Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПРАЛЮ́ВІЙ (ад лац. proluo выношу цячэннем),

комплекс рыхлых адкладаў часовых водных патокаў. Тэрмін прапанаваў рус. геолаг А.​П.​Паўлаў у 1914. Утвараецца каля падножжа гор, а таксама ў конусах вынасу далін і яроў. Складаецца з вял. абломкаў і валуноў горных парод, галькі, жвіру і інш., якія зменьваюцца да перыферыі дробназярністымі пяскамі, супескамі, лёсападобнымі суглінкамі і глінамі. Злучаныя конусы вынасу ўтвараюць пралювіяльныя шлейфы. На Беларусі П. трапляецца ў межах узгорыста-градавага (Беларуская града) і ярыстага рэльефу.

т. 12, с. 552

ПРАМАВУГО́ЛЬНІК,

чатырохвугольнік, у якім усе вуглы прамыя; асобны від паралелаграма.

т. 12, с. 552

ПРАМАВУГО́ЛЬНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ,

гл. ў арт. Дэкартава сістэма каардынат.

т. 12, с. 553

ПРАМАВУГО́ЛЬНЫ ТРОХВУГО́ЛЬНІК,

від трохвугольніка, у якога адзін вугал прамы. Стораны, што ўтвараюць гэты вугал, наз. катэтамі, а старана, што знаходзіцца супраць прамога вугла, — гіпатэнузай. Для П т. выконваецца Піфагора тэарэма.

Прамавугольны трохвугольнік: OB і AB — катэты; OA — гіпатэнуза; ∠OBA = 90°.

т. 12, с. 553

ПРАМАКРЫ́ЛЫЯ, прастакрылыя (Orthoptera, або Saltatoria),

атрад насякомых. Вядомы з верхняга карбону (каля 270 млн. г. назад). 2 падатр.: даўгавусыя (Ensifera, або Dolichocera) з падсям. надсям. конікавых, цвыркуновых, цвыркунападобных, эдысхідавых і караткавусыя (Caelifera, або Brachycera) з падсям. надсям. саранчовых, бестымпанальных, пухірчатых, трыперставых, тэтрыгідавых. Каля 20 тыс. відаў. Пашыраны амаль усюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць у траве, на кустах і дрэвах, некат. ў глебе і на яе паверхні. На Беларусі каля 70 відаў з надсям. конікавых, саранчовых, тэтрыгідавых і цвыркуновых. Некат. П. — шкоднікі с.-г. культур.

Даўж. ад некалькіх міліметраў да 10 см. Цела прадаўгаватае, сціснутае з бакоў, зеленаватае, жаўтаватае, шараватае. Ротавыя органы грызучыя. Заднія ногі скакальныя. Пярэднія крылы скурыстыя, заднія перапончатыя, у шэрагу відаў кароткія або рэдукаваныя. Брушка 10-членікавае з нячленістымі прыдаткамі — цэркамі, у самак з яйцакладам. У некат. відаў ёсць органы слыху і гукавы апарат. Большасць расліннаедныя, ёсць драпежнікі і ўсёедныя. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Для П. характэрна фазавая зменлівасць — полімарфізм. 1 пакаленне за год.

Літ.:

Шаров А.Г. Филогения ортоптероидных насекомых. М., 1968;

Станек В.Я. Иллюстрированная энциклопедия насекомых: Пер. с чеш. Прага, 1977;

Подгорная Л.И. Прямокрылые насекомые семейства Tetrigidae (Orthoptera) фауны СССР. Л.,1983.

Т.​П.​Смірнова.

Прамакрылыя: 1 — кабылка траскучая (а — самец, б — самка); 2 — акрыда; 3 — цвыркун палявы; 4 — кабылка стракатая; 5 — кабылка бяскрылая; 6 — трыперст; 7 — цвыркун дамавы.

т. 12, с. 553

ПРАМАТО́ЧНЫ ГІДРААГРЭГА́Т,

гарызантальны восевы гідраагрэгат, у якім ротар гідрагенератара ўстаноўлены на вобадзе рабочага кола восевай прапелернай гідраўлічнай турбіны. Выкарыстоўваецца на прыліўных гідраэлектрычных станцыях.

