ПЕЛІКАНАПАДО́БНЫЯ (Pelicaniformes),

весланогія (Steganopodiformes), атрад вадаплаўных птушак. Вядомы з ранняга эацэну (каля 40 млн. г. назад). 6 сям.: бакланавыя, змеяшыйкавыя, олушавыя, пеліканавыя, фаэтонавыя і фрэгатавыя, 56 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, пераважна ў субтропіках на ўзбярэжжах мораў, па берагах рэк, азёр. Большасць відаў селіцца калоніямі. На Беларусі адзначаны як рэдкі від — баклан вялікі і залётны від — пелікан ружовы (Pelecanus onocrotalus). 5 відаў і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.

Птушкі сярэдніх і буйных памераў, размах крылаў да 3 м, маса ад 400 г да 14 кг. Апярэнне шчыльнае, густое. Ногі кароткія, з плавальнай перапонкай (злучае ўсе 4 пальцы). Ёсць гарлавы мяшок (акрамя фаэтонавых). Кормяцца рыбай і інш. воднымі жывёламі. Манагамы. Нясуць да 6 яец. Некат. віды бакланаў, олушаў і пеліканаў — асн. выпрацоўшчыкі гуана на ўзбярэжжах Паўд. Амерыкі і Паўд. Афрыкі.

Э.​Р.​Самусенка.

Пеліканападобныя: 1 — фрэгат вялікі; 2 — пелікан ружовы: 3 — баклан сіракаты, або пярэсты; 4 — фаэтон чырванадзюбы.

т. 12, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)