ЛАПІ́НСКЕНЕ (Lapinskiené) Альма Пранаўна
(н. 26.2.1946, в. Паюрышкяй Клайпедскага пав., Літва),
літоўскі літаратуразнавец, перакладчык. Д-р гуманіт. н. (1985). Скончыла Вільнюскі ун-т (1969). З 1970 у Ін-це літ. л-ры і фальклору. Даследуе літ. л-ру пісьменнікаў Вільнюса міжваеннага перыяду, а таксама бел.-літ. літаратурныя сувязі ад часоў старажытнасці да сучаснасці (кн. «Перазовы сяброўскіх галасоў», з А.Мальдзісам, 1988). Аўтар шматлікіх літаратурна-крытычных артыкулаў пра Я.Купалу, М.Багдановіча, В.Ластоўскага і інш. Пераклала на літ. мову аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Караткевіча, раманы «Крыж міласэрнасці» В.Коўтун, «Вяртанне ў агонь» В.Хомчанкі, кнігу апавяданняў бел. пісьменнікаў «Акно ў зялёны сад», асобныя творы У.Арлова, А.Разанава і інш.
т. 9, с. 133
ЛА́ПІНЬШ
(Lapiņš),
Лапінь Артур (11.2.1911, с. Саты Тукумскага р-на, Латвія — 1983), латвійскі тэатр. мастак і мастацтвазнавец. Нар. мастак Латвіі (1954). Чл.-кар. АМ СССР (з 1970). Вучыўся ў Рызе ў Латвійскай АМ (1929—32). У 1940—41 гал. мастак Т-ра драмы Латвіі. З 1945 у Акад. т-ры оперы і балета Латвіі ў Рызе. Адначасова (да 1947) прарэктар Латв. АМ. Стварыў выразныя паводле колеравага і кампазіцыйнага вырашэння дэкарацыі да спектакляў у т-ры оперы і балета Латвіі: «Кармэн» Ж.Бізэ (1945), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1949), «Сакта свабоды» А.Скултэ (1950), «Вайна і мір» С.Пракоф’ева (1961), «Валькірыя» Р.Вагнера (1963), «Граў я, скакаў» І.Калніньша (1977). Аўтар манаграфій пра класікаў лат. жывапісу А.Алксніса, Я.Валтэра, Ф.Варславана, К.Гуна, Я.Розентала, Ю.Федэра і інш. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951.
т. 9, с. 133
ЛАПІТА́ЛЬ (L’Hospital) Гіём Франсуа Антуан дэ
(1661, Парыж — 1704),
французскі матэматык. Аўтар першага друкаванага падручніка па дыферэнцыяльным злічэнні (1696), у аснову якога пакладзены лекцыі Х.Бернулі. Даследаваў шэраг складаных задач матэм. аналізу, даў адно з рашэнняў задачы аб брахістахроне.
Тв.:
Рус. пер. — Анализ бесконечно малых. М.; Л., 1935.
т. 9, с. 133
ЛАПІ́ФЫ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дзікае, ваяўнічае, роднаснае кентаўрам племя нашчадкаў Лапіфа — сына Апалона, што жыло ў гарах Фесаліі. Л. перамаглі кентаўраў, удзельнічалі ў многіх інш. міфалагічных падзеях, у т.л. ў паходзе арганаўтаў; іх цар Пірыфой быў назаўжды прыкаваны да скалы ў Аідзе за спробу (разам з Тэсеем) выкрасці адтуль багіню Персефону, былі пераможаны Эгіміем — сынам Дора (міфічнага родапачынальніка дарыйцаў), якому дапамог Геракл.
