Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПАМО́РСКАЕ ПААЗЕ́Р’Е (Pojezierze Pomorskie),

узгорыстая раўніна на ПнЗ Польшчы паміж ніжнімі цячэннямі р. Одэр на З і р. Паслэнка на У (дзе мяжуе з Мазурскім Паазер’ем), берагам Балтыйскага м. на Пн і стараж. далінай Варты — Нотаці на Пд. Выш. да 329 м (г. Вяжыца). Характэрны ледавіковы плейстацэнавы рэльеф з градамі канцавых марэн. У міжмарэнных паніжэннях — азёры. На Пн і Пд — зандравыя раўніны. Пашыраны штучныя насаджэнні хвоі, рэшткі дубова-букавых лясоў, верасоўнікі, тарфянікі. П.П. — таксама агульная назва Паўднёва-Балтыйскіх Паазер’яў, сярод якіх вылучаюць Заходне-, Паўднёва- і Усходне-Паморскае Паазер’і.

т. 12, с. 35

ПАМО́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА, культура тваравых урнаў, усходнепаморская культура, культура падклёшавых пахаванняў,

вейхераўска-краташынская культура, археалагічная культура плямён, якія ў 7—2 ст. да н.э. насялялі тэр. Польшчы, ПдЗ Беларусі і ПнЗ Украіны. Падзяляецца на 3 этапы: 7 — сярэдзіна 6 ст., сярэдзіна 6 ст. — 5 ст., 4—2 ст. да н.э. На тэр. Беларусі яе помнікі маюць перыферыйны характар і датуюцца 4—2 ст. да н.э. Прадстаўлены неўмацаванымі паселішчамі і бескурганнымі могільнікамі з абрадам трупаспалення. На Бел. Палессі зафіксавана каля 20 пунктаў з матэрыяламі П.к. Селішчы размяшчаліся паблізу рэк і азёр, забудоўваліся невял. паўзямлянкамі і наземнымі жытламі слупавой канструкцыі. На Беларусі, на тэр. ад Зах. Буга да р. Льва, адкрыта 8 могільнікаў П.к., на якіх выяўлена ад 1 да 5 пахаванняў. Яны прадстаўлены 3 тыпамі — падклёшавыя, урнавыя і ямныя. Нябожчыкаў спальвалі па-за межамі могільніка, рэшткі спалення ссыпалі на дно ямкі або змяшчалі ў гліняныя урны; у шэрагу выпадкаў урну накрывалі зверху вял. гаршком — клёшам. У магілы ставілі разнастайны посуд, клалі быт. рэчы і ўпрыгожанні: жал. і бронзавыя фібулы, спіральныя бранзалеты, кольцы, каменныя і шкляныя пацеркі. Асн. маса знаходак — ляпны посуд (таўстасценныя гаршкі з бугрыстай і шурпатай паверхняй, глянцаваныя міскі, збаны, вазы, накрыўкі, кубкі, падстаўкі). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, чорнай і каляровай металургіяй, ганчарствам і інш. П.к. мела поліэтнічны характар. Ёсць меркаванні пра ўваходжанне яе ў склад праславян. Найб. вядомыя на Беларусі помнікі П.к. Камень Пінскага, Аздамічы Столінскага, Трасцяніца і Кусічы (Агароднікі) Камянецкага р-наў Брэсцкай вобл. і інш.

В.​С.​Вяргей.

Кераміка паморскай культуры.

