ПАКАЗА́ЛЬНЫЯ ТЭА́ТРЫ,
чырвонаармейскія т-ры і тэатр. калектывы, што існавалі ў час грамадз. вайны пры Палітаддзеле 16-й арміі Зах. фронту для культ. абслугоўвання вайск. часцей франтавых і прыфрантавых зон, шпіталяў і мясц. насельніцтва 3 восені 1919 да ліп. 1920 існавалі Першы паказальны тэатр, Другі паказальны тэатр, Трэці паказальны тэатр. У ліп. 1920 яны аб’яднаны ў адзіны калектыў з базай у Смаленску, пазней у Мінску. У трупе выступалі прафес. акцёры і чырвонаармейцы, маст. кіраўнік — М.Дняпроў. Рэпертуар складаўся пераважна з твораў рус. і замежнай класікі, сав. драматургіі. Спыніў дзейнасць у канцы 1920. Апошні спектакль аб’яднанай трупы — «На дне» М.Горкага (рэж. і мастак К.Елісееў).
К.Б.Кузняцова.
т. 11, с. 523
ПАКА́ЗНІКАВАЯ ФУ́НКЦЫЯ, экспаненцыяльная функцыя,
функцыя y = ez = exp z, дзе e = 2,718... — аснова натуральных лагарыфмаў. П.ф. y > 0 пры любых сапраўдных значэннях z, а ў камплекснай вобласці прымае ўсе камплексныя значэнні, акрамя нуля. Графік П.ф. наз. экспанентай. Адваротнай П.ф. з’яўляецца лагарыфмічная функцыя. У курсе матэм. аналізу разглядаецца П.ф. віду y = ax пры сапраўдных x і дадатных a, якая звязана з асн. П.ф. суадносінамі ax = exlna. П.ф. сустракаецца ў дастасаваннях, дзе скорасць змены якой-н. велічыні прама прапарцыянальная самой велічыні, напр., пры апісанні працэсу радыеактыўнага распаду, затухання ваганняў.
т. 11, с. 523
ПАКА́ЗНІК СТУПЕ́НІ, паказчык ступені,
гл. ў арт. Ступень у матэматыцы.
т. 11, с. 523
ПАКА́ЗЧЫКІ ЭКАНАМІ́ЧНЫЯ,
выражаныя ў лічбах характарыстыкі ўласцівасцей эканам. аб’ектаў, працэсаў або рашэнняў, якія паказваюць стан эканомікі краіны, рэгіёна, прадпрыемства, сям’і і інш., а таксама змены гэтага стану, эканам. развіццё, рост, уздым або спад. Адрозніваюць П.э. колькасныя, якасныя, адзінкавыя і групавыя (агрэгаваныя, сінтэтычныя, абагульненыя). У залежнасці ад сферы выкарыстання падзяляюцца на аналіт., прагнозныя, планавыя, разліковыя, стат., справаздачныя.
т. 11, с. 523
ПАКАЛЮ́БІЧЫ,
вёска ў Гомельскім р-не, на аўтадарозе Гомель—Ветка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на ПнУ ад Гомеля. 3113 ж., 1067 двароў (2000). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Нікольская царква. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі абаронцам Гомеля і землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі гарадзішча зарубінецкай культуры.
т. 11, с. 523
ПАКАРА́ННЕ ў праве,
прадугледжаная законам мера крымінальна-прававога ўздзеяння, якая назначаецца паводле прыгавору суда. Ужываецца да асобы, прызнанай вінаватай ва ўчыненні злачынства, з прадугледжаным заканадаўствам пазбаўленнем або абмежаваннем правоў і свабод гэтай асобы. Мае на мэце аднаўленне сац. справядлівасці і папярэджанне ўчынення новых злачынстваў. У адпаведнасці з КК Рэспублікі Беларусь існуюць асн. і дадатковыя П. Да асн. адносяцца грамадскія работы, штраф, пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, папраўчыя работы, абмежаванне па ваен. службе, арышт, абмежаванне свабоды, накіраванне ў дысцыплінарную часць (для ваеннаслужачых), пазбаўленне волі, пажыццёвае зняволенне і як выключная мера — смяротная кара. Апрача асн. П., да асоб, якія ўчынілі злачынствы, могуць ужывацца і дадатковыя П., як пазбаўленне воінскага або спец. звання, канфіскацыя маёмасці. Грамадскія работы, штраф і пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю могуць ужывацца не толькі ў якасці асноўнага, але і дадатковага П.
Г.А.Маслыка.
т. 11, с. 523
ПАКАТА́ШКІН (Валянцін Пятровіч) (н. 1.11.1940, г. Гомель),
бел. мастак, педагог. Брат Я.П.Пакаташкіна. Засл. настаўнік Беларусі (1980). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1974). З 1968 выкладчык нар. студыі выяўл. мастацтва Палаца піянераў г. Гомель, з 1997 нам. дырэктара Гомельскага маст. вучылішча. Творы адметныя стрыманасцю каларыту, лірызмам: «На поўначы далёкай» (1974), «Паўночная бухта» (1978), «Пасля вучэнняў», «Лазенькі дымяць» (абодва 1980), «Нарач», «Браслаўшчына», «Зямля Палеская» (усе 1986), «Новае Палессе» (1993), «Жыццё прадаўжаецца» (1996), «Ранняя вясна» (1997), «Музыка мора», «Царква святога Міхаіла ў Мазыры» (абодва 2000).
т. 11, с. 523
ПАКАТА́ШКІН (Яўген Пятровіч) (12.4.1937, г. Гомель — 5.3.1994),
бел. мастак. Брат В.П.Пакаташкіна. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1960). У 1973—77 старшыня Гомельскай абл. арганізацыі Бел. саюза мастакоў. Працаваў у жывапісе і станковай графіцы. Сярод твораў: «Запраўка самалётаў» (1964), «Новае Палессе» (1970), «Суднарамонтны «Чырвоная кузня» (1976), «Прыпяць. Цішыня» (1980), «Мазыршчына. Адроджаная вёска» (1982), «У родныя мясціны. Край азёрны», «Трывожная памяць» (1984). Шэраг работ выканаў з Л.Пакаташкінай: «Загінем, але не здадзімся» (1961), «Дзед і ўнук. Бакеншчыкі» (1974), «Безыменная вышыня» (1985) і інш. Творам уласціва дакументальнасць, пошукі новых сродкаў выразнасці.
Г.А.Фатыхава.
т. 11, с. 523
ПАКАЯ́ННЕ,
1) адкрытае, добраахвотнае прызнанне ва ўчыненым злачынстве або правіннасці (памылцы) з выказваннем шкадавання аб зробленым.
2) Тое, што царк. споведзь.
т. 11, с. 523
ПАКГА́УЗ (ням. Packhaus),
склад для захоўвання грузаў пры чыг. станцыях, партах і да т.п.
т. 11, с. 523