Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПРАМЕ́ЖКАВЫЯ ГАСПАДАРЫ́ паразітаў,

арганізмы, у якіх паразіт жыве ў лічынкавым стане, размнажаецца бясполым шляхам ці партэнагенетычна; абавязковае звяно ў цыкле развіцця многіх паразітаў. У адрозненне ад П.г. дэфінітыўнымі гаспадарамі з’яўляюцца арганізмы, у якіх паразіт дасягае палавой спеласці і размнажаецца палавым шляхам. П.г. насяляюць агульны з дэфінітыўнымі гаспадарамі біятоп ці маюць з імі харч. сувязі. П.г. могуць быць малюскі, чэрві, ракападобныя, кляшчы, насякомыя, рыбы, земнаводныя, паўзуны, млекакормячыя і чалавек.

Кожная група П.г. спецыфічная для пэўных груп паразітаў. Напр., малюскі — для смактуноў; ракападобныя — для стужачных чарвей, скрэбняў; млекакормячыя жывёлы — для стужачных чарвей (мышападобныя грызуны — для альвеакока; авечкі, козы, свінні — для эхінакока, буйн. раг. жывёла — для бычынага цэпеня). Чалавек — П.г. для эхінакока, плазмодыяў.

т. 12, с. 554

ПРАМЕ́ЖКАВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

с.-г. расліны, якія высяваюцца і даюць ураджай у прамежак часу, свабодны ад вырошчвання асн. культуры. Павялічваюць прадукцыйнасць угоддзяў у некалькі разоў, дазваляюць найб. поўна выкарыстоўваць сонечную энергію, вільгаць, пажыўныя рэчывы глебы, абараняць глебу ад эрозіі. Уводзяць П.к. ў раёнах дастатковага ўвільгатнення.

Тыпы П.к.: пажніўныя — высяваюць пасля ўборкі асн. культуры (па ржышчы); паўкосныя — высяваюць пасля скошвання кармавых культур; падсяўныя — падсяваюць пад асн. культуру, зімуючыя — нарошчваюць зялёную масу ўвосень і ранняй вясной; раннія яравыя — высяваюць ранняй вясной да сяўбы асн. культуры (напр., радыска, салата, шпінат).

т. 12, с. 554

ПРАМЕ́ЖКАВЫ МОЗГ,

аддзел галаўнога мозга пазваночных. Складаецца са шматлікіх узаемазвязаных ядраў. Знізу і ззаду П.м. мяжуе з сярэднім мозгам. Размешчаны непасрэдна пад карой вял. паўшар’яў і функцыянуе пад яе кантролем. У складзе П.м. вылучаюць таламус, гіпаталамус, субталамус, эпіталамус, метаталамус. Удзельнічае ў ажыццяўленні вегетатыўных функцый, сну, памяці, інстынктыўных паводзін, псіхічных рэакцый. Са структурамі П.м. звязана ўспрыманне болю, рэгуляцыя залоз унутр. сакрэцыі, падтрыманне гамеастазу. Іл. гл. да арт. Галаўны мозг.

т. 12, с. 553

ПРАМЕ́НЬ,

паняцце геаметрычнай оптыкі (светлавы) і геаметрычнай акустыкі (гукавы), што абазначае лінію, уздоўж якой распаўсюджваецца энергія выпрамянення, вылучаная ў пэўным напрамку кропкавай крыніцай святла ці гуку. Тэрмін «П.» выкарыстоўваецца таксама для абазначэння вузкага пучка часціц (напр., электронны П.). П. у матэматыцы — тое, што замкнутая паўпрамая.

т. 12, с. 554

«ПРАМЕ́НЬ».

мастацкае аб’яднанне ў Мінску ў 1929—32. Засн. чл. прафсаюза работнікаў мастацтва, асветы і друку. Выступала з праграмай маст. афармлення прадметаў побыту. У «П.» уваходзілі А.Ахола-Вало, П.Гуткоўскі, Х.Марыкс, Ф.​Выхадцаў, Ф.​Гальмаджаян, В.​Каўрыгіна, Ф.​Пачкаеў, І.​Разанаў і інш. У 1929 «П.» удзельнічаў у 3-й Усебел. маст. выстаўцы ў Мінску.

т. 12, с. 554

ПРАМЕРЫСТЭ́МА (ад грэч. pro перад, раней, замест + мерыстэма),

першасная найменш дыферэнцыраваная ўтваральная тканка раслін. Закладваецца ў зародку семені.

т. 12, с. 554

ПРАМЕТАФА́ЗА,

пачатковы перыяд адной са стадый дзялення клеткі, тое, што метакінез.

т. 12, с. 554

ПРАМЕ́ТЫЙ (лац. Prometium),

Pm, штучны радыеактыўны хім. элемент III гр. перыяд. сістэмы, ат. н. 61, ат. м. 144, 9128, адносіцца да лантаноідаў. Вядома 14 ізатопаў з масавымі лікамі 141—154; найб. устойлівы ​145Pm (перыяд паўраспаду T1/2 каля 18 гадоў). У зямной кары знойдзены ў вельмі нязначнай колькасці ​147Pm (T1/2 2,64 гады, мяккі β-выпрамяняльнік), які ўтвараецца пры дзяленні урану-235. Адкрыты ў 1945, назва ад імя Праметэя.

Метал светла-шэрага колеру, t 1170 °C, шчыльн. 7260 кг/м³. Вылучаюць ​147Pm з сумесі радыеактыўных ізатопаў розных элементаў, што ўтвараюцца ў рэактарах пры дзяленні ядз. паліва. Выкарыстоўваюць пераважна як кампанент люмінафораў (свецяцца бесперапынна на працягу некалькіх гадоў), а таксама як крыніцу радыеактыўнага выпрамянення ў мініяцюрных ядз. батарэйках.

т. 12, с. 554

ПРАМЕТЭ́Й,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі тытан (гл. Тытаны), багаборца, абаронца людзей ад дэспатызму багоў. Паводле міфаў, стварыў з зямлі і вады людзей, навучыў іх будаваць жыллё, вадзіць караблі, таксама астраноміі, медыцыне, пісьму. Выкраў з Алімпа і прынёс людзям агонь, за што раззлаваны Зеўс загадаў прыкаваць П. да скалы на Каўказе. Кожны дзень на працягу тысячагоддзяў да П. прылятаў арол і дзёўб яго печань, якая за ноч адрастала. Стогны П. чулі арганаўты ў час свайго падарожжа. Нарэшце з дазволу Зеўса Геракл забіў арла і вызваліў П. У стараж. Афінах культ П. шанавалі адначасова з культамі Гефеста і Афіны. Існавала свята ў гонар П. — праметэі — бег з факеламі. Вобраз П. — адзін з найб. значных у сусв. л-ры (П.​Кальдэрон, Эсхіл, І.​В.​Гётэ, П.​Б.​Шэлі, Дж.​Байран, Ф Кафка і інш.), яму прысвечаны творы выяўл. мастацтва (Л.​Карачы, П.​П.​Рубенс, Я.​Іорданс і інш.) і музыкі (Л.​Бетховен, А.​М.​Скрабін і інш.).

Праметэй стварае першага чалавека (справа багіня Афіна). Фрагмент рэльефу саркафага. 3 ст.

т. 12, с. 554

ПРАМІ́ЛЕ (ад лац. pro mille на тысячу),

тысячная частка лікавага значэння велічыні, прынятай за адзінку. Абазначаецца знакам ‰. 1‰ = 10​−3 = 0,001 = 0,1%. Гл. таксама Працэнт.

т. 13, с. 5