Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПО́ТАВЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,

простыя скурныя трубчастыя залозы ў млекакормячых жывёл і чалавека. Выпрацоўваюць і выдзяляюць пот, выконваюць выдзяляльную, тэрмарэгулятарную, сігнальную і інш. функцыі. Па характары развіцця, будове, тыпу сакрэцыі адрозніваюць апакрынныя залозы і экрынныя залозы. У арганізме П.з. значна менш, чым тлушчавых, у многіх млекакормячых жывёл яны адсутнічаюць на абваласелай скуры і сканцэнтраваны на невял. участках. Часам уваходзяць у склад спецыфічных скурных залозістых комплексаў — пахучых залоз.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 519

ПО́ТКІН (Уладзімір Іванавіч) (н. 19.7.1953, г.п. Красныя Бакі Ніжагародскай вобл., Расія),

бел. хімік-арганік.

Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (2000), д-р хім. н. (1996). Скончыў Горкаўскі ун-т (1975). З 1975 у Ін-це фіз.-арган. хіміі Нац. АН Беларусі (з 1993 нам. дырэктара). Навук. працы па хіміі галагенвытворных арган. злучэнняў, у т. л. гетэрацыклічных. Распрацаваў метады атрымання цяжкадаступных гетэрацыклічных сістэм і поліфункцыян. арган. рэчываў розных класаў з выкарыстаннем новых высока рэакцыйназдольных селектыўных рэагентаў — нітразамешчаных галагенбутадыенаў. Адкрыў новую рэакцыю нітразлучэнняў, якая з’яўляецца зручным шляхам пабудовы ізатыязольнага цыкла. Сінтэзаваў шэраг злучэнняў з высокай біял., у т. л. проціпухліннай актыўнасцю.

Тв.:

Полихлор-1,3-бутадиены. Мн., 1991 (разам з Р.​В.​Кабердзіным);

Нитробутадиены и их галогенпроизводные: синтез и реакции (разам з Р.​В.​Кабердзіным, В.​А.​Запольскім) // Успехи химии. 1997. Т. 66, № 10;

Синтез и реакции смешанных галоген-1,3-бутадиенов (з імі ж) // Там жа. 1999. Т. 68, № 9.

У.І.Поткін.

т. 12, с. 520

ПО́ТЭС (Інеса Сяргееўна) (н. 28.9.1956, Мінск),

бел. спартсменка (вадналыжны спорт). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1973). Засл. майстар спорту СССР (1980). Суддзя міжнар. катэгорыі (1992). Скончыла БДУ (1978.). З 1992 старшы трэнер Рэсп. спарт. дзіцяча-юнацкай школы алімп. рэзерву па водных лыжах. Чэмпіёнка Еўропы па фігурным катанні (1978, г. Тэміль-сюр-Лот, Францыя), 14-разовая чэмпіёнка СССР (1972—77) у мнагабор’і і асобных відах практыкаванняў. Рэкардсменка Еўропы (1980) па фігурным катанні, 29-разовая рэкардсменка СССР у мнагабор’і, фігурным катанні, скачках з трампліна.

т. 12, с. 520

ПО́УНАЧ, пункт поўначы,

адзін з 4 гал. пунктаў гарызонту (старон свету); пункт перасячэння матэм. (сапраўднага) гарызонту з нябесным мерыдыянам, найбліжэйшы да Паўн. полюса свету (гл. Нябесная сфера). Абазначаецца літарамі Пн або N.

т. 12, с. 520

ПОЎГ ((Pogue) Уільям) (н. 23.1.1930, г. Окіма, ЗША),

касманаўт ЗША. Палкоўнік ВПС (у адстаўцы). Бакалаўр пед. н. (1951), магістр матэматыкі (1960). З 1951 у ВПС. З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 16.11.1973—8.2.1974 з Дж. Карам і Э.Гібсанам здзейсніў палёт на касм. караблі «Апалон» і арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як член 3-га экіпажа), у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас (агульны час 13 гадз 31 мін). Правёў у космасе 84 сут. Залаты медаль НАСА «За выдатныя заслугі».

