Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

«ПО́ЎНЫ ЗБОР ЗАКО́НАЎ РАСІ́СКАЙ ІМПЕ́РЫІ»

(«Полное собрание законов Российской империи»),

найбольш поўны збор заканад. актаў, размешчаных (незалежна ад зместу) паводле храналогіі праўлення рас. цароў і імператараў. Складзены і выдадзены 2-м аддзяленнем уласнай яго імператарскай вялікасці канцылярыі (1826—82), кадыфікацыйным аддзелам Дзярж. Савета (1882—93) і аддзелам Зводу законаў Дзярж. канцылярыі (1898—1917). Складаўся з 3 збораў. 1-ы збор (1830) меў 40 тамоў заканад. актаў, 5 дадаткаў і асобную кнігу малюнкаў, чарцяжоў і гербаў. Уключаў 30 920 актаў з часу Саборнага ўлажэння 1649 да 24.12.1825. 2-і збор (1830—84) складаўся з 55 тамоў (выходзілі штогод у некалькіх кнігах кожны), змяшчаў 61 928 актаў за перыяд з канца 1825 да 12.3.1881. У 1885 да яго выдадзены алфавітна-прадметны паказальнік у 4 кнігах. 3-і збор выходзіў штогод да 1916 (не завершаны). Выйшлі 33 тамы (кожны ў 2 ч.), якія ўтрымлівалі больш за 40 тыс. актаў за перыяд з 13.3.1881 да канца 1913. Не ўключана заканадаўства адносна царквы і прыдворнага ведамства. У 1-м зборы было 1410 актаў, якія датычыліся адносін царызму да ВКЛ, у 2-м — 2710 актаў адносна зах. губерняў імперыі. Выданне служыць асн. крыніцай для вывучэння дарэвалюцыйнага права ў Расіі.

Літ.:

Ерошкин Н.П. История государственных учреждений дореволюционной России. 3 изл. М., 1983.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 12, с. 520

«ПО́ЎНЫ ЗБОР РУ́СКІХ ЛЕ́ТАПІСАЎ»

(«Полное собрание русских летописей», ПСРЛ),

шматтомнае выданне помнікаў летапісання ўсх. славян. Выдаваўся з 1841 Археаграфічнай камісіяй у Пецярбургу, з 1922 АН СССР. Да 1921 выдадзена 24 т., усяго выйшла 38 тамоў. Тэксты публікуюцца на мове арыгінала; змяшчаюцца не толькі асобныя летапісныя помнікі, але і іх рэдакцыі з розначытаннямі па інш. спісах і з палеаграфічна-тэксталагічным каментарыем. Беларускія і бел.-літ. летапісы і хронікі змешчаны ў 17-м (1907), 32-м (1975) і 35-м (1980) тамах. У 17-м т. апубл. летапісныя помнікі паводле 20 спісаў, у т. л. «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Пахвала Вітаўту», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хроніка Быхаўца, змешчаны і інш. гіст.-літ. матэрыялы, звязаныя з гэтымі творамі сваім паходжаннем. У 32-м т. змешчаны Хроніка Быхаўца і творы, якія раней не друкаваліся ў гэтым выданні: «Хроніка літоўская і жамойцкая», Баркулабаўскі летапіс і Віцебскі летапіс. У 35-м т. надрукаваны агульнадзярж. бел.-літ. летапісы і хронікі 15—16 ст. паводле 12 спісаў, Валынскі кароткі летапіс, упершыню ўведзена ў шырокі навук. ўжытак Магілёўская хроніка. У 38-м т. (1989) упершыню ў гэтай серыі надрукаваны Радзівілаўскі летапіс. У некат. інш. тамах змешчаны помнікі стараж.-рус. летапісання, якія непасрэдна датычаць гісторыі бел. народа: Аўрамкі летапіс (т. 16, 1889), Іпацьеўскі летапіс (т. 2, 1962), Лаўрэнцьеўскі летапіс (т. 1, 1962) і інш. На аснове матэрыялаў, змешчаных у розных тамах ПСРЛ, падрыхтавана асобнае выданне летапісных помнікаў у перакладзе на сучасную бел. мову — «Беларускія летапісы і хронікі» (1997).

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 12, с. 520

ПО́ЎНЯ,

адна з фаз Месяца.

т. 12, с. 521

ПОЎП (Pope) Аляксандр, гл. Поп Аляксандр.

