Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАНІ́ЛАЎ Сямён Пятровіч

(20.10.1917, Мытахскі наслег Горнага р-на, Якуція — 27.11.1973),

якуцкі паэт. Скончыў Вышэйшыя ліг. курсы ў Маскве (1957). Друкаваўся з 1937. Першая кніга «Апавяданні» (1945). У паэт. зб-ках «Мая радзіма» (1949), «Мірны горад» (1958), «Белы конь Манчары» (1969, Дзярж. прэмія Расіі імя М.Горкага 1971), «Гучанне тайгі» (1972), «Галасы зямлі» (1977), «Мая Палярная зорка» (выд. 1980) і інш. — жыццё, праца, суровая і непаўторная прырода Поўначы, лёс чалавека самабытнага якуцкага краю. Яго паэзіі ўласцівы маштабнасць і глыбіня думкі, лірызм і публіцыстычнасць, паглыблены псіхалагізм. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў, кнігі перакладаў «Сябры-паэты» (1963). На бел. мову творы Д. пераклаў У.Правасуд.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. Т. 1—2. М., 1977.

Літ.:

Литвинов В.М. Семен Данилов. М., 1971.

т. 6, с. 39

ДАНІ́ЛАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН,

у Ваўкавыскім і Мастоўскім р-нах Гродзенскай вобл., каля в. Данілаўка. Пластавы паклад звязаны з марэннымі адкладамі сожскага зледзянення. Гліны шэрыя, карычневыя, шчыльныя, вязкія, з рэдкімі ўключэннямі жвіру і дробнай галькі. Разведаныя запасы 14,9 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,4—19,1 м, ускрышы (пяскі, супескі) да 8,6 м. Гліны прыдатныя на вытв-сць цэменту. Радовішча распрацоўваецца АП «Ваўкавыскцэментнашыфер».

А.П.Шчураў.

т. 6, с. 39

Данілаў Віктар Аляксеевіч

т. 18, кн. 1, с. 377

ДАНІ́ЛА АЛЯКСА́НДРАВІЧ

(1261 — сак. 1303),

князь Маскоўскага вялікага княства (да 1283—1303). Родапачынальнік маск. князёў. Сын Аляксандра Неўскага і полацкай князёўны Аляксандры Брачыслаўны. З 1280-х г. удзельнічаў у барацьбе за права княжыць ва Уладзіміры і Ноўгарадзе. У 1300 далучыў да сваіх уладанняў Каломну і шэраг валасцей, у 1302 — Пераяслаў-Залескі, што дало пачатак росту тэр. Маск. княства. Пасля смерці кананізаваны, перапахаваны ў заснаваным ім каля 1298—99 Данілавым манастыры.

т. 6, с. 38

ДАНІ́ЛА РАМА́НАВІЧ

(1201—64),

князь галіцкі і валынскі. Сын Рамана Мсціславіча. З 1211 княжыў у Галічы (у 1212 выгнаны), з 1221 — на Валыні. У 1229 завяршыў аб’яднанне валынскіх зямель, у склад якіх былі ўключаны Бярэсце, Кобрын, Камянец, Бельск, Драгічын; яму падпарадкоўваліся таксама тураўскія і пінскія князі. У 1223 удзельнічаў у бітве супраць мангола-татар на р. Калка, разбіў ням. рыцараў у Драгічынскай бітве 1238. У 1238 канчаткова авалодаў Галічам, у 1239 — Кіевам. Заснаваў гарады Львоў, Холм (зрабіў яго сталіцай княства), Угровеск і інш. Ваяваў супраць Польшчы і Венгрыі (1245), літ. князёў, прымусіў яцвягаў плаціць даніну. Каб стварыць кааліцыю супраць мангола-татар, у 1254 прыняў ад рымскага папы карону караля галіцкага, каранаваўся ў Драгічыне. У 1259 вымушаны прызнаць залежнасць ад манголаў. У перыяд яго княжання Галіцка-Валынскае княства дасягнула эканам. і паліт. росквіту, пашырыўся яго ўплыў на бел. землі.

А.П.Грыцкевіч.

т. 6, с. 38

ДАНІЛЕ́ВІЧ Васіль Яўхімавіч

(1872, г. Курск, Расія — 16.11.1936),

украінскі гісторык, археолаг. Скончыў Кіеўскі ун-т. З 1902 праф. Харкаўскага, з 1907 Кіеўскага ун-таў. Працаваў у археал. экспедыцыях на Полаччыне, Падзвінні, даследаваў стаянку каменнага веку каля в. Кісцяні Рагачоўскага р-на. У працах «Нарыс гісторыі Полацкай зямлі да канца XIV ст.» (1896) і «Шляхі зносін Полацкай зямлі да канца XIV ст.» (1898) абгрунтаваў правамернасць назвы «Полацкая зямля», на матэрыялах археал. даследаванняў паказаў яе гіст. ролю, ваен. і эканам. стабільнасць. Аўтар прац па нумізматыцы, сфрагістыцы, фальклоры, этнаграфіі.

