Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПАМІНА́ННЕ,

сшытак (спіс) з імёнамі памерлых або жывых, якіх святар павінен памянуць у час набажэнства; таксама царкоўны рытуал, у час якога святар памінае імёны, уключаныя ў памінальны сшытак (спіс). У правасл. царкве П. памерлых робіцца на 3-і, 9-ы, 40-ы дзень і ў гадавіну смерці. Існуюць агульныя дні П. памерлых: дзяды (2 лістапада), бацькоўская субота, субота напярэдадні Сёмухі і інш. Гл. таксама Культ продкаў.

т. 12, с. 33

ПАМІ́НКІ,

абрад ушанавання памяці памерлага чалавека; звязаны з культам продкаў і верай у замагільнае існаванне. Пашыраны ў беларусаў і некат. інш. слав. народаў. П. звычайна адбываюцца ў доме нябожчыка адразу пасля пахавання і ў наступныя пасля смерці дні: 3-і (траціны), 9-ы (дзевяціны), зрэдку 20-ы (паўсарачыны), 40-ы (сарачыны), у паўгодкі і гадавіну. Потым ідуць агульныя П. па ўсіх памерлых родзічах — дзяды.

На першыя П. звычайна запрашаюцца ўся радня і ўдзельнікі пахавання, на наступныя — блізкія сваякі, часам свяшчэннік і старцы. Жалобны стол пачынаецца звычайна з куцці або кануна. У залежнасці ад мясц. традыцый існуюць розныя рытуальныя стравы: клёцкі, боб, гарачы хлеб і інш. Першыя лыжкі страў і гарэлку пакідаюць для нябожчыка. П. наладжваюць і на могілках. На наступны дзень пасля пахавання блізкія ідуць «будзіць нябожчыка» на яго магілу. упарадкоўваць магілу — абкладваць яе дзёрнам, ставіць крыж. Тое ж робяць і на радаўніцу і напярэдадні Сёмухі (на У Беларусі).

Літ.:

Пахаванні. Памінкі. Галашэнні. Мн., 1986.

У.​А.​Васілевіч.

т. 12, с. 33

ПАМІ́Р,

высакагорная сістэма на Пд Сярэдняй Азіі, гал. частка ў Горна-Бадахшанскай аўт. вобл. Таджыкістана, усх. і паўд. частка ў Кітаі і Афганістане. На Пн абмежаваны Заалайскім хр., на У — Сарыкольскім і Кашгарскім хр., на Пд — р. Памір і вярхоўямі р. Пяндж, на З — мерыдыянальным адрэзкам даліны р. Пяндж. Найвышэйшыя пункты размешчаны ў Кашгарскіх гарах (г. Кангур, 7719 м; г. Музтагата, 7546). Паводле асаблівасцей рэльефу П. падзяляюць на Зах. і Усходні. Для Зах. П. характэрна сістэма высокіх хрыбтоў амаль шыротнага распасцірання. Буйнейшыя антыклінорыі маюць крыштал. ядры палеазойскага ўзросту, якія прарваны гранітоіднымі інтрузіямі. Схілы хрыбтоў расчлянёны глыбокімі цяснінамі рэк. Усх. П. складзены з парод палеазою і мезазою, трапляюцца вулканагенна-асадкавыя адклады палеагену. Для рэльефу характэрны плоскія днішчы вялізных далін і катлавін, якія падняты на выш. 3500—4500 м і запоўнены прадуктамі разбурэння гор, у грунтах трапляецца вечная мерзлата. Над імі ўзвышаюцца хрыбты выш. больш за 6000 м.

