АСАДКАНАМНАЖЭ́ННЕ,
седыментацыя, прыродны працэс утварэння ўсіх відаў адкладаў у выніку пераходу матэрыялу, які асаджваецца, з рухомага завіслага або растворанага стану (у водным або паветраным асяроддзі) у нерухомы — асадак. Адбываецца на дне рэк, азёраў, мораў і акіянаў, на паверхні сушы за кошт абломкавага матэрыялу, вулканічнага і касм. рэчыва, біягенных і хемагенных кампанентаў. На тэр. Беларусі ў геал. мінулым (ад рыфею да палеагену ўключна) асадканамнажэнне адбывалася пераважна ў марскіх умовах; з позняга палеагену і да цяперашняга часу — у кантынентальных умовах. Асадкі — пяскі, алеўрыты, торф і інш. Стараж. асадкі ператварыліся ў асадкавыя горныя пароды, найб. магутныя ў Прыпяцкім прагіне, Аршанскай і Брэсцкай упадзінах.
т. 2, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)