т. 12, с. 553

ПРАМАТО́ЧНЫ КАЦЁЛ,

тып паравога катла, у якім нагрэў і выпарэнне вады, а таксама перагрэў пары, ажыццяўляецца за адзін праход асяроддзя па змеевіках, што знаходзяцца ў топцы (вада падаецца ў кацёл помпай). У адрозненне ад катлоў са шматразовай цыркуляцыяй у П.к. атрымліваюць пару звышкрытычнага ціску (больш за 22,1 МПа).

т. 12, с. 553

ПРАМА́Я ЛІ́НІЯ,

адно з першасных паняццяў геаметрыі. Уласцівасці П.л. апісваюцца аксіёмамі: праз 2 пункты праходзіць толькі 1 прамая; П.л. мае толькі адно вымярэнне (даўжыню); П.л. можна неабмежавана прадоўжыць у абодва бакі; П.л. — найкарацейшая з ліній, якія злучаюць 2 пункты. Уяўленне аб прамой дае нацягнутая нітка ці прамень святла.

т. 12, с. 553

ПРАМА́Я МО́ВА,

спосаб перадачы чужога выказвання, пры якім захоўваюцца ўсе яго лексічныя, граматычныя, стылістычныя і інтанацыйныя асаблівасці. Складаецца са слоў апавядальніка (аўтара) і чужога выказвання, якое перадаецца апавядальнікам ад імя пэўнага персанажа. Абедзве гэтыя часткі на пісьме выдзяляюцца графічна, у маўленні — інтанацыйна. Структурна-аргаганізац. цэнтр П.м. — пераважна дзеясловы і дзеепрыслоўі са значэннем маўлення і думкі або іх эквіваленты (назоўнікі і словазлучэнні з той жа семантыкай), якія знаходзяцца ў мове аўтара. Да іх бяззлучнікавым спосабам (інтанацыйна) далучаецца чужая мова. Аўтарскія словы займаюць свабоднае месца: могуць стаяць перад чужой мовай, за ёю або ў сярэдзіне яе (Яна сказала: «Я абавязкова заўтра да вас прыеду»; — «Я абавязкова заўтра да вас прыеду», — сказала яна; «Я абавязкова, — сказала яна, — заўтра да вас прыеду»), П.м. можна ўзнаўляць і выказванні самога аўтара. Для яе характэрна экспрэсіўнасць. Асн. сфера ўжывання — гутарковая мова.

Літ.:

Граматыка беларускай мовы. Т. 2. Сінтаксіс. Мн., 1966;

Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1980;

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

І.​І.​Крамко.

т. 12, с. 553

ПРАМЕ́ЖКАВЫЯ ВЕ́КТАРНЫЯ БАЗО́НЫ,

цяжкія нестабільныя элементарныя часціцы са спінам 1, якія разам з фатонам забяспечваюць электраслабае ўзаемадзеянне. Існаванне П.в.б. прадказана тэарэтычна да іх адкрыцця ў 1983 (Жэнева, Швейцарыя) на падставе тлумачэння слабага ўзаемадзеяння, як выніку «прамежкавага» абмену гэтымі часціцамі.

Да П.в.б. адносяцца 2 зараджаныя часціцы W​+ і W​− (маса спакою прыкладна 80,4 ГэВ) і нейтральная часціца Z​0 (маса спакою 91,2 ГэВ). W​+ i W​− суадносяцца як часціца і антычасціца, маюць час жыцця τ = 3,1∙10​−22 с, Ζ​0 не мае антычасціцы, τ = 2,6∙10​−22 с. Атрымліваюцца ў выніку сутыкненняў паскораных пратонаў з пратонамі або антыпратонамі, а таксама электронаў з пратонамі ці пазітронамі метадам сустрэчных пучкоў (гл. Паскаральнік з сустрэчнымі пучкамі). У 68% выпадкаў W​± распадаюцца на адпаведныя кваркі і антыкваркі і ў 32% — на лептоны e​±, μ​±, τ​± і адпаведныя нейтрына (антынейтрына), Z​0 у 70% выпадкаў — на пары кварк-антыкварк і ў 30% — на лептон-антылептонныя пары e​+ e​−, μ​+ μ​−, τ​+ τ​− і адпаведныя нейтрына і антынейтрына.

Літ.:

Окунь Л.Б. Лептоны и кварки. 2 изд. М., 1990.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 12, с. 553