Найвыш. грабяні маюць горна-ледавіковыя формы, якія вылучаюцца на агульным фоне стараж. рэльефу. П. — моцна сейсмічная вобласць, землетрасенні дасягаюць. 8—9 балаў. Радовішчы золата, малібдэну, вальфраму, горнага хрусталю, азбесту, слюды, лазурыту. Клімат суровы, рэзка кантынентальны. У далінах Зах. П. на выш. каля 2100 м сярэднія т-ры студз. -7,4 °C, ліп. 22,5 °C, гадавая колькасць ападкаў да 800 мм (на ледавіку Федчанкі). На Усх. П. клімат больш суровы. На выш. каля 4000 м сярэдняя т-ра студз. -20 °C, ліп. +8 °C, ападкаў 100 мм за год. Снегавая мяжа ў Зах. П. размешчана на выш. 3600—3800 м, на ледавіку Федчанкі — на выш. 4400 м, ва Усх. П. — на выш. 5200—5240 м. Пл. зледзянення ў межах Таджыкістана больш за 7500 км² (больш за 10% паверхні П.), агульная колькасць ледавікоў каля 7110. Тыпы ледавікоў: каравыя, вісячыя, схілавыя, складаныя далінныя альпійскага і туркестанскага тыпаў. Найб. ледавікі: Федчанкі (даўж. 77 км) і Грум-Гржымайлы (37 км). Рэкі адносяцца пераважна да бас. Амудар’і, якая ў верхнім цячэнні наз. Пяндж. Найб. рэкі: Кызыл-Суу, Кызылсу, Сурхоб, Вахш. Рэкі Усх. П. адносяцца да бас. Яркенда і Кашгара. Яны маюць бурнае цячэнне, ледавікова-снегавое жыўленне, летнія паводкі. Найб. азёры: Каракуль, Рангкуль, Шаркуль, Заркуль, Яшылькуль, Сарэзскае. Глебы халодных высакагорных пустынь П.: саланцаватыя, шэразёмы, такырна-саланчаковыя, шкілетныя на камяністым і пясчаным субстраце; у месцах лепшага ўвільгатнення — бурыя пустынна-стэпавыя. На Усх. П. — участкі камяністай горнай тундры з вечнай мерзлатой, выкапнёвым лёдам, камяністымі многавугольнікамі. На Зах. П. ў далінах расліннасць пустынная палыновая, на выш. 2600—3200 м — дзярнова-злакавыя стэпы з калючымі падушкамі астрагалаў і аканталімонаў. На выш. 3200—3800 м кавыльныя стэпы, якія змяняюцца кабрэзіевымі лугамі. З выш. 4500 м пачынаецца субальпійскі пояс з марозаўстойлівай нізкатраўнай і паўхмызняковай расліннасцю. Па берагах рэк растуць таполі, бярозы, вербы, якія ўтвараюць невял. гаі. На Усх. П. днішчы далін і катлавіны заняты высакагорнай пустыняй з рэдкімі раслінамі падушкападобнай формы. На выш. 3500—4200 м найб. характэрны паўхмызнячок тэраскен (адзіны від расліннага паліва). Ва ўмовах большай вільготнасці развіваюцца рэдкатраўныя высакагорныя стэпы з ціпчаку ўсходняга, кавылю, палыну. Вышэй за 4200 м пераважаюць падушачнікі з вастралодкі, аканталімону, сібальдыі. Каля рэк і ручаёў Усх. П. сустракаюцца кабрэзіевыя і асаковыя лугі, нярэдка саланчакаватыя і купінаватыя. Жывёльны свет П. прадстаўлены горным баранам архарам, даўгахвостым сурком, чырвонай пішчухай; з птушак — тыбецкім уларам, серпадзюбам, тыбецкім крумкачом і жаваранкам, снегавым гімалайскім грыфам, горнай, або інд. гуссю. Вырошчваюць якаў. Асн. занятак насельніцтва — жывёлагадоўля і горнае земляробства. Вырошчваюць ячмень, гарох, на паліўных землях — вінаград, шаўкоўніцу, грэцкі арэх, абрыкосы.

М.​В.​Лаўрыновіч.

Да арт. Памір. Пік Леніна.

т. 12, с. 33

ПАМІ́РА-АЛА́Й,

горная сістэма на ПдУ Сярэдняй Азіі, у Таджыкістане, часткова ў Кіргізіі, Узбекістане і Туркменіі, якая аб’ядноўвае хрыбты на Пд ад Ферганскай даліны. Складаецца з 3 асн. частак: Гісара-Алая, Паўд.-Таджыкскіх гор і Паміра. Працягласць з З на У каля 900 км, шыр. да 400 км.

