ПАЗНА́НСКАЕ ВЯЛІ́КАЕ КНЯ́СТВА,
створана ў 1815 паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 у зах. ч. Варшаўскага герцагства, што адышло да Прусіі. Пл. 28,9 тыс. км.2, нас. ў 1815 каля 776 тыс. чал., у 1871 — больш за 1,5 млн. чал. Цэнтр — г. Познань. Падзялялася на 2 рэгенцтвы, мела пэўную аўтаномію ў складзе Прусіі. Прускага караля прадстаўляў намеснік (да 1831). Дарадчым органам быў правінцыяльны сейм. Пасля паражэння паўстання 1830—31 аўтаномія П.в.к. абмежавана, а ў 1849 скасавана. Пачаўся працэс германізацыі, які ўзмацніўся ў 1880-я г. (гл. «Культуркампф»). Насельніцтва княства прымала ўдзел у Пазнанскім паўстанні 1848, падтрымала паўстанне 1863—64, што выклікала ўзмацненне рэпрэсій прускіх улад. Пасля 1-й сусв. вайны ў выніку Пазнанскага паўстання 1918—19 і паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 увайшло ў склад адноўленай Польскай дзяржавы.
Н.К.Мазоўка.
т. 11, с. 519
ПАЗНА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1848,
польскае нац.-вызв. паўстанне супраць прускага панавання, якое адбылося 20 сак. — 9 мая ў Пазнанскім вялікім княстве. Пасля атрымання звестак пра рэв. падзеі 1848 у Францыі і Германіі 20 сак. ў г. Познань створаны Нац. к-т. Паўстанне было скіравана супраць праекта падзелу Пазнанскага княства і далучэння значнай яго ч. да Прусіі. Рух набыў форму напаўлегальнага захопу ўлады ў правінцыі. Нац. к-т стварыў тайны Нац. ўрад (К.Лібельт, Г.Патвароўскі, В.Стафанскі), кіраўніком паўстання 10 крас. стаў Л.Мераслаўскі. Прускія ўлады, у парушэнне заключанага 11 крас. ў Яраслаўцы пагаднення, якое легалізавала існаванне польскіх узбр. сіл (3 тыс. чал.), пачалі задушэнне паўстання. 29 крас. прускія войскі разграмілі польскі атрад у Ксенжы. 30 крас. паўстанцы атрымалі перамогу пад Мілославам, 2 мая — пад Вжэсняй-Саколавам. Аднак шляхта выступіла супраць працягу барацьбы, а спробы разгарнуць партыз. дзеянні скончыліся беспаспяхова. 9 мая падпісана капітуляцыя. Разгром паўстання стаў першым поспехам контррэвалюцыі ў Еўропе ў 1848.
Н.К.Мазоўка.
т. 11, с. 519
ПАЗНА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1918—19, Велікапольскае паўстанне,
польскае ўзбр. нац.-вызв. паўстанне на зах. ч. польскіх зямель, якія знаходзіліся пад уладай Германіі. Пачалося 27.12.1918 у Познані. У паўстанні, якое ўзначальваў Камісарыят Вярхоўнай нар. рады, удзельнічалі ўзброенае насельніцтва і польскія войскі. У першы дзень паўстання захоплены цэнтр горада, у наступныя дні — яго найважн. аб’екты, у т. л. аэрадром; да сярэдзіны студз. 1919 вызвалена амаль уся Велікапольшча (за выключэннем вузкіх прыгранічных тэрыторый). З 16.1.1919 польскія войскі ўзначальваў Ю.Доўбар-Мусніцкі, які рэарганізаваў армію, стварыўшы 4 баявыя групоўкі. У сярэдзіне студз. 1919 пачалося наступленне ням. войск. 16.2.1919 падпісана перамір’е ў г. Трыр. Уздоўж граніц вызваленых паўстанцамі тэр. праведзена часовая дэмаркацыйная лінія. Аднак Германія не выконвала ўмоў перамір’я, напружанае становішча на граніцы не зняў і Версальскі мірны дагавор 1919. Поспех паўстання забяспечыў уз’яднанне з Польскай дзяржавай ч. Пазнаншчыны, але Памор’е паводле Камп’ёнскага перамір’я 1918 заставалася ў Германіі.
Літ.:
Czubiński A. Powstanie wielkopolskie 1918—1919. Poznań, 1978.
Н.К.Мазоўка.
т. 11, с. 519
ПАЗНА́НСКІ ЗБО́РНІК,
рукапісны помнік бел. л-ры 16 ст. Узнік каля 1580, верагодна, на Навагрудчыне ў асяроддзі бел. шляхты. Уключае творы стараж. бел. перакладной і арыгінальнай л-ры, якіх не было ў інш. рукапісах. Сярод іх: «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву», «Гісторыя пра Атылу», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» (поўная рэдакцыя). Пераклады рыцарскіх раманаў змешчаны пад агульным загалоўкам «Повесть о витязех с книг сэрбских, а звлаща о славном рыцэры Трысчане, о Анцалоте и о Бове и о иншых витезех добрых». Тэксты твораў адметныя багаццем і чысцінёй тагачаснай бел. літ. мовы.
П з. выяўлены ў 1846 В.Бадзянскім. Даследаваны А.Брукнерам. Бел. аповесці зборніка ўпершыню апублікаваў у 1888 А.Весялоўскі, летапіс — у 1907 С.Пташыцкі. Помнік зберагаецца ў публічнай б-цы імя Э.Рачынскага ў Познані (Польшча).
Літ.:
Веселовский А. Из истории романа и повести: Материалы и исслед. Вып. 2. Славяно-романский отдел. СПб., 1888.
В.А.Чамярыцкі.
