ПО́ЦА ((Pozzo) Андрэа) (30.11.1642, г. Трэнта, Італія — 31.8.1709),

італьянскі жывапісец і архітэктар, майстар манум. жывапісу барока. Вучыўся ў Мітэлі і Калоны ў Парме і Бібіены ў Балонні. Зазнаў уплыў П. Веранезе і П.​П.​Рубенса. З 1677 працаваў у Турыне, Модэне, Рыме, Таскане, з 1703 у Вене. Стварыў віртуозна-эфектныя ілюзіяністычныя размалёўкі царк. і свецкіх інтэр’ераў, дзе знікае мяжа паміж рэальнай і жывапіснай архітэктурай, сценамі і скляпеннямі, сапраўдным і намаляваным ляпным дэкорам. Сярод работ: размалёўкі цэркваў Сан-Франчэска ў Мандаві (1676—77), Сан-Барталамеа ў Модэне (1679—80), Сант-Іньяцыо ды Лаёла ў Рыме (1685—94), «Алтар святога Ігнація» ў іль Джэзу (1695—99). У ліку апошніх размалёвак — імператарскі тэатр (не захавалася), «Апафеоз Геркулеса» на плафоне Залы Геркулеса ў летнім палацы Ліхтэнштэйн (1704—08), «Успенне Марыі» ва універсітэцкай царкве (1709) у Вене. Аўтар трактата «Перспектыва жывапісцаў і архітэктараў» (1693—1700).

А.Поца. Фрэска «Апафеоз Святога Ігнація Лаёлы» ў царкве Сант-Іньяцыо ды Лаёла ў Рыме. 1685—94.

т. 12, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)