т. 12, с. 521

ПО́ЎСВІЖ,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Эса, за 4 км на ПдУ ад г. Лепель. Пл. 0,41 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 480 м, найб. глыб. 5,3 м, даўж. берагавой лініі 3,5 км. Пл. вадазбору 1,7 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 7—9 м (на ПнУ 15—20 м), разараныя, месцамі пад лугам. Берагі выш. да 0,5 м, на З нізкія, парослыя азёрна-балотнай расліннасцю і хмызняком. Уздоўж зах. берага забалочаная пойма шыр. 70 м. 2 астравы агульнай пл. 0,2 га. Дно да глыб. 3 м пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае да глыб. 2,2 м. Упадаюць 2 меліярац. канавы.

т. 12, с. 521

ПО́ХВА,

1) абкладка розных органаў у жывёл і раслін (напр., П. нервовага валакна, П. ліста — ніжняя ч., расшыраная ў выглядзе жалабка або трубкі). Наяўнасць (або адсутнасць) і форма П. — пастаянная прыкмета ў сістэматыцы раслін.

2) Уцінанне скурных покрываў у жывёл, якое служыць умяшчальняй некат. органаў (напр., П. языка ў змей).

3) Канечны аддзел палавых праток самак млекакормячых (акрамя аднапраходных), што злучае шыйку маткі і мочапалавы сінус, які ўтварае пераддзвер’е П. У жанчын — мышачная расцяжная трубка ў малым тазе паміж мачавым пузыром і мочаспускальным каналам спераду і прамой кішкай ззаду.

т. 12, с. 521

ПО́ХВЕННЫ ЛІСТ,

тое, што калеоптыль.

т. 12, с. 521

ПО́ЦА ((Pozzo) Андрэа) (30.11.1642, г. Трэнта, Італія — 31.8.1709),

італьянскі жывапісец і архітэктар, майстар манум. жывапісу барока. Вучыўся ў Мітэлі і Калоны ў Парме і Бібіены ў Балонні. Зазнаў уплыў П. Веранезе і П.​П.​Рубенса. З 1677 працаваў у Турыне, Модэне, Рыме, Таскане, з 1703 у Вене. Стварыў віртуозна-эфектныя ілюзіяністычныя размалёўкі царк. і свецкіх інтэр’ераў, дзе знікае мяжа паміж рэальнай і жывапіснай архітэктурай, сценамі і скляпеннямі, сапраўдным і намаляваным ляпным дэкорам. Сярод работ: размалёўкі цэркваў Сан-Франчэска ў Мандаві (1676—77), Сан-Барталамеа ў Модэне (1679—80), Сант-Іньяцыо ды Лаёла ў Рыме (1685—94), «Алтар святога Ігнація» ў іль Джэзу (1695—99). У ліку апошніх размалёвак — імператарскі тэатр (не захавалася), «Апафеоз Геркулеса» на плафоне Залы Геркулеса ў летнім палацы Ліхтэнштэйн (1704—08), «Успенне Марыі» ва універсітэцкай царкве (1709) у Вене. Аўтар трактата «Перспектыва жывапісцаў і архітэктараў» (1693—1700).

А.Поца. Фрэска «Апафеоз Святога Ігнація Лаёлы» ў царкве Сант-Іньяцыо ды Лаёла ў Рыме. 1685—94.

т. 12, с. 521

ПО́ЦЕХ,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 10 км на ПнУ ад г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 1,35 км², даўж. 2,55 км, найб. шыр. 950 м, найб. глыб. 9,1 м, даўж. берагавой лініі 9,72 км. Пл. вадазбору 28,6 км². Катлавіна складаецца з 4 плёсаў, падзеленых мысамі. Схілы выш. да 10 м, на Пн камавыя ўзгоркі, разараныя; на Пд — пясчаная озавая града аддзяляе П. ад воз. Недрава. Дно да глыб. 1,5 м пясчанае, месцамі гліністае, глыбей выслана апясчаненымі адкладамі і сапрапелем. На У 3 астравы. Мінералізацыя вады 250 мг/л, празрыстасць 1 м. Эўтрофнае (з прыкметамі антрапагеннага эўтрафіравання), зарастае да глыб. 2,5 м. Злучана пратокай з воз. Недрава, упадае ручай з воз. Ільмёнак. Месца адпачынку, уваходзіць у турысцкія маршруты.

т. 12, с. 521

ПО́ЦІ,

горад у Грузіі, порт на Чорным м., у вусці р. Рыёні. Засн. ў 1578 як крэпасць. Чыг. станцыя. 50,9 тыс. ж. (1995). Прам-сць: машынабудаўнічая (суднабудаванне, суднарамонт і інш.), харчасмакавая. Цэнтр рыбалоўства. Тэатр. Краязн. музей.

т. 12, с. 521