АСА́М,

буйнейшы штат на ПнУ Індыі, каля падножжа Усх. Гімалаяў, амаль цалкам аддзелены ад Індыі краінай Бангладэш. Пл. 78,5 тыс. км². Нас. 22,4 млн. ч. (1991), гарадскога 8,4%. Адм. цэнтр — г. Дыспур. Найб. гарады Гувахаты, Дыбругарх, Тынсукія, Дыгбой. Займае акаймаваныя падножжам Усх. Гімалаяў плато Шылонг і Асама-Бірманскімі гарамі даліну р. Брахмапутра, на якой знаходзіцца буйнейшы ў свеце рачны в-аў Маджулі — цэнтр рэлігійнага паломніцтва.

Клімат трапічны, мусонны, з вельмі вільготным летам. Ападкаў больш за 2000 мм за год (у Асамскіх гарах больш за 10 000 мм за год). Трапічныя вечназялёныя і мяшаныя лясы займаюць больш за ⅓ плошчы Асама. Вядучыя галіны гаспадаркі — вытворчасць чаю і джуту, а таксама рысу, бавоўны, алейных культур. Нафтаздабыча (амаль 50% сырой нафты Індыі) і нафтаперапрацоўка; прадпрыемствы па вытв-сці фанеры, паперы, тары, запалак, мінер. угнаенняў. На ўсх. беразе р. Брахмапутра — нац. парк Казіранга.

З.М.Шуканава.

т. 2, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)