т. 12, с. 35

ПА́МПА, пампасы (ісп. pampa, множны лік pampas, з мовы індзейцаў кечуа),

субтрапічная стэпавая расліннасць, якая займае раўніны на Пд Паўд. Амерыкі. Прадстаўлена злакамі і разнатраўем. П. называюць таксама некаторыя раўнінныя тэр. ў Паўд. Амерыцы з пераважаннем аднайм. травяністай расліннасці. Уласна П. — прыродная вобласць у цэнтр. частцы Аргенціны. Акумулятыўная раўніна з лёсавым покрывам, якая паступова ўздымаецца на З, да перадгор’яў Анд. На ПдУ горныя масівы выш. да 1243 м. Клімат субтрапічны. Ападкаў ад 300—500 мм (на З) да 800—950 мм (на У) за год. Характэрны штармавыя вятры пампера. Гал. рака — Парана. Прыродная разнатраўна-злакавая расліннасць захавалася на асобных мясцінах. П. — адзін з асн. эканам. раёнаў краіны. Вял. колькасць гарадоў; пасевы пшаніцы і кукурузы; на З — пашы.

т. 12, с. 36

ПА́МПА-ДЭЛЬ-ТАМАРУГА́ЛЬ (Pampa del Tamarugal),

пустынная раўніна ў Чылі, на Пн пустыні Атакама. Выш. 900—1200 м. Рэдкія ксерафітныя дрэвы.

т. 12, с. 36

ПАМПЕ́І (Pompei),

горад у Італіі, на беразе Неапалітанскага зал., каля падножжа вулкана Везувій. Каля 25 тыс. ж. (2000). Насельніцтва ў асн. занята абслугоўваннем турыстаў. Геафіз. абсерваторыя.

У старажытнасці паселішча оскаў. У 7—6 ст. да н.э. пад уплывам грэч. калоніі. У 5 ст. да н.э. тут жылі этрускі. У канцы 5 ст. да н.э. захоплены самнітамі, у канцы 4 ст. да н.э. — рымлянамі. З 1 ст. да н.э. важны гандл. порт і рамесніцкі цэнтр. Разбураны ў 63 н.э. ў час вывяржэння Везувія, адбудаваны. Пры вывяржэнні Везувія 24.8.79 н.э. засыпаны шматметровым слоем попелу (разам з Геркуланумам і Стабіямі). У 1689 адшуканы сляды горада, з 1748 (з 1860 сістэматычна) вядуцца раскопкі. Ад попелу ачышчана ​3/5 тэр. горада. Адкрыты руіны форума з базілікай, тэатры, амфітэатр, храмы, кварталы жылых дамоў, упрыгожаныя мазаікай, фрэскамі, скульптурамі, гладыятарскія казармы, тэрмы і інш. Горад меў водаправод, каналізацыю, брук. Паколькі П. загінулі раптоўна, захавалася ўсё абсталяванне дамоў, крам, грамадскіх будынкаў. Як найб. захаваны горад старажытнасці, П. — важная крыніца звестак пра гаспадарку, побыт, культуру, мастацтва Рым. імперыі 1 ст. н.э.

А.​У.​Казленка.

Да арт. Пампеі. Дом Фаўна. 2 ст. да н.э.

т. 12, с. 36

ПАМПЕ́Й Гней, па мянушцы Вялікі (Gnaeus Pompeius Magnus; 106 да н.э. — 48 да н.э.), старажытнарымскі ваенны і паліт. дзеяч. У 83 да н.э. падтрымліваў Карнелія Сулу; разбіў яго праціўнікаў на Сіцыліі і ў Афрыцы. Пасля смерці Сулы абараняў яго рэжым; удзельнічаў у задушэнні Спартака паўстання. У 67 да н.э. атрымаў ад сената надзвычайныя паўнамоцтвы для барацьбы з піратамі ў Міжземнамор’і. З 66 да н.э. камандаваў рым. войскамі ў вайне супраць Мітрыдата VI Еўпатара, пасля перамогі пашырыў усх. правінцыі Рыма. У 60—53 да н.э. разам з Цэзарам і Ліцыніем Красам увайшоў у т.зв. 1-ы трыумвірат. У 55 да н.э. консул, пазней намеснік Іспаніі. Пасля 53 да н.э. далучыўся да аптыматаў. У 52 да н.э. выбраны «консулам без калегі». Выступіў супраць Цэзара, у 48 да н.э. разбіў яго войска каля Дырахія (Эпір). Пасля свайго паражэння каля Фарсалы (Фесалія) уцёк у Егіпет. Забіты паводле загаду егіп. цара Пталамея XIII Дыяніса.

