Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЕ́МБІНА (Pembina),

газанафтавае радовішча ў Канадзе, у межах Заходне-Канадскага нафтагазаноснага басейна. Нафтавыя паклады адкрыты ў 1953, эксплуатуюцца з 1954; газавыя — адпаведна ў 1957 і з 1960. Пл. 2100 км². Паклады на глыб. 0,9—1,9 км, асноўныя ў пясчаніках карбону, юры, мелу. Пачатковыя запасы нафты 240 млн. т, газу — 44 млрд. м³. Шчыльн. нафты 0,82—0,87 г/см³. Выяўлена 150 пакладаў. Цэнтр — г. Эдмантан.

т. 12, с. 264

ПЕ́МЗА (ад лац. pumex пена),

порыстая разнавіднасць кіслага вулканічнага шкла. Мае крышт. ўключэнні плагіяклазу, кварцу, манакліннага і рамбічнага піраксенаў, слюды. Колер ад белага і блакітнага да жоўтага, бурага, чорнага. Цв. 5—6,5. Шчыльн. 2—2,3 г/см³. Вылучаюцца разнавіднасці з валакністай, ячэістай, пузыраватай і пеністай тэкстурамі; структура буйна- або драбнапорыстая. Порыстасць больш за 60—70%. Хімічна інертная, вогнетрывалая. Выкарыстоўваецца ў прам-сці буд. матэрыялаў, дрэва- і металаапр., хім. нафтавай, шкляной.

т. 12, с. 264

П’ЕМО́НТ (Piemonte),

адм. вобласць на ПнЗ Італіі. Уключае правінцыі Турын, Верчэлі, Кунеа, Александрыя, Навара, Асты. Пл. 25,4 тыс. км². Нас. каля 4,5 млн. чал. (2000). Адм. і галоўны эканам. цэнтр — г. Турын. Большую ч. вобласці займаюць Пенінскія, Грайскія, Коцкія і Прыморскія Альпы, у цэнтры — П’емонцкая раўніна. Адна з найб. развітых абласцей Італіі. Прам-сць: маш.-буд., асабліва вытв-сць аўтамабіляў, трактароў, самалётаў, матораў, падшыпнікаў, эл.-тэхн. абсталявання, машын для тэкст., харч., папяровай галін, дакладных прыбораў; тэкст. (шарсцяная, са штучных валокнаў), цэм., электраметалургічная, нафтаперапр., хім., фармацэўтычная, гумавая, папяровая, паліграфічная. У сельскай гаспадарцы пераважае вырошчванне рысу (1-е месца ў Італіі), пшаніцы, кукурузы, кармавых культур, бульбы. Малочная жывёлагадоўля. Транспарт чыг. і аўтамабільны.

Стараж. насельніцтва — кельты. Назва П. з 13 ст. Да 15 ст. яго тэр. была падзелена на мноства феад. уладанняў. З 15 ст. ў складзе Савойскага герцагства, з 1720 — асн. ч. і неафіцыйная назва Сардзінскага каралеўства са сталіцай у г. Турын. У 1802—14 у складзе Францыі. З 1820-х г. П. — адна з найб. эканам. развітых абласцей Італіі, гал. цэнтр Рысарджымента. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1943—45) ням.-фаш. войскамі, адзін з цэнтраў руху Супраціўлення.

т. 12, с. 264

ПЕНАБЕТО́Н,

разнавіднасць ячэістага бетону, порыстая структура якога атрымліваецца ад змешвання растворнай састаўляючай (звычайна портландцэменту з пяском і вадой) з асобна прыгатаванай пенай. Гэтая кампазіцыя потым перамешваецца з буйным порыстым запаўняльнікам.

