Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЕЛІКА́Н (Венцаслаў Венцаслававіч) (11.9.1790, г. Слонім Гродзенскай вобл. — 21.6.1873),

расійскі і бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р медыцыны (1816). Скончыў Пецярб. медыка-хірург. акадэмію (1813). З 1817 праф., з 1826 рэктар Віленскага ун-та. У 1831—37 інспектар Мін-ва ўнутр. спраў у Пецярбургу. У 1851—64 прэзідэнт Пецярб. медыка-хірург. акадэміі, у 1865—70 старшыня дзярж. мед. савета. Навук. працы па лячэнні анеўрызмаў.

т. 12, с. 262

ПЕЛІКАНАПАДО́БНЫЯ (Pelicaniformes),

весланогія (Steganopodiformes), атрад вадаплаўных птушак. Вядомы з ранняга эацэну (каля 40 млн. г. назад). 6 сям.: бакланавыя, змеяшыйкавыя, олушавыя, пеліканавыя, фаэтонавыя і фрэгатавыя, 56 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, пераважна ў субтропіках на ўзбярэжжах мораў, па берагах рэк, азёр. Большасць відаў селіцца калоніямі. На Беларусі адзначаны як рэдкі від — баклан вялікі і залётны від — пелікан ружовы (Pelecanus onocrotalus). 5 відаў і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.

Птушкі сярэдніх і буйных памераў, размах крылаў да 3 м, маса ад 400 г да 14 кг. Апярэнне шчыльнае, густое. Ногі кароткія, з плавальнай перапонкай (злучае ўсе 4 пальцы). Ёсць гарлавы мяшок (акрамя фаэтонавых). Кормяцца рыбай і інш. воднымі жывёламі. Манагамы. Нясуць да 6 яец. Некат. віды бакланаў, олушаў і пеліканаў — асн. выпрацоўшчыкі гуана на ўзбярэжжах Паўд. Амерыкі і Паўд. Афрыкі.

Э.​Р.​Самусенка.

Пеліканападобныя: 1 — фрэгат вялікі; 2 — пелікан ружовы: 3 — баклан сіракаты, або пярэсты; 4 — фаэтон чырванадзюбы.

т. 12, с. 262

ПЕЛІКА́НЫ,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрысвята, за 22 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 0,28 км², даўж. 930 м, найб. шыр. 430 м, найб. глыб. 11 м, даўжыня берагавой лініі 2,17 км. Пл. вадазбору 3,4 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 8—10 м разараныя, на З і Пд невыразныя. Берагі задзернаваныя, на З і Пд тарфяністыя, пад хмызняком. Дно да глыб. 2—3 м пясчанае, да 5—6 м выслана апясчаненымі адкладамі, глыбей — сапрапелем. Прыбярэжная частка зарастае. Упадаюць 2 ручаі, выцякае ручай у р. Прорва.

т. 12, с. 262

ПЕЛІ́КУЛА (лац. pellicula памяншальнае ад pellis скура),

1) тонкі эластычны або цвёрды ахоўны слой пратаплазмы на паверхні цела многіх прасцейшых (жгуціканосцы, інфузорыі і інш.) і некат. аднаклетачных водарасцей (хрызаманадавыя, эўгленавыя). Вонкавая паверхня П. часта мае розныя вырасты.

2) Вонкавая плевачная лупіна насення раслін.

т. 12, с. 262

ПЕЛІ́ТЫ (ад грэч. pēlos гліна),

асадкавыя горныя пароды любога саставу і паходжання, складзеныя больш чым на 50% з часцінак памерам менш за 0,001—0,005 мм (гліна, аргіліт і інш.).

т. 12, с. 263

ПЕ́ЛІХ (Сяргей Аляксандравіч) (н. 13.2.1946, с. Мартыненка Кабяляцкага р-на Палтаўскай вобл., Украіна),

бел. вучоны-эканаміст і гасп. дзеяч. Д-р эканам. н. (1993), праф. (2001). Засл. работнік прам-сці Беларусі (1991). Скончыў Краснаярскі політэхн. ін-т (1971), Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1983).

З 1978 на Смаргонскім з-дзе аптычнага станкабудавання (з 1985 ген. дырэктар). Адзін з арганізатараў бел. гуманіт. гімназіі ў Смаргоні (1991). З 1994 ген. дырэктар Гуманіт. фонду СНД «Садружнасць». З 1998 у Бел. эканам. ун-це. Адзін з заснавальнікаў Міжнар. акадэміі па інтэграцыі навукі, адукацыі, сацыякультуры, тэхналогіі і вытв-сці («Кантэнант»), яе ганаровы прэзідэнт. Навук. працы па праблемах развіцця сац. сферы, выкарыстання аперацыйна-эканам. механізмаў кіравання і павышэння эфектыўнасці вытв. працэсу на прадпрыемствах.

Тв.:

Социальная сфера: регион и предприятие. Мн., 1993;

Оперативное управление заводом. Мн., 1993;

Операционный менеджмент. Мн., 2001 (разам з А.​І.​Гоевым).

т. 12, с. 263

ПЕ́ЛІШЧА вёска ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Камянец—Жабінка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдУ ад г. Камянец, 41 км ад Брэста, 16 км ад чыг. ст. Жабінка. 2299 ж., 983 двары (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — касцёл Сэрца Ісуса (1-я пал. 20 ст.).

т. 12, с. 263

ПЕЛОІДАТЭРАПІ́Я,

тое, што гразелячэнне.

т. 12, с. 263

ПЕЛО́ІДЫ,

тое, што гразі лячэбныя.

т. 12, с. 263

ПЕЛО́ПС, Пелоп,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі герой, сын лідыйскага цара Тантала, унук Зеўса. Бацька забіў П. і падаў яго мяса багам, якіх запрасіў да сябе на баляванне. Разгневаныя багі жорстка пакаралі Тантала, а П. ажывілі і зрабілі прыгажуном. П. ажаніўся з дачкой цара Эліды (на п-ве Пелапанес у Грэцыі) Энамая, якога вераломна загубіў, каб захапіць яго прастол. Атрымаўшы ў спадчыну Эліду, П. пашырыў сваю ўладу на ўсю Паўд. Грэцыю, назву якой Пелапанес стараж. грэкі выводзілі ад імя П.

т. 12, с. 263