ГУЦАЛЕ́НКА Леанід Аўксенцьевіч
(н. 10.7.1931, с. Юрпаль Чарнігаўскай вобл., Украіна),
бел. філосаф. Д-р філас. н. (1993), праф. (1995). Скончыў БДУ (1955). З 1955 працаваў у перыядычным друку. З 1971 у БДУ. Даследуе праблемы грамадскіх і асабістых ідэалаў, універсальнай сутнасці чалавека, яе фарміравання і развіцця ў сістэме асн. сувязей індывіда, дыялектыкі ўзаемадзеяння свабоды, правоў і адказнасці асобы. Адзін з аўтараў падручніка «Асновы філасофскіх ведаў» (ч. 1—2, 1997, разам з С.Г.Смолякам).
Тв.:
Диалектика воплощения прекрасного. Мн., 1973;
Универсальное развитие человека: предпосылки и перспективы. Мн., 1988.
т. 5, с. 551
ГУЦІ́ЕЎ Мікалай Цімафеевіч
(н. 31.12.1912, г. Растоў-на-Доне, Расія),
бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1968). Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1961). Працаваў у выд-ве «Беларусь» (1944—72), выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це (1962—77). У Вял. Айч. вайну ў партыз. атрадзе, выканаў больш за 40 антыфаш. плакатаў і больш за 70 малюнкаў і акварэлей. Творы ў кніжнай графіцы вылучаюцца пераканаўчай характарыстыкай вобразаў, дакладнай перадачай аўтарскай задумы: «Хаджы Мурат» Л.Талстога (1948), «Вечары на хутары ля Дзіканькі» М.Гогаля (1950), «Люба Лук’янская» К.Чорнага (1961), бел. нар. казкі «Ільюша, Іванаў сын» (1965), «Цудоўная дудка» (1967) і інш. Станковай графіцы ўласцівы выразнасць кампазіцыйнай пабудовы, разнастайнасць графічных сродкаў (серыя «Полацкая нафтабудоўля», 1962—63). Выканаў лінагравюры «Беларусь — край партызанскі» (1969), «Партызанскія будні» (1975) і інш. Сярод жывапісных работ: «Мая Беларусь», «Лётчык Мамкін ратуе прытулкавых дзяцей», серыі пейзажаў «Нарачанскія», «Нясвіжскія», «Аксакаўшчына» (усе 1980-я г.).
Г.А.Фатыхава.
т. 5, с. 551
ГУ́ЦІН Леанід Мацвеевіч
(н. 16.6.1948, г. Гомель),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1974, клас П.Падкавырава). Выкладчык мінскіх дзіцячых муз. школ № 5 (з 1977), № 6 (з 1984). Працуе ў сімф., вак.-сімф., камерна-вак. і камерна-інстр. жанрах, піша музыку для дзяцей. Сярод твораў: 2 сімфоніі (1973, 1982), сімф. паэма (1978), кантаты «Памяць» на словы Р.Тармолы і Л.Дайнекі (1973) і «Песні юнацтва» на словы Э.Агняцвет (1975), саната для фп. (1977), паэма «Галасы адыходзячых» для духавога аркестра (1994), вак. цыкл «Песні беларускага Палесся» на нар. тэксты для барытона і нар. аркестра.
Р.М.Аладава.
т. 5, с. 552
ГУ́ЦІРА, Хуцьра (Hutyra) Ферэнц (1860, Вена — 1934), венгерскі эпізаатолаг і мікрабіёлаг. Скончыў Вышэйшую вет. школу ў Будапешце і з 1883 працаваў у ёй (з 1888 праф., рэктар). Навук. працы па інфекц. хваробах жывёл і вет. мікрабіялогіі. Вывучаў туберкулёз, сап, чуму свіней, увёў у практыку спецыфічную процічумную сываратку і прапанаваў сімультанную прышчэпку ад гэтай хваробы (1911). Адзін з аўтараў дапаможніка «Асобная паталогія і тэрапія свойскіх жывёл» (т. 1—2, 1905—06, 11-е выд., 1959).
т. 5, с. 552
ГУЦЭ́ВІЧ (Gucewicz) Ваўжынец, гл. Стуока-Гуцявічус Лаўрынас.