т. 12, с. 36

ПАМПЕ́Й (Секст) (Sextus Pompeius; каля 75—35 да н.э.),

рымскі палкаводзец і паліт. дзеяч. Сын Гнея Пампея. Пасля гібелі бацькі ваяваў супраць Цэзара ў Афрыцы (48—46 да н.э.) і Іспаніі (46—44 да н.э.). Пасля смерці Цэзара (44 да н.э.) паводле прапановы Марка Антонія атрымаў ад сената камандаванне флотам. Захапіў Сіцылію і інш. астравы, прымаў збеглых рабоў і выгнаннікаў, блакіраваў з мора Італію. У 43 да н.э. аб’яўлены па-за законам 2-м трыумвіратам. У 36 да н.э. разбіты каля Мілаў і Наўлохі палкаводцам Агрыпай. Уцёк у М. Азію, забіты прыхільнікамі Марка Антонія.

т. 12, с. 36

ПАМПІДУ́ ((Pompidou) Жорж) (5.7.1911, Манбудыф, Францыя — 2.4.1974),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Францыі. Скончыў Вышэйшую нармальную школу (пед. ін-т) і Свабодную школу паліт. навук у Парыжы. Выкладаў у ліцэях Марселя і Парыжа. У 2-ю сусв. вайну да капітуляцыі (1940) Францыі лейт. франц. арміі. У 1944 саветнік па пытаннях інфармацыі і асветы ў часовым урадзе Ш. дэ Голя. У 1946—54 чл. Дзярж. савета, адначасова (1946—49) нам. ген. камісара па турызме. З 1954 супрацоўнік банка Ротшыльдаў, з 1956 яго ген. дырэктар, адначасова на кіруючых пасадах у інш. фін. і прамысл. аб’яднаннях. З 1958 нач. канцылярыі прэм’ер-міністра Францыі дэ Голя. Выбраны чл. Канстытуцыйнага савета Францыі (распрацаваў канстытуцыю і эканам. праграму аднаўлення 5-й рэспублікі). У 1962—68 прэм’ер-міністр Францыі. Удзельнічаў у ажыццяўленні Эвіянскага пагаднення 1962 аб статусе Алжыра. У 1969—74 прэзідэнт Францыі. Некалькі разоў наведваў СССР, у т. л. Беларусь (11—12.1.1973 у Заслаўі Мінскай вобл. вёў перагаворы з Л.​І.​Брэжневым).

Ж.Пампіду.

т. 12, с. 36

ПАМПО́ЎКА ў лазернай фізіцы,

працэс стварэння нераўнаважнага стану рэчыва пад уплывам знешніх уздзеянняў (магн. поля, эл. разраду, рэзкага ахаладжэння папярэдне нагрэтага газу і інш.). Можа перавесці рэчыва са стану тэрмадынамічнай раўнавагі ў актыўны стан (гл. Актыўнае асяроддзе), пры якім яно набывае здольнасць узмацняць і генерыраваць эл.-магн. хвалі (гл. Лазер). Тэрмін «П.» выкарыстоўваецца таксама ў радыётэхніцы і оптыцы пры апісанні працэсаў уздзеяння на актыўныя элементы параметрычных сістэм (гл. Параметрычныя ваганні).

т. 12, с. 36

ПАМПУ́ШКІ,

у беларусаў пульхныя мучныя аладкі, спечаныя з дражджавога цеста або з замешанага на содзе і кіслым малацэ. Пяклі таксама з цеста, прыгатаванага з тоўчанай варанай бульбы і мукі. Пашыраны на Гродзеншчыне, Магілёўшчыне, Гомельшчыне. На Навагрудчыне, Тураўшчыне П. называюць булачкі, пернікі, коржыкі. Іх пякуць на вяселле, Дабравешчанне і інш. святы.

т. 12, с. 36