Г.А.Каханоўскі.

т. 6, с. 39

ДАНІЛЕ́НКА Міхась

(Міхаіл Пятровіч: н. 28.10.1922, в. Ястрабка Лоеўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1952). Настаўнічаў. У 1953—82 у рэдакцыі «Гомельскай праўды». Друкуецца з 1940. Большасць апавяданняў прысвяціў падзеям вайны, жыццю вёскі і школы, працы настаўнікаў. Героі яго твораў — людзі высакародныя, верныя свайму дому, зямлі, непрымірымыя да праяў несумленнасці і фальшу (аповесці «Наш дом», 1971, «Апанаска Лугавы», 1972, і інш.). Для дзяцей выдаў кнігі «Вернасць слову» (1956), «Зачараваны гарлачык» (1961), «На вуліцы Сонечнай» (1963), «Ключы бабулі Зімы» (1986). Піша вершы, нарысы.

Тв.:

Мая песня. Мн., 1952;

Майская навальніца. Мн., 1959;

Наваселле. Мн., 1964;

Запаветны акіян. Мн., 1972;

Маці Мар’я. Мн., 1976;

Журлівіца. Мн., 1980;

Родная зямля. Мн., 1982.

т. 6, с. 40

ДАНІЛЕ́ЎСКІ Аляксандр Якаўлевіч

(22.12.1838, г. Харкаў, Украіна — 18.7.1923),

расійскі біяхімік, заснавальнік рус. навук. школы біяхімікаў. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1898). Брат В.Я.Данілеўскага. Скончыў Харкаўскі ун-т (1860). З 1863 праф. Казанскага, з 1885 Харкаўскага ун-таў, з 1892 у Ваенна-мед. акадэміі ў Пецярбургу (у 1906—10 рэктар). Навук. працы па хім. будове і абмене бялкоў, энзімалогіі, біяхіміі харчавання. Распрацаваў метад выбіральнай адсорбцыі, прапанаваў навук. класіфікацыю бялкоў мозгу, «тэорыю элементарных радоў». Выдаў «Фізіялагічны зборнік» (т. 1—2, 1888—91, разам з братам В.Я.Данілеўскім).

т. 6, с. 40

ДАНІЛЕ́ЎСКІ Васіль Якаўлевіч

(25.1.1852, г. Харкаў, Украіна — 25.2.1939),

украінскі фізіёлаг і гістолаг. Акад. АН Украіны (1926). Брат А.Я.Данілеўскага. Скончыў Харкаўскі ун-т (1874), праф. у ім (у 1883—1909 і 1917—21). З 1910 дырэктар Харкаўскага жаночага мед. ін-та, з 1921 у Харкаўскім мед. ін-це, у 1927 арганізаваў і ўзначаліў Украінскі НДІ эндакрыналогіі і арганатэрапіі. Навук. працы па агульнай і параўнальнай фізіялогіі, фізіялогіі нерв. сістэмы, электрафізіялогіі, эндакрыналогіі і пратысталогіі. Выявіў цэнтр у кары галаўнога мозга, што рэгулюе дзейнасць сэрца. Займаўся праблемамі электраэнцэфалаграфіі, фізіял. вывучэння гіпнозу ў чалавека і жывёл.

т. 6, с. 40

ДАНІЛЕ́ЎСКІ Мікалай Якаўлевіч

(10.12.1822, Арлоўская губ. — 19.11.1885),

расійскі прыродазнавец, адзін з тэарэтыкаў і ідэолагаў славянафільства і панславізму. Член Рус. геагр. т-ва. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1847). За ўдзел у руху петрашэўцаў у 1849—52 праследаваўся ўладамі. Удзельнік (1853—57) і кіраўнік (1858—71) шэрагу навук. экспедыцый па даследаванні стану рыбалоўства ў Расіі. Распрацаваў канцэпцыю культ.-гіст. тыпаў (цывілізацый), у якой абгрунтаваў курс Расіі на барацьбу супраць Захаду за ўплыў на слав. і інш. народы Еўропы, з пазіцый тэлеалогіі крытыкаваў эвалюц. тэорыю Ч.Дарвіна. Аўтар паліт. і эканам. артыкулаў.

Тв.:

Россия и Европа. М., 1991.

Літ.:

Захарова АА Россия в философско-исторической концепции Н.Я.Данилевского. Томск, 1986;

Авдеева Л.Р. Русские мыслители: Ап.Л.Григорьев, Н.Я.Данилевский, Н.Н.Страхов: Филос. культурология второй половины XIX в. М., 1992.

т. 6, с. 40