сямейства птушак атр. сеўцападобных. Вядомы з ранняга міяцэну (каля 25 млн.г. назад). 2 роды: П. вялікія — Catharacta (1 або 2 віды, пашыраныя біпалярна, у Арктыцы і Антарктыцы) і ўласна П. — Stercorarius (3 віды, пашыраныя кругапалярна ў Арктыцы і Субарктыцы). Жывуць на марскіх узбярэжжах, у тундры. Утвараюць рассеяныя калоніі. Добра плаваюць. На Беларусі адзначаюцца як залётныя віды.
Даўж. да 60 см, размах крылаў да 150 см, маса да 2 кг. Афарбоўка бурая, у некат. светлыя шыя і брушка. Дзюба ўкарочаная, моцная, з кручком на канцы, укрыта 4 рагавымі шчыткамі (рамфатэкай). Хвост завостраны, сярэднія рулявыя пёры бываюць падоўжаныя. Кормяцца рыбай, адбіраюць здабычу ў інш. птушак (клептапаразітызм), а таксама ягадамі, беспазваночнымі, грызунамі, птушанятамі, разбураюць гнёзды інш. птушак. Нясуць 2 яйцы.