т. 12, с. 34

ПАМІ́РСКІЯ МО́ВЫ,

арэальная сукупнасць роднасных моў, якія адносяцца да іранскіх моў (усх. група). Пашыраны ў далінах зах. і паўд. Паміра (Таджыкістан, Афганістан, Пакістан, паўн. Індыя, Кітай). Да П.м. належаць: ваханская, язгулямская, ішкашымская мовы, шугнана-рушанская група моў (шугнанская, рушанская, хуфская, бартангская, арашорская, сарыкольская), па пэўных уласцівасцях — мунджанская і йідга, мёртвая стараж.-ванджская і, магчыма, саргулямская. Грамат. лад П.м. пераважна сінтэтычны. Іх структурнае падабенства і агульнасць лексічнага фонду даюць падставы меркаваць пра іх канвергентнае развіццё ў моўным саюзе. П.м. беспісьмовыя. Для носьбітаў большасці з П.м. мовай пісьма і адукацыі служыць таджыкская мова, для носьбітаў сарыкольскай мовы — уйгурская.

Літ.:

Пахалина Т.Н. Памирские языки. М., 1969;

Яе ж. Исследование по сравнительно-исторической фонетике памирских языков. М., 1983.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 12, с. 34

ПАМНАЖА́ЛЬНІК ЧАСТАТЫ́,

радыёэлектронная прылада, якая павялічвае частату падведзеных эл. ваганняў у зададзеную колькасць разоў. Асн. параметр — каэфіцыент памнажэння m. Характэрная асаблівасць — пастаянства m пры зменах у пэўных межах частаты ўваходных ваганняў і параметраў П.ч.

Найб. пашыраныя П.ч. складаюцца з нелінейнай прылады (напр., транзістара, варыкапа, шпулі індуктыўнасці з ферытавым асяродкам, электроннай лямпы) і эл. фільтраў, а таксама з нелінейных элементаў са спец. характарыстыкамі. Нелінейная прылада змяняе форму зыходнага вагання, у выніку чаго ў выхадным спектры выяўляюцца ваганні з кратнымі частотамі, якія вылучаюцца з дапамогай фільтраў. Існуюць П.ч., дзеянне якіх заснавана на сінхранізацыі ваганняў аўтагенератара. П.ч. выкарыстоўваюцца для павышэння частаты генератара (напр., стабілізаванага кварцам на больш нізкай частаце) у радыёперадавальных, радыёлакацыйных, вымяральных і інш. устаноўках.

т. 12, с. 34

ПАМО́Р’Е,

гістарычная назва ў 15—17 ст. у Расіі, узбярэжжа Белага м. ад г. Кем да г. Анега (Паморскі бераг), а таксама вял. тэр. ад Абанежжа да Паўн. Урала, у якую ўваходзілі Карэлія, Дзвінская, Важская, Сысальская, Вяцкая, Пермская землі, Пасухонне, Белазерскі і Пячорскі краі. Першапачаткова насялялі карэлы, комі, лапары. Да 17 ст. карэннае насельніцтва часткова асімілявана рус. пасяленцамі, якія з 12 ст. асвойвалі тэр. П. У 12—15 ст. уладанне Наўгародскай феадальнай рэспублікі. У пач. 16 ст. далучана да Масквы. У 17 ст. ў 22 паветах П. асн. маса насельніцтва — вольныя сяляне. Частка зямель належала манастырам і купцам Строганавым. На Пн насельніцтва займалася рыбалавецкім, слюдзяным, саляным промысламі; у Карэліі развівалася металургія, у паўд. паветах — земляробства.

