ПАМПЕ́Й Гней, па мянушцы Вялікі (Gnaeus Pompeius Magnus; 106 да н.э. — 48 да н.э.), старажытнарымскі ваенны і паліт. дзеяч. У 83 да н.э. падтрымліваў Карнелія Сулу; разбіў яго праціўнікаў на Сіцыліі і ў Афрыцы. Пасля смерці Сулы абараняў яго рэжым; удзельнічаў у задушэнні Спартака паўстання. У 67 да н.э. атрымаў ад сената надзвычайныя паўнамоцтвы для барацьбы з піратамі ў Міжземнамор’і. З 66 да н.э. камандаваў рым. войскамі ў вайне супраць Мітрыдата VI Еўпатара, пасля перамогі пашырыў усх. правінцыі Рыма. У 60—53 да н.э. разам з Цэзарам і Ліцыніем Красам увайшоў у т.зв. 1-ы трыумвірат. У 55 да н.э. консул, пазней намеснік Іспаніі. Пасля 53 да н.э. далучыўся да аптыматаў. У 52 да н.э. выбраны «консулам без калегі». Выступіў супраць Цэзара, у 48 да н.э. разбіў яго войска каля Дырахія (Эпір). Пасля свайго паражэння каля Фарсалы (Фесалія) уцёк у Егіпет. Забіты паводле загаду егіп. цара Пталамея XIII Дыяніса.
т. 12, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)