Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПРАЗЕАДЫ́М (лац. Praseodymium),

Pr, хімічны элемент III гр. перыяд. сістэмы, ат. н. 59, ат.м. 140, 9077, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 1 стабільны нуклід ​141 Pr. У зямной кары 7∙10​−4% па масе. Адкрыты разам з неадымам, назва ад грэч. prasios — светла-зялёны (большасць солей П. маюць такую афарбоўку) і didymys — блізня, двайнік.

Метал светла-шэрага колеру, tпл 932 °C, шчыльн. 6780 кг/м³. У паветры акісляецца. Узаемадзейнічае з кіпнем (павольна), з салянай, азотнай і сернай к-тамі, пры награванні — з галагенамі, азотам, вадародам (пры пакаёвай т-ры паглынае яго). Метал. П. атрымліваюць пераважна электролізам расплаву трыхларыду Выкарыстоўваюць як кампанент міш-металу, магн. сплаваў з кобальтам і нікелем, легіруючую дабаўку да сталі і інш. сплаваў, аксіды — пігменты для каляровага шкла, маст. керамікі.

т. 12, с. 543

ПРАЗЕНХІ́МА (ад грэч. pros звыш, побач + enchyma налітае, тут тканка),

раслінная тканка, што мае выцягнутыя (даўж. ў некалькі разоў перавышае шыр.), завостраныя на канцах (у адрозненне ад парэнхімы), розныя па паходжанні і функцыях клеткі. Паміж П. і парэнхімай ёсць пераходы (напр., каленхіма і лопасцевыя галінастыя клеткі мезафілу ў лісці каны і інш. раслін).

т. 12, с. 543

ПРАЗЕРПІ́НА,

у старажытнарымскай міфалогіі багіня падземнага свету і царства нябожчыкаў. Дачка Цэрэры, жонка выкраўшага яе Плутона. У грэч. міфалогіі П. адпавядала Персефона.

т. 12, с. 544

ПРАЗРЫ́СТАСЦЬ у оптыцы,

уласцівасць рэчываў прапускаць святло. Накіраванае (не дыфузнае) распаўсюджванне святла характарызуецца прапускання каэфіцыентам.

Залежыць ад адбіцця, паглынання і рассейвання святла ў рэчыве. П. адрозніваюць ад прапускання святла (асяроддзе можа быць непразрыстым і прапускаць рассеянае святло, напр., тонкі ліст паперы). Кожнае рэчыва празрыстае толькі для прамянёў пэўнай часткі аптычнага спектра, напр., звычайнае шкло — для бачнага святла, кварц — для бачнага і ультрафіялетавага.

т. 12, с. 544

ПРАЗРЫ́СТАСЦЬ АТМАСФЕ́РЫ,

здольнасць атмасферы прапускаць сонечную радыяцыю. Залежыць ад масы паветра, праз якую праходзяць прамяні, ад утрымання ў паветры вадзяной пары і прадуктаў яе кандэнсацыі (кропель і крышталёў), а таксама аэразольных дамешкаў (пылу, дыму і інш.), якія значна памяншаюць П.а. Найб. празрыстае паветра ў палярных раёнах, найменш — у гарадах, асабліва летам, у выніку тэхнагеннага забруджвання.

т. 12, с. 544

ПРАЙС ((Price) Леанціна) (н. 10.2.1927, г. Лорэл, штат Місісіпі, ЗША),

амерыканская спявачка (сапрана). Скончыла Джульярдскую муз. школу (1952). Як оперная спявачка дэбютавала ў 1951. У 1959 у т-ры «Ла Скала». З 1961 салістка «Метраполітэн-опера» ў Нью-Йорку. З 1985 выступае як камерная спявачка. Валодае голасам выключнай прыгажосці і насычанасці. Яе выкананне вылучаецца вял. драматызмам, сілай экспрэсіі. Адна з лепшых выканальніц партый Аіды («Аіда» Дж.​Вердзі) і Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ). Сярод інш. партый: Донна Ганна («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні) і інш. Тонкі інтэрпрэтатар камерных вакальных твораў, у т. л. цыкла «Песні самотніка» С.Барбера, створанага для яе.

т. 12, с. 544

ПРАКА́ЗА,

тое, што лепра.

т. 12, с. 544

ПРАКА́МБІЙ (ад. лац. pro перад, раней, замест + камбій),

эмбрыянальная фаза ў развіцці першаснай праводнай сістэмы; ч. верхавінкавай мерыстэмы. Закладваецца ў парастках, у вобласці фарміравання лісцевых зачаткаў і ў каранях. Клеткі П. моцна выцягнутыя (празенхімныя), танкасценныя, слабавакуалізаваныя, размешчаны ў выглядзе цяжоў і ўтвараюць адзіную пракамбіяльную сістэму. Колькасць цяжоў паміж сцяблом і лістом пастаянная для віду (важная таксанамічная адзнака). З П. ўтвараюцца праводныя тканкі — першасныя ксілема і луб (флаэма).

т. 12, с. 544

ПРАКАПЕ́НКА (Мікалай Фёдаравіч) (н. 17.12.1923, в. Гейдзіна Аляксандраўскага р-на Данецкай вобл., Украіна),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1981), праф. (1985). Скончыў Харкаўскі аўтадарожны ін-т (1951). З 1952 дырэктар МТС, старшыня Плешчаніцкага райвыканкома, 1-ы сакратар Старобінскага райкома КПБ, сакратар Мінскага абкома КПБ. З 1976 у Бел. НДІ эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі (у 1976—85 дырэктар). Навук. працы па праблемах навук.-тэхн. прагрэсу, эфектыўнасці, рэнтабельнасці і спецыялізацыі сельскай гаспадаркі. Распрацаваў тэарэт. асновы, механізм фарміравання і кіравання якасцю с.-г. прадукцыі ў рыначных умовах.

Тв.:

Специализация и рентабельность сельскохозяйственного производства. Мн., 1972;

Экономические проблемы качества сельскохозяйственной продукции. М., 1980;

Агропром: науч.-технич. прогресс и качество. Мн., 1988.

т. 12, с. 544

ПРАКАПЕ́НКА (Станіслаў Іванавіч) (н. 8.1.1939, в. Кляпін Кармянскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст і гасп. дзеяч. Канд. эканам. н. (1989). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1961). З 1975 у Гомелі: дырэктар з-да пластмасавых вырабаў, з-да сантэхабсталявання, ВА «Белэмальпосуд», з-да пускавых рухавікоў. З 1990 нам. старшыні Гомельскага аблвыканкома. З 1992 ген. дырэктар «Гомсельмаша». З 1955 прарэктар Гомельскага тэхн. ун-та імя П.​В.​Сухога. Навук. працы па праблемах сац.-эканам. развіцця, рыначных адносін і занятасці насельніцтва.

Тв.:

Практикум по экономике производства и нормированию труда. Мн., 1994;

Рынок труда и занятость населения. Мн., 1995 (у сааўт.);

Основы рыночной экономики. Мн., 1993 (разам з У Дз.​Арэшчанкам, А.​Д.​Янушкам).

М.​П.​Савік.

т. 12, с. 544