рэканструкцыя П. як сістэм заканамерных фанет., марфал., сінтакс. і семантычных суадпаведнасцей — магчымасць лепей зразумець шляхі эвалюцыі асобных моў, вызначыць адносіны роднасці паміж імі, выйсці за часавыя межы самых старых зафіксаваных тэкстаў.

Літ.:

Трубецкой Н.С. Мысли об индоевропейской проблеме // Трубецкой Н.С. Избр. тр. по филологии. М., 1987;

Гамкрелидзе Т.В., Иванов В.В. Индоевропейский язык и индоевропейцы. [Т]. 1—2. Тбилиси, 1984.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 5

«ПРАМО́ВА МЯЛЕ́ШКІ»,

помнік бел. літаратуры 1-й пал. 17 ст. Належыць да гумарыстычна-парадыйных і сатыр. твораў аратарскай прозы. Створана ў форме прамовы на сейме, прыпісанай смаленскаму кашталяну І.​Мялешку. Супастаўляючы сучаснае з мінулым, аўтар закранае надзённыя праблемы грамадскага жыцця Беларусі свайго часу, падае яркія малюнкі ўнутрыпаліт. становішча ў краіне. У творы дасціпна парадзіруюцца норавы і звычкі бел. шляхты, высмейваюцца яе баязлівасць і бяздзейнасць, нізкапаклонства перад усім замежным. Асабліва асуджаюцца пануючыя вярхі, крытыкуецца антынар. палітыка пануючага класа, грамадскія парадкі Рэчы Паспалітай. Твор глыбокапатрыят., лёгкі гумар спалучаецца ў ім з сатырай. Яго аўтар — прадстаўнік служылай бел. шляхты, чалавек свецкага светапогляду, назіральны і дасціпны, прыхільнік традыц. ўкладу жыцця і маральнай чысціні грамадства. «П.М.» — твор значнага грамадскага гучання, накіраваны супраць іншаземнага засілля на бел. землях, разбурэння нар. традыцый, нац. рэнегацтва. Напісана жывой бел. мовай, багатай нар. фразеалогіяй. Разам з «Лістом да Абуховіча» «П.М.» — яркая з’ява пераходнага перыяду развіцця бел. л-ры на шляху яе набліжэння да нар. вытокаў, дэмакратызацыі. Упершыню апублікавана Ю.​Нямцэвічам ў 1822 у перакладзе на польск. мову.

Публ.: У кн.: Хрэстаматыя па старажытнабеларускай літаратуры. Мн., 1959.

Літ.:

Даўгяла З.І. З беларускага пісьменства XVII ст.: Творы Цыпрыяна Камунякі «Ліст да Абуховіча» і «Прамова Мялешкі». Мн., 1927;

Прашович Н. «Прамова Мялешкі» и «Ліст да Абуховіча» — новый этап в истории белорусской литературы // Тр. Отд. древнерусской литературы. 1969. Т. 24;

История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 13, с. 5

«ПРАМО́ВА РУСІ́НА»

(«Concio Ruthena»),

бел. ананімны сатырычны твор 1-й пал. 18 ст. антырэліг. накіраванасці. Уваходзіла ў рукапісны зборнік твораў на бел., лац. і польскай мовах (нап. 1711—41). Напісана лацінкай на бел. гутарковай мове. У аснове твора апавяданне пра будову Сусвету, які ўяўляецца аўтару ў выглядзе жорнаў, дзе бог «перамолвае» людзей. У «Прамове» крытыкуюцца тагачасная рэчаіснасць, несправядлівы падзел матэрыяльных даброт, выкрываюцца рэліг. догмы і вера ў боскую справядлівасць. У творы адчуваецца рэліг. вальнадумства, выкарыстана барочная алегорыя. Належыць, відаць, аўтару «Другой прамовы Русіна аб нараджэнні Хрыста».

Публ.: Прамова Русіна... // Полымя. 1965. №9.

Літ.:

Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн.,1968;

Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.

т. 13, с. 5

ПРАМО́Е ПРАЎЛЕ́ННЕ,

адзін са спосабаў (форм) ажыццяўлення мясц. самакіравання, замацавана ў канстытуцыйным праве. Заключаецца ў вырашэнні пытанняў мясц. значэння непасрэдна на сходах жыхароў адпаведных тэр. адзінак. Прымяняецца ў шэрагу кантонаў Швейцарыі, некат. штатах ЗША і шэрагу інш. краін.

т. 13, с. 5

ПРАМО́Е ЎЗЫХО́ДЖАННЕ,

гл ў арт Нябесныя каардынаты.

т. 13, с. 5

ПРАМО́ТАРЫ (ад лац. promovere прасоўваць),

гл. ў арт. Каталізатары.

т. 13, с. 5

ПРАМПА́РТЫІ ПРАЦЭ́С,

судовы працэс у Маскве 25.11—7.12.1930. Паводле сфальсіфікаваных матэрыялаў група інж.-тэхн. інтэлігенцыі з 8 чал. (сярод іх вучоны-цеплатэхнік Л.​К.​Рамзін) абвінавачвалася ў стварэнні антысав. падпольнай арг-цыі (т.зв. Прампартыі) і ажыццяўленні ў 1925—30 шкодніцтва ў прам-сці і на транспарце. 5 чал., у т. л. Рамзін, прыгавораны да расстрэлу (заменены Прэзідыумам ЦВК на 10 гадоў пазбаўлення волі), 3 — на 10 гадоў пазбаўлення волі. У лют. 1936 ЦВК СССР памілаваў некат. асуджаных. У канцы 1980-х г. усе падсудныя рэабілітаваны.

т. 13, с. 5

ПРАМТРАНСПРАЕ́КТ», Мінскі «Прамтранспраект» Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь,

інстытут прамыслова-транспартнага праектавання. Засн. ў 1961 у Мінску як Бел. пастаянная экспедыцыя Дзярж. праектнага ін-та «Прамтранспраект» (Масква), з 1965 — Бел. аддзел комплекснага праектавання, з 1969 — Мінскае аддзяленне гэтага ін-та. З 1991 самастойны ін-т Мінскі «Прамтранспраект» (арэнднае прадпрыемства). З 1992 — базавая спецыялізаваная арг-цыя Беларусі па буд. праектаванні ўсіх відаў прамысл. транспарту. Па праектах ін-та пабудаваны транспарт аэрапорта «Мінск-2», нафтаперапр. з-даў у Мазыры і Наваполацку, Бел. аўтамаб. і Бел. металургічнага з-даў, ВА «Беларуськалій», «Гомсельмаш», гродзенскага «Азот» і інш.; пабудаваны 19 чыг. станцый, у т. л. Барбароў, Наваполацк, Сітніца; масты цераз р. Свіслач у Мінску і вадасховішча ў Салігорску і інш.

А.​А.​Спаткай.

т. 13, с. 6

ПРАМУЛЬГА́ЦЫЯ (ад лац. promulgatio публічнае абвяшчэнне),

у канстытуцыйным праве шэрагу дзяржаў апублікаванне прынятага і зацверджанага закона ў афіц. друкаваным органе, якое ажыццяўляецца кіраўніком дзяржавы ва ўстаноўленыя канстытуцыяй або законам тэрміны. Толькі пасля П. закон, як правіла, набывае абавязковую сілу.

т. 13, с. 6