Пена (з устойлівымі бурбалкамі дыям. да 1,5—2 мм) гатуецца з сумесі каніфольнага мыла, жывёльнага клею, алюмасульфатанафтэнаў і інш. пенаўтваральнікаў. Адрозніваюць П. цеплаізаляцыйны (выкарыстоўваюць для цеплаізаляцыі прамысл. установак) і канструкцыйны (для бетонных вырабаў і канструкцый). Разнавіднасці П. — пенагіпс, пенашлакабетон, пенасілікат, пенамагнезіт, пенашклобетон і інш Сумесь для П. гатуюць у пенабетонамяшалках (маюць растворазмяшальнік, пенаўзбівальнік і змяшальнік ячэістай сумесі; могуць. аб’ядноўвацца з дазатарамі шламу, вады і пенаўтваральніка).

І.​І.​Леановіч.

Устаноўка для прыгатавання пенабетону.

т. 12, с. 264

ПЕНАГУ́МА,

гл. ў арт. Сітаватая гума.

т. 12, с. 264

ПЕНА́ЛЬЦІ (ад англ. penalty пакаранне, штраф),

пакаранне ў спарт. гульнях за парушэнне правіл у штрафной пляцоўцы. У футболе ўведзены ў 1891 як штрафны ўдар, што прабіваецца па варотах каманды, якая правінілася, з адлегласці 11 м. Назначаецца суддзёй. П. выкарыстоўваецца таксама ў водным пола (з 4 м), гандболе (з 7 м), хакеі на лёдзе і на траве.

т. 12, с. 264

ПЕНАМЕТА́Л,

метал (сплаў) ячэістай структуры. Для атрымання П. ў расплаў металу ўводзяць гідрыды (напр., тытану, цырконію), якія раскладаюцца з вылучэннем вадароду, што ўспеньвае метал. Ячэістая структура замацоўваецца хуткім ахаладжэннем. Вырабляюць П. на аснове алюмінію (пенаалюміній мае шчыльн. 230—750 кг/м³, а алюміній — 2700 кг/м³), магнію і інш. металаў. Выкарыстоўваюць як напаўняльнікі канструкцый (для забеспячэння іх цвёрдасці), а таксама як цеплаізаляцыйны матэрыял.

т. 12, с. 264

ПЕНАПЛА́СТЫ,

адзін з відаў газанапоўненых пластыкаў.

т. 12, с. 264

ПЕНА́ТЫ,

у старажытнарымскай міфалогіі багі-захавальнікі і апекуны хатняга ачага, пазней — усяго рым. народа. Разам з ларамі (з якімі іх часам атаясамлівалі) П. былі сімваламі роднага дому. Кожная сям’я мела звычайна двух П., іх выявы змяшчалі каля ачага. Месцам знаходжання агульнадзярж. П. лічыўся храм Весты ў Рыме, дзе вярх. жрэц прыносіў ім ахвяры. У пераносным сэнсе П. — хатні ачаг, родны дом (адсюль выраз «вярнуцца да сваіх пенатаў»).

т. 12, с. 264

ПЕ́НАЧКІ (Phylloscopus),

род птушак сям. валасянкавых атр. вераб’інападобных. 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, 1 від пранікае на Аляску. Жывуць у лясах, гаях, лесапарках, садах. Гняздуюцца на зямлі, часам на кустах. На Беларусі 4 пералётныя віды: П.-вяснічка (Ph. trochilus, нар. назва будаўнічок), П.-жаўтаброўка, або П.-трашчотка (Ph. sibilatrix), П. зялёная (Ph. trochiloides) і П.-цянькоўка (Ph. collybitus).

Даўж. да 14,5 см, маса да 12,5 r. Апярэнне пераважна няяркае, бураватае або зеленаватае, ніз цела жаўтаваты; у некат. над вокам светлая палоска. Кормяцца насякомымі, павукамі, часам ягадамі. Нясуць да 8 яец.

Э.​Р.​Самусенка.

Пеначкі: 1 — цянькоўка; 2 — вяснічка; 3 — жаўтаброўка; 4 — зялёная.

т. 12, с. 265