прыродны працэс утварэння ўсіх відаў адкладаў у выніку пераходу матэрыялу, які асаджваецца, з рухомага завіслага або растворанага стану (у водным або паветраным асяроддзі) у нерухомы — асадак. Адбываецца на дне рэк, азёраў, мораў і акіянаў, на паверхні сушы за кошт абломкавага матэрыялу, вулканічнага і касм. рэчыва, біягенных і хемагенных кампанентаў. На тэр. Беларусі ў геал. мінулым (ад рыфею да палеагену ўключна) асадканамнажэнне адбывалася пераважна ў марскіх умовах; з позняга палеагену і да цяперашняга часу — у кантынентальных умовах. Асадкі — пяскі, алеўрыты, торф і інш.Стараж. асадкі ператварыліся ў асадкавыя горныя пароды, найб. магутныя ў Прыпяцкім прагіне, Аршанскай і Брэсцкай упадзінах.
ваенныя і цывільныя каланісты, якіх польскі ўрад перасяляў з раёнаў карэннай Польшчы ў Зах. Беларусь і Зах. Украіну для ўмацавання сваіх інтарэсаў. Асаднікі атрымлівалі на льготных умовах або дарма ўчасткі (асады — адсюль назва). Да 1930 у Зах. Беларусь пераселена 4434 вайсковыя Асаднікі, у 1920—30-я г. — некалькі тысяч цывільных. Яны былі аб’яднаны ў Польскі саюз ускраін, падтрымлівалі палітыку паланізацыі бел. і ўкр. народаў, былі ўзброены і нярэдка выконвалі паліцэйскія функцыі, выкарыстоўваліся ўладамі для барацьбы з рэв. і нац.-вызв. рухам. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР Асаднікі былі дэпартаваны ва ўсх. раёны СССР. У Вял. Айч. вайну б.ч. іх уступіла ў Польскую армію пад камандаваннем ген. У.Андэрса, якая была сфарміравана на тэр.СССР. Пасля 2-й сусв. вайны паводле пагадненняў паміж сав. і польск. ўрадамі сем’і Асаднікаў вярнуліся ў Польшчу.
катэгорыя феад.-залежных сялян ВКЛ у 16 ст., гал. павіннасцю якіх была асада. Паводле «Уставы на валокі» 1557 яны, як і цяглыя сяляне, плацілі чынш, давалі дзякла і стацыю натурай або грашамі, адбывалі талокі і згоны. Кошт усіх асн. павіннасцяў складаў 106 грошаў з валокі добрай зямлі і 66 грошаў з валокі дрэннай зямлі. Асадныя сяляне пераважалі ў дзярж. уладаннях і складалі значную колькасць у маёнтках буйных феадалаў. З развіццём фальварка доля Асадных сялян змяншалася. На У Беларусі большасць сялян былі асадныя.
драпежная птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашырана ў Еўразіі. Трапляецца на ўсёй тэр. Беларусі, нешматлікі пералётны від.
Даўж. цела каля 60 см, маса да 0,85 кг. Апярэнне спіны шэра-бурае, брушка белае з шаравата-жоўтым адценнем у самцоў і бурае з цёмнымі плямкамі або стракацінамі ў самак. На хвасце 3 шырокія белыя паласы. Прылятае ў крас.—маі. Гнёзды на дрэвах на выш. 5—15 м у лісцевых і мяшаных лясах паблізу палян. Нясе 2—3 яйцы. Корміцца насякомымі. Зімуе ў Афрыцы.
род кветкавых раслін сям.асаковых. Каля 1500 відаў (паводле інш. даных — да 2500). Пашырана на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. Большасць відаў трапляецца ў Паўн. паўшар’і, пераважна ва ўмераным і халодным паясах. На Беларусі 68 відаў. Большасць з іх расце ў лясных (каля 18 відаў), балотных і прыбярэжна-водных (43 віды) фітацэнозах, некаторыя — дамінанты ў раслінных згуртаваннях: асака вострая (Carex acuta), вастраватая (Carex acutiformis), дрыжнікавая (Carex brizoides), валасістая (Carex pilosa), бутэлечная (Carex rostrata), пузыраватая (Carex vesicaria) і інш. Каля дарог трапляюцца асака касматая (Carex hirta), заечая (Carex leporina), суседняя (Carex contigua) і чорная (Carex nigra).