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 12, с. 520

ПО́ЎДЗЕНЬ, пункт поўдня,

адзін з 4 гал. пунктаў гарызонту (старон свету); пункт перасячэння матэм. (сапраўднага) гарызонту з нябесным мерыдыянам, найбліжэйшы да Паўд. полюса свету (гл. Нябесная сфера). Абазначаецца літарамі Пд або S.

т. 12, с. 520

ПОЎНАГАЛО́ССЕ,

спалучэнне дзвюх галосных і плаўнага «р», «л» паміж імі на месцы праславянскіх дыфтангічных спалучэнняў or, ol, er, el паміж зычнымі. Фанетычная асаблівасць усходнеславянскіх моў, якая проціпастаўляе іх мовам зах. і паўд. славян (гл. Няпоўнагалоссе). Сутнасць П. — у змяненні праслав. каранёвых злучэнняў tort у torot, tolt, telt у tolot, tert y teret (t — любы зычны): праслав. *borda — бел. «барада» (з адлюстраваннем акання), праслав. *kolda, *melko — рус. «колода», «молоко», праслав. *bergъ — укр. «берег». У бел. мове значна больш поўнагалосных форм (бел. «вораг», «нораў», «палон», «сорам») у параўнанні з рус. («враг», «нрав», «плен», «срам»), дзе ўжываюцца шматлікія няпоўнагалосныя формы.

Літ.:

Кривчик В.Ф., Можейко Н.С. Старославянский язык. 3 изд. Мн., 1985.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 12, с. 520

ПО́ЎНАГА ТО́КУ ЗАКО́Н,

адзін з асн. законаў электрамагнітнага поля; інтэгральная форма другога Максвела ўраўнення, якое крыніцай магн. поля вызначае токі праводнасці і зрушэння. Паводле П.т.з. цыркуляцыя вектара напружанасці магн. поля H→ уздоўж адвольнага замкнёнага контуру L, праведзенага ў полі, роўная поўнаму эл. току скрозь паверхню S, абмежаваную гэтым контурам: ∮ L ( H→ ∙ dl→ ) = ∫ S ( J→ ∙ dS→ ) , дзе J→ — вектар шчыльнасці поўнага току, роўны геам. суме вектараў шчыльнасцей токаў праводнасці і зрушэння.

т. 12, с. 520

ПО́ЎНАЕ ЎНУ́ТРАНАЕ АДБІЦЦЁ,

асобны выпадак адбіцця святла ці эл.-магн. выпрамянення інш. дыяпазону на мяжы падзелу двух асяроддзяў. Адбываецца, калі выпрамяненне падае на паверхню падзелу з боку аптычна больш шчыльнага асяроддзя (з большым пераламлення паказчыкам n1 пад вуглом i > iгр, дзе iгр — т.зв. гранічны (крытычны) вугал, які вызначаецца з умовы sin bгр = n2/n1, n2 — паказчык пераламлення другога асяроддзя. Пры П.у.а. эл.-магн. энергія поўнасцю вяртаецца ў аптычна больш шчыльнае асяроддзе. У другое (менш шчыльнае) асяроддзе поле пранікае толькі на характэрную адлегласць парадку даўжыні хвалі выпрамянення і яго амплітуда экспаненцыяльна затухае з аддаленнем ад мяжы падзелу. П.ў.а. выкарыстоўваецца ў аптычных прыладах (напр., прызме аптычнай) і валаконнай оптыцы.

Поўнае ўнутранае адбіццё.

т. 12, с. 520

ПО́ЎНЫ ДЫФЕРЭНЦЫЯ́Л функцыі п пераменных, тое, што дыферэнцыял функцыі. Тэрмін выкарыстоўваецца, каб падкрэсліць адрозненне ад «частковага дыферэнцыяла».

т. 12, с. 520