т. 5, с. 552
ГУЧКО́Ў Аляксандр Іванавіч
(26.10.1862, Масква — 14.2.1936),
расійскі паліт. і дзярж. дзеяч, прадпрымальнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1885), працягваў адукацыю ў Берлінскім, Цюбінгенскім і Венскім ун-тах (1888—91). У 1885—87 і 1897—99 на вайск. службе, у 1893—97, 1901—07 у Маскоўскай гар. думе. Дырэктар Маскоўскага ўліковага банка (з 1901). Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў партыі акцябрыстаў. Дэп. (з 1907) і старшыня (1910—11) 3-й Дзярж. думы, выступаў за аднаўленне ваен. магутнасці Расіі, у падтрымку дзейнасці П.А.Сталыпіна, супраць правага крыла думы і інш. У 1915—17 старшыня Цэнтр. ваен.-прамысл. к-та, удзельнік апазіц. «Прагрэсіўнага блока». Ваен. і марскі міністр у 1-м складзе Часовага ўрада (15.3—12.5.1917). Пасля 1918 у эміграцыі, падтрымліваў белы рух.
Тв.:
«Корабль потерял свой курс»: [Полит. речи 1912—1913 гг.]. М., 1991.
Літ.:
Сенин А.С. А.И.Гучков // Вопр. истории. 1993. № 7.
І.Ф.Раманоўскі.
т. 5, с. 552
ГУЧНАГАВАРЫ́ЦЕЛЬ,
электраакустычная ці мех. прылада для моцнага ўзнаўлення гукаў (мовы, музыкі і інш.). Бывае эл.-дынамічны (найб. пашыраны), эл.-магн., п’езаэл., кандэнсатарны, пнеўматычны, рупарны. Эл.-акустычны гучнагаварыцель пераўтварае падведзеныя эл. ваганні ў гукавыя з дапамогай рухомай мех. сістэмы (дыфузара, дыяфрагмы). Асн. параметры: намінальная магутнасць і паласа ўзноўленых частот, сярэдні гукавы ціск і інш.; накіраванасць выпрамянення ствараецца рупарам ці выкарыстаннем гукавых калонак. Па эл.-акустычных параметрах адрозніваюць шырока- і вузкапалосныя, высока- і нізкачастотныя, нізка- і высакаомныя, паводле канструкцыі — адно- і двухдыфузарныя, кааксіяльныя, круглыя і інш.
А.П.Ткачэнка.
т. 5, с. 552
ГУЧО́К Пётр Іосіфавіч
(18.3.1923, в. Лысоўшчына Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 18.4.1945),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Мінскі аэраклуб (1940), Батайскую ваен. авіяц. школу (1942). У Вял. Айч. вайну са жн. 1943 на 4, 2, 1-м Укр. франтах. Камандзір звяна знішчальнага авіяпалка ст. лейтэнант Гучок зрабіў 209 баявых вылетаў, правёў 56 паветр. баёў, асабіста збіў 20 самалётаў ворага. Загінуў у баі пад Берлінам.
т. 5, с. 552
ГУ́ЧЫ (Gucci) Санці
(каля 1530, г. Фларэнцыя, Італія — да 3.2.1600),
італьянскі архітэктар і скульптар позняга Адраджэння. Да 1558 прыехаў у Польшчу як прыдворны архітэктар. Кіраваў у г. Пінчаў скульпт. майстэрняй. Асн. творы: надмагіллі караля Жыгімонта II Аўгуста (1573), каралевы Ганны Ягелонкі (1574—75), Стафана Баторыя (1594—95) — усе ў каралеўскім замку на Вавелі ў Кракаве, капэла і надмагілле Гучы і А.Браніцкіх у касцёле ў Непаламіцах (1596; Кракаўскае ваяв.). Удзельнічаў у буд-ве замкаў у Непаламіцах (1567—68) і Баранаве-Сандамерскім (1579—1602; Жэшаўскае ваяв.), палаца «Міраў» у Ксёнжы-Велькім (1585—95).
т. 5, с. 552
ГУ́ШЧА (Huszcza) Ян
(24.12.1917, б. фальварак Загасцінне, Міёрскі р-н Гродзенскай вобл. — 26.6.1986),
польскі пісьменнік і перакладчык. Скончыў Віленскі ун-т (1939). Працаваў настаўнікам на Дзісеншчыне, потым у Маскве; з 1945 жыў у Польшчы. Аўтар кніг паэзіі («Балада пра падарожных», 1938; «Вершы і байкі», 1969), прозы («Мястэчка над Альшанкай», 1948; «З далёкіх дарог», 1957; «Кругі», 1964, і інш.). Складальнік анталогій «Беларускія вершы» (1971), «Анталогіі беларускай паэзіі» (1978), для якіх пераклаў на польскую мову большасць вершаў. Пераклаў творы М.Багдановіча (у зб. «Выбраныя вершы», 1974), кнігі У.Караткевіча «Блакіт і золата дня» (1976), Я.Брыля «Ніжнія Байдуны» (1979). У зб. эсэ «Аповесці ў чорных рамках» (1979) апісаў сваё падарожжа па Беларусі.
Тв.:
Бел. пер. — Пан Грацыян і іншыя. Мн., 1976.
А.Л.Верабей.
т. 5, с. 552