Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПАДО́БНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,

вучэнне аб умовах падобнасці аднатыпных працэсаў ці з’яў, якія адрозніваюцца маштабамі адлегласцей, скарасцей, т-р ці інш. характарыстык.

Мэта П.т. — выявіць залежнасці невядомых велічынь, істотных для зададзенага працэсу, ад зыходных даных задачы, што грунтуецца на разглядзе кожнай задачы ў характэрных для яе пераменных — безразмерных ступеневых комплексах, створаных з істотных для дадзенага класа задач параметраў (гл. Размернасцей аналіз). Размерныя фіз. параметры, што ўваходзяць у склад комплексаў, могуць мець розныя значэнні ў розных задачах, аднолькавымі павінны быць толькі безразмерныя крытэрыі падобнасці, якія складаюцца з параметраў, зададзеных паводле ўмоў задачы. Напр., характар цячэння вязкай вадкасці характарызуецца суадносінамі паміж сіламі інерцыі і сіламі вязкасці — Рэйнальдса крытэрыем. Комплексы, якія маюць пераменныя, наз. лікамі падобнасці, напр., лік Фур’е — безразмерная форма адліку часу ў задачах цеплаправоднасці. Выкарыстоўваецца ў механіцы, гідра- і аэрадынаміцы, тэорыі цеплаправоднасці, пры мадэліраванні розных з’яў і інш.

Літ.:

Гухман А.А. Введение в теорию подобия. 2 изд. М., 1973;

Седов Л.И. Методы подобия и размерности в механике. 10 изд. М., 1987.

М.​У.​Паўлюкевіч.

т. 11, с. 503

ПАДО́БНАСЦЬ,

адпаведнасць паміж аднароднымі з’явамі, калі ўсе колькасныя характарыстыкі адной з’явы атрымліваюцца прапарцыянальным пераўтварэннем аднайм. характарыстык другой. Умовы П. вывучае падобнасці тэорыя.

Фіз. П. можна разглядаць як абагульненне геаметрычнай П. 2 геам. фігуры падобныя, калі адносіны ўсіх адпаведных даўжынь аднолькавыя. Гэтыя адносіны наз. каэф. П. або маштабам. Калі маштаб вядомы, то простым множаннем на значэнне маштабу памераў адной геам. фігуры атрымліваюцца памеры другой, падобнай ёй геам. фігуры. Акрамя П. фігур, разглядаецца таксама падобнае пераўтварэнне плоскасці (прасторы). Усякае падобнае пераўтварэнне можна ажыццявіць паслядоўным выкананнем гаматэтыі, руху і адбітку. П. і падобнымі пераўтварэннямі карыстаюцца ў мадэліраванні, чарчэнні і інш. тэхн. дастасаваннях геаметрыі.

М.​У.​Паўлюкевіч.

т. 11, с. 503

ПАДО́БНЫЯ СКЛА́ДНІКІ мнагаскладу,

аднасклады, якія ўваходзяць у мнагасклад і адрозніваюцца каэфіцыентамі, знакамі ці нічым не адрозніваюцца. Могуць быць заменены аднаскладам, роўным іх алг. суме (прывядзенне П.с.), надр., мнагасклад 2a + 5a​3b + 3ab​2 − 3a​3b пасля прывядзення П.с. набывае выгляд 2a + 2a​3b + 3ab​2.

т. 11, с. 503

ПАДО́КШЫН (Сямён Аляксандравіч) (н. 8.3.1931, г. Гомель),

бел. філосаф і гісторык-медыявіст. Д-р філас. н. (1987), канд. гіст. н. (1965). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1953). З 1960 у Ін-це філасофіі і права Нац. АН Беларусі. Даследуе гуманіст. рух і рэліг.-царк. жыццё Беларусі 14—17 ст., гісторыю філас. і грамадска-паліт. думкі эпохі Адраджэння і Рэфармацыі, праблемы культуры, філасофіі і гісторыі, нац. самасвядомасці бел. народа. Стварыў цэласную гісторыю станаўлення і развіцця рэнесансава-гуманіст. думкі Беларусі, вызначыў спецыфічныя рысы айч. Адраджэння і гуманізму. Адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1, 1972), прац «Францыск Скарына і яго час» (1988), «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Тэксты, даведнік, каментарыі» (1989), «Скарына і яго эпоха» (1990), «Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X—XIX стст.» (1995). Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

Тв.:

Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;

Скорина и Будный: Очерк филос. взглядов. Мн., 1974;

Франциск Скорина. М., 1981;

Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990;

Унія. Дзяржаўнасць. Культура: (Філас.-гіст. аналіз). Мн., 1998;

Палітычная і прававая думка Беларусі XVI—XVII стст. Мн., 2000 (разам з С.​Ф.​Сокалам).