т. 9, с. 133
ЛАПІ́ЦКІ Мікалай
(26.1.1907, в. Грэлікі Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 8.8.1976),
бел. рэлігійны дзеяч. Магістр багаслоўя (1935). Скончыў Віленскую правасл. духоўную семінарыю (1930), багаслоўскі ф-т Варшаўскага ун-та (1934). У 1935 абараніў магістэрскую працу «Праваслаўе ў Вялікім княстве Літоўскім з часоў панавання Уладзіслава Ягайлы» (выд. 1978). З 1934 святар у Ашмянах, з 1935 у в. Сцяфанпаль Міёрскага р-на. З 1942 у Мінску, працаваў у мітрапаліцкай управе, настаяцель Свята-Казанскай (Чыгуначнай) царквы. Удзельнік царк. сабору (30.8—2.9.1942), які абвясціў Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву. Супрацоўнічаў з ням.-фаш. захопнікамі, прыводзіў да прысягі батальёны Беларускай краёвай абароны, удзельнік Другога Усебеларускага Кангрэса 1944. З 1944 у эміграцыі ў Германіі. З 1950 y ЗША, служыў настаяцелем бел. храма св. Ефрасінні Полацкай у г. Саўт-Рывер. У 1951—76 старшыня Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэта. Ініцыятар стварэння і фактычны кіраўнік (1970—76) Беларускай праваслаўнай царквы Паўночнай Амерыкі ў юрысдыкцыі Канстанцшопальскага патрыярхата.
Тв.:
Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (фрагмент) // Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998.
Літ.:
Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993;
Максімюк Я. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945—1950. Нью-Ёрк;
Беласток, 1994.
Л.У.Языковіч.
т. 9, с. 133
ЛАПІ́ЦКІ Уладзімір Міхайлавіч
(н. 15.2.1959, г. Гродна),
бел. спартсмен (фехтаванне на рапірах). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1978). З 1977 інструктар Спорткамітэта Беларусі. Сярэбраны прызёр XXII Алімп. гульняў (1980, Масква) у камандным першынстве. Чэмпіён свету сярод юнакоў (1977), сярод дарослых (1979), чэмпіён VII летняй Спартакіяды народаў СССР (1979) у камандным першынстве.
т. 9, с. 133
ЛА́ПІЧЫ,
вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., каля Асіповіцкага вадасховішча. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПнЗ ад г. Асіповічы, 186 км ад Магілёва, 4 км ад чыг. ст. Лапічы. 1012 ж., 406 двароў (1998).
Вядома з 16 ст. У 1560 упамінаецца як сяло дзярж. Свіслацкай вобласці ў ВКЛ, 38 двароў. Паводле адм.-тэр. падзелу 1565—66 уваходзіла ў Мінскі пав. Належала Радзівілам, Незабытоўскім. З 1793 у Рас. імперыі, у Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1795 мястэчка, 50 двароў, царква, млын, карчма. У 1831 за ўдзел Незабытоўскіх у паўстанні 1830—31 маёнтак Л. канфіскаваны, перададзены ў дзярж. ўласнасць. Пасля 1861 у Пагарэльскай вол. Ігуменскага пав. У 1909 Л. складаліся з 2 частак: у сяле 138, у мястэчку 90 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета ў Асіповіцкім р-не У Вял. Айч. вайну ў 1942 ням.-фаш. захопнікі часткова спалілі вёску. Пасля вайны адбудавана. У 1972—625 ж., 216 двароў.
Лясніцтва. Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. На паўд. ускраіне вёскі гарадзішча ранняга жал. веку.
В.Л.Насевіч.
т. 9, с. 133
ЛАПЛА́НДСКАЯ НЯЯ́СЫЦЬ,
птушка, гл. Няясыць барадатая.
т. 9, с. 133
ЛАПЛА́НДСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК На Кольскім п-ве ў бас. воз. Імандра, у Мурманскай вобл., Расія. Засн. ў 1930 з мэтай аховы дзікага паўн. аленя, асяроддзя яго месцаў пражывання. Пл. больш за 278 тыс. га. Рэ́льеф гарысты. Схілы, цясніны, абрывы, азёрныя катлавіны, рэкі і горныя ручаі. Рэдкастволыя хваёвыя і яловыя лясы з прымессю бярозы. Горныя тундры. Месцамі забалочаныя ўчасткі. У флоры 530 відаў сасудзістых раслін, 184 імхоў, 106 лішайнікаў. Пераважаюць вечназялёныя расліны. Шмат ягаднага кустоўя, насякомаедных раслін (расянка, тлушчанка, плывунец). У фауне 30 відаў млекакормячых, у т.л. паўн. алень, лось, буры мядзведзь, ліс, куніца, вавёрка, заяц; 180 — птушак, у т.л. глушэц, цецярук, рабчык, белая і тундравая курапаткі, ястраб, сава.
т. 9, с. 133