т. 11, с. 519
ПАЗНАЦВЕ́Т, восеннік (Colchicum),
род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Іране і на У — да Паўн. Індыі. На Беларусі 1 цэнтр.-еўрап. рэліктавы від — П. асенні (C. autumnale), занесены ў Чырв. кнігу Як дэкар. расліну вырошчваюць П. цудоўны (C. speciosum).
Шматгадовыя клубнецыбульныя расліны з кароткім сцяблом. Лісце лінейнае або шырока-ланцэтнае. Кветкі (1—8) буйныя, рознай афарбоўкі, у некат. відаў паяўляюцца ў канцы лета ці восенню (адсюль назва). Плод — каробачка. Лек., дэкар. расліны. Ядавітыя.
т. 11, с. 519
ПАЗНЯ́К (Зянон Станіслававіч) (н. 24.4.1944, в. Суботнікі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. грамадска-паліт. дзеяч. мастацтвазнавец, археолаг.
Канд. мастацтвазнаўства (1981). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). З 1972 навук. супрацоўнік Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, у 1976—96 — Ін-та гісторыі АН Беларусі. Даследаваў архітэктуру і археалогію гарадоў Беларусі, бел. маст. культуру, займаўся пытаннямі аховы і аднаўлення культ.-гіст. спадчыны Мінска. Праводзіў археал. раскопкі ў Мінску, Мядзеле, Лоску і інш. Старшыня сойма Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» (з 1990) і партыі БНФ (з 1993), т-ва памяці ахвяр сталінізму «Мартыралог Беларусі». Дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь у 1990—95. З 1996 у эміграцыі, з кастр. 1999 лідэр Кансерватыўна-хрысціянскай партыі.
Тв.:
Рэха даўняга часу. Мн., 1985;
У суладдзі з прыродай і чалавекам: Праграматворная функцыя помнікаў дойлідства // Мастацтва Беларусі. 1986. № 4;
Сапраўднае аблічча. Мн., 1992;
Курапаты. 2 выд. Мн., 1994 (у сааўт).
т. 11, с. 519
ПАЗНЯ́К (Мікалай Іванавіч) (н. 10.1.1945, г.п. Іўе Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне афтальмалогіі. Д-р мед. н. (1990). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1974), дзе і працаваў у 1979—91. З 1993 у Мед. цэнтры Мінскага трактарнага з-да (заг. аддзялення). Навук. працы па этыялогіі, патагенезе, лячэнні і прафілактыцы катаракты, глаўкомы, блізарукасці, дыстрафіі сятчаткі і захворванняў зрокавага нерва.
Тв.:
Поляризационные методы исследований в биологии и медицине. Мн., 1988 (у сааўт.);
Возрастная катаракта. Мн., 1997 (разам з Я.В.Баркоўскім).
т. 11, с. 520
ПАЗНЯ́К (Янка) (Ян Аляксандравіч; 1887, в. Суботнікі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. — пасля кастр. 1939),
бел. паліт. і культ. дзеяч, публіцыст; адзін з арганізатараў і лідэраў нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. З 1910-х г. удзельнік бел. гурткоў хрысц.-дэмакр. асветніцкага кірунку. У 1913—15 з А.Бычкоўскім, Б.Пачопкам і інш. выдаваў у Вільні каталіцкую газ. «Беларус». У 1918—20 арганіст у Лаварышкаўскім касцёле каля Вільні. Потым у віленскім касцёле св. Яна. З 1928 сакратар Прэзідыума ЦК Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, са студз. 1936 старшыня Прэзідыума ЦК Бел. нац. аб’яднання. У 1928—36 рэдагаваў газ. «Беларуская крыніца». Зазнаў ганенні польскіх улад, грашовыя штрафы, некалькі разоў зняволены ў турме. З 1938 рэдагаваў час. «Хрысціянская думка», дапамагаў у выданні с.-г. час. «Самапомач». У кастр. 1939 арыштаваны сав. органамі і вывезены з Вільні.
т. 11, с. 520
ПАЗНЯКЕ́ВІЧ (Зіновій Лявонцьевіч) (н. 3.9.1932, г. Ковель Валынскай вобл., Украіна),
бел. геолаг. Канд. геолага-мінералагічных н. (1979). Скончыў Львоўскі політэхн. ін-т (1955). З 1973 ва Упраўленні геалогіі (нач. аддзела), з 1984 у Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це (нам. дырэктара). Навук. працы па геалогіі і нафтагазаноснасці тэр. Беларусі, пошуку і разведцы нафтавых і газавых радовішчаў, распрацоўцы кірункаў геолагаразведачных работ на аснове вывучэння ўмоў фарміравання пакладаў нафты і газу. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Тв.:
Геология нефтяных месторождений Белоруссии. М., 1972 (у сааўт.);
Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. Полезные ископаемые. М., 1977 (у сааўт.);
Геология и нефтегазоносность запада Восточно-Европейской платформы. Мн., 1997 (у сааўт.).
т. 11, с. 520
ПАЗНЯКО́Ў (Іван Барысавіч) (1.7.1902, в. Хутаранка Гомельскага р-на — 5.10.1997),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на тэр. Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Вышэйшую школу парт. арганізатараў пры ЦК ВКП(б) (1940). З 1931 на парт. рабоце, з 1940 1-ы сакратар Гродзенскага гаркома КП(б)Б. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Зах., Цэнтр., Бранскім і Калінінскім франтах, з ліст. 1942 сакратар Віцебскага падп. абкома КП(б)Б. Пасля вайны сакратар Віцебскага абкома, Аршанскага, Віцебскага гаркомаў КПБ. У 1960—71 у апараце ЦК КПБ. Чл. ЦК КПБ у 1940—60. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1940—63. Адзін з аўтараў кн. «Без лініі фронту» (2-е выд., 1979).
т. 11, с. 520