Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПАДЛЯ́СКА-БРЭ́СЦКАЯ ЎПА́ДЗІНА,

буйная адмоўная тэктанічная структура Рускай пліты на ПдЗ Беларусі (Брэсцкая вобл.) і сумежнай тэр. Польшчы. На Пн і Пд абмежавана разломамі субшыротнага распасцірання Свіслацкім і Паўн.-Ратнаўскім, за якімі размешчаны адпаведна Беларуская антэкліза і Лукаўска-Ратнаўскі выступ. Усх. мяжа з Палескай седлавінай праведзена ўмоўна па глыбіні залягання паверхні крышт. фундамента 500 м ніжэй узр. м. На З ўпадзіна прымыкае да лініі Тэйсейра—Торнквіста. Выцягнута ў субшыротным напрамку на 350 км, шыр. 90—130 км. Мае выгляд структурнага заліва, які цэнтраклінальна замыкаецца на У і адкрываецца на 3. Паверхня фундамента паглыбляецца ад 500 м да 9 км ніжэй узр. м., ускладнена разломамі паўн.-ўсх. напрамку і лакальнымі малаамплітуднымі падняццямі, якія праяўляюцца ў платформавым чахле да ніжняга дэвону ўключна. Запоўнена познапратэразойскімі, палеазойскімі, мезазойскімі і кайназойскімі адкладамі. Асн. этап фарміравання — каледонскі (ранні кембрый — ранні дэвон). Кембрыйскія адклады П.-Б.ў. перспектыўныя на нафту і газ.

Г.​У.​Зінавенка.

т. 11, с. 501

ПАДЛЯ́ШСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ і Польшчы ў 16—18 ст. з цэнтрам у г. Драгічын-