Шматгадовыя травяністыя адна-, радзей двухдомныя расліны з падоўжанымі ці ўкарочанымі карэнішчамі, утвараюць рыхлыя або шчыльныя дзернавіны і купіны. Сцябло суцэльнае, трохграннае, зрэдку амаль цыліндрычнае з вузламі каля асновы, часцей бязлістае. Лісце лінейнае з вострашурпатымі краямі, ніжняе лускападобнае, рознай афарбоўкі. Кветкі аднаполыя, дробныя, адзінкавыя ці ў коласападобных суквеццях. Плод — арэшкападобны, трохгранны або пукаты, у мяшочку рознай формы (важная сістэматычная прыкмета). Асака — асноўны торфаўтваральнік на нізінных і пераходных балотах. Большасць яе відаў кармавыя расліны, некаторыя — лек., дэкар., тэхнічныя. 11 відаў асакі занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
сямейства аднадольных раслін з парадку асакакветных. Каля 90 родаў, больш за 3,5 тыс. відаў. Касмапаліты, пашыраны пераважна ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 15 родаў (найб. вядомыя асака, балотніца, чарот), 92 віды.
Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны, вельмі рэдкія (у тропіках) дрэвападобныя формы. Сцябло трохграннае або круглаватае. Лісце лінейнае, плоскае ці згорнутае, утварае замкнёную вакол сцябла похву. Кветкі дробныя, двух- або аднаполыя, адзінкавыя ці ў каласках, сабраных у рознага тыпу суквецці. Плод — арэшкападобны, трохгранны ці пляскаты. Асаковыя — асноўныя ўтваральнікі торфу, кармавыя, харч., лек., тэхн. і дэкар. расліны.
Літ.:
Тахтаджян А.Л. Система и филогения цветковых растений. М.; Л., 1966;
буйнейшы штат на ПнУ Індыі, каля падножжа Усх. Гімалаяў, амаль цалкам аддзелены ад Індыі краінай Бангладэш. Пл. 78,5 тыс.км². Нас. 22,4 млн.ч. (1991), гарадскога 8,4%. Адм. цэнтр — г. Дыспур. Найб. гарады Гувахаты, Дыбругарх, Тынсукія, Дыгбой. Займае акаймаваныя падножжам Усх. Гімалаяў плато Шылонг і Асама-Бірманскімі гарамі даліну р. Брахмапутра, на якой знаходзіцца буйнейшы ў свеце рачны в-аў Маджулі — цэнтр рэлігійнага паломніцтва.
Клімат трапічны, мусонны, з вельмі вільготным летам. Ападкаў больш за 2000 мм за год (у Асамскіх гарах больш за 10 000 мм за год). Трапічныя вечназялёныя і мяшаныя лясы займаюць больш за ⅓ плошчы Асама. Вядучыя галіны гаспадаркі — вытворчасць чаю і джуту, а таксама рысу, бавоўны, алейных культур. Нафтаздабыча (амаль 50% сырой нафты Індыі) і нафтаперапрацоўка; прадпрыемствы па вытв-сці фанеры, паперы, тары, запалак, мінер. угнаенняў. На ўсх. беразе р. Брахмапутра — нац. парк Казіранга.
нагор’е на ПнУ Індыі. Даўж. каля 350 км, выш. да 1961 м. Зах. частка Асамскіх гор расчлянёна на групы невысокіх купалападобных узвышшаў і гор са спусцістымі вяршынямі і глыбока ўрэзанымі рачнымі далінамі. Усх. частка — пласкагор’е са стромкімі паўд. схіламі. Складзены пераважна з гнейсаў, крышталічных сланцаў, гранітаў; схілы моцна эрадзіраваны. Радовішчы каменнага вугалю. Асамскія горы — адно з самых вільготных месцаў на зямным шары (да 12 тыс.мм ападкаў за год у Чэрапунджы). Вільготныя трапічныя лясы, хмызняковыя зараснікі. Чайныя і цытрусавыя плантацыі.