т. 11, с. 503

ПАДО́ЛІН (Юрый Міхайлавіч) (н. 25.10.1958, Мінск),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1991). Творы адметныя спалучэннем метафарычна-абстрактнага і сюжэтна-рэалістычнага, шырокім выкарыстаннем тэхн. сродкаў выканання. Сярод твораў; «Ноч», «Фея», «Юр’я», «Куст», «Ганна зімовая», «Прысвячэнне Г.​Мансу», «Нарач», серыі «Ілья Прарок», «Святы Іеранім», «Купалле», «Размова з вечнасцю», «Адзінота», «Поліфанія», «Легенды старых ліхтароў» (усе 1990-я г.), «2», «Туці», «Час жоўтага месяца», «Лесвіца ў неба», «Залаты дождж», «Святая Магдаліна», «Тэатр», «Зязюля», «Філосафы», «Савіньён», серыя «Нарачанскі край» (усе 2000).

М.​М.​Паграноўскі.

Ю.Падолін. Нарач. 1996.

т. 11, с. 503

ПАДО́ЛІЯ, Падолле, Падольская зямля,

гістарычная вобласць на ПдЗ Украіны ў бас. р. Паўд. Буг і ў левабярэжжы бас. р. Днестр (тэр. б. ч. сучасных Вінніцкай, Хмяльніцкай, паўн. ч. Адэскай і паўд. ч. Цярнопальскай абласцей). Займае асн. частку Падольскага ўзвышша. Вядома з сярэдзіны 14 ст. У 1360-я г. ўвайшла ў склад ВКЛ; вял. кн. Альгерд прызначыў тут намеснікам свайго пляменніка кн. Фёдара Карыятавіча. У 15—17 ст. на тэр. П. шмат разоў нападалі войскі Крымскага ханства і Турцыі. У 1434 зах. ч. П. ўключана ў склад Польшчы, утворана Падольскае ваяв. з цэнтрам у г. Камянец-Падольскі. Пасля Люблінскай уніі 1569 у склад Польшчы ўвайшла і ўсх. ч. П., дзе ўтворана Брацлаўскае ваяв. з цэнтрам у г. Брацлаў (цяпер Вінніцкая вобл.). Насельніцтва П. ўдзельнічала ў паўстаннях Мухі (1490—92), С.Налівайкі (1594—96), вызваленчай вайне ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. 1—2.6.1652 укр. войска Б.Хмяльніцкага разграміла ва ўрочышчы Батог на П. (цяпер Вінніцкая вобл.) войска кароннага гетмана М.​Каліноўскага. У 1672 П. захоплена Турцыяй, паводле рашэння Карлавіцкага кангрэса 1698—99 вернута Рэчы Паспалітай. Нас-ва П. ўдзельнічала ў паўстаннях С.Палія (1702—04), Калііўшчына (1768). У 1772 паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай Аўстрыя захапіла зах. ч. П. з гарадамі Чарткоў і Залешчыкі (цяпер у Цярнопальскай вобл.). У 1793 паводле 2-га падзелу Рэчы Паспалітай П. ўвайшла ў склад Рас. імперыі і падзелена паміж Падольскім і Брацлаўскім намесніцтвамі. У 1797 з падольскіх паветаў утворана Падольская губ. з цэнтрам у г. Камянец-Падольскі. У 1814—35 П. — асн. раён антыфеад. паўстанцкага руху пад кіраўніцтвам У.Я.Кармалюка. З 1917 Падольская губ. ў складзе Украінскай ССР, 3.6.1925 замест яе створаны акругі, у 1930-я г. — вобласці. Пасля далучэння Зах. Украіны да УССР (1.11.1939) зах. ч. П. ўключана ў Цярнопальскую вобл.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 11, с. 503

ПАДО́ЛЬСК,

горад у Маскоўскай вобл., на р. Пахра. Засн. ў 1781. 199,7 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Прам-сць: маш.-буд. (паравыя катлы, газавыя пліты і балоны, вытв-сць быт. і прамысл. швейных машын, с.-г. машын; акумулятарны, электрамех., кабельны з-ды), лёгкая, харч., паліграф., каляровая металургія, буд. матэрыялаў і інш. Філіял Маскоўскага ун-та.

т. 11, с. 504

ПАДО́ЛЬСКАЕ ЎЗВЫ́ШША, Падольскае плато. На Украіне, па левабярэжжы р. Днестр. Выш. да 471 м (г. Камула). Развіты карст. Для рэльефу характэрна злучэнне вял. плоскіх міжрэччаў і глыбокіх каньёнападобных далін. Паўн. край узвышша ўзгорысты; складзена з вапнякоў, мергеляў, пясчанікаў, сланцаў. Прыднястроўская яго частка — прыступкападобная раўніна, утвораная вял. тэрасамі Днястра. На З узгоркі і грады Толтры (Медаборы). Месцамі захаваліся дубовыя і букавыя лясы, на Пд — разнатраўныя стэпы. Значная тэр. разарана. П.ў. разам з Валынскім узвышшам часта называюць Валына-Падольскім узвышшам.

т. 11, с. 504

ПАДО́ЛЬСКАЯ ЗЯМЛЯ́ гістарычная вобласць у бас. р. Паўд. Буг і левабярэжжа р. Днестр, гл. Падолія.

т. 11, с. 504

ПАДО́ЛЬЦЫ,

вёска ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 50 км на Пн ад г.п. Астравец, 300 км ад Гродна, 55 км ад чыг. ст. Гудагай. 464 ж., 176 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Капліца. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 504