т. 12, с. 34

ПАМО́Р’Е (Pomorze),

гістарычная назва паўн. прыбалтыйскай ч. Польшчы. Складаецца з Зах. П. і Усх. (ці Гданьскага) П. У канцы 10 ст. П. насялялі памаране, якія ўваходзілі ў склад Польскай дзяржавы. Зах. П. ў 1181 трапіла ў васальную залежнасць ад «Свяшчэннай Рым. імперыі», германізавана (ням. Pommern Памеранія). Да 1637 тут захоўвалася мясц. (слав.) княжацкая дынастыя. Паводле Вестфальскага міру 1648 Зах. і ч. Усх. Памераніі атрымала Швецыя, астатнюю ч. Усх. — Брандэнбургска-пруская дзяржава. Усх., ці Гданьская Памеранія (ням. Pommerellen Малая Памеранія), якую ў 1308—09 захапіў Тэўтонскі ордэн, адваявана Польшчай у выніку Трынаццацігадовай вайны 1454—66. У канцы 18 ст. далучана да Прусіі. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 Польшчы была вернута б.ч. Усх. П. (без Гданьска з акругай). Патсдамскай канферэнцыяй 1945 зах. мяжа Польшчы ўсталявана па Одры і Нысе-Лужыцкай.

Літ.:

Historia Pomorza. T. 1—2. Poznań, 1969—84;

Dzieje Pomorza Nadwiślańskiego od VII wieku do 1945 roku. Gdańsk, 1978.

т. 12, с. 34

ПАМО́РНІКІ, паморнікавыя (Stercorariidae),

сямейства птушак атр. сеўцападобных. Вядомы з ранняга міяцэну (каля 25 млн. г. назад). 2 роды: П. вялікія — Catharacta (1 або 2 віды, пашыраныя біпалярна, у Арктыцы і Антарктыцы) і ўласна П. — Stercorarius (3 віды, пашыраныя кругапалярна ў Арктыцы і Субарктыцы). Жывуць на марскіх узбярэжжах, у тундры. Утвараюць рассеяныя калоніі. Добра плаваюць. На Беларусі адзначаюцца як залётныя віды.

Даўж. да 60 см, размах крылаў да 150 см, маса да 2 кг. Афарбоўка бурая, у некат. светлыя шыя і брушка. Дзюба ўкарочаная, моцная, з кручком на канцы, укрыта 4 рагавымі шчыткамі (рамфатэкай). Хвост завостраны, сярэднія рулявыя пёры бываюць падоўжаныя. Кормяцца рыбай, адбіраюць здабычу ў інш. птушак (клептапаразітызм), а таксама ягадамі, беспазваночнымі, грызунамі, птушанятамі, разбураюць гнёзды інш. птушак. Нясуць 2 яйцы.

Паморнікі 1 — караткахвосты; 2 — даўгахвосты; 3 — вялікі; 4 — сярэдні.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 12, с. 35

ПАМО́РСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Pomorskie),

адм.-тэр. адзінка на Пн Польшчы. Утворана 1.1.1999. Пл. 22,7 тыс. км². Нас. 1,7 млн. чал. (1999), гарадскога 74%. Адм. цэнтр — г. Гданьск. Найб. гарады: Гдыня, Слупск, Сопат. Рэльеф нізінны на ўзбярэжжы Балтыйскага м. і ў межах дэльты р. Вісла (Віслянскія Жулавы), у цэнтр. ч. Кашубскае Паазер’е (выш. да 329 м., г. Вяжыца). Клімат умераны, пераходны да марскога. Сярэдняя т-ра студз. ад -1 °C да -3 °C, ліп. 16—17,5 °C, ападкаў 500—600 мм за год. Гал. рака — Вісла (з прытокамі Вда і Вяжыца), Леба, Слупя. Найб. азёры Вдзыдзе і Радунскае. Глебы пераважна падзолістыя, у далінах рэк алювіяльныя. Пад лесам каля 30% тэрыторыі (хвоя, елка, бук). Гаспадарка прамысл.-аграрная. Прам-сць: маш.-буд. (пераважае суднабудаванне і суднарамонт, радыётэхн., электронная), хім., нафтахім., фармацэўтычная, харч., дрэваапр., лёгкая. Пад с.-г. ўгоддзямі 54% тэрыторыі. Вырошчваюць жыта, пшаніцу, бульбу, цукр. буракі, кармавыя травы. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней. Рыбалоўства. Турызм (Сопат, Ястшэмбе-Гура, Уладыславова і інш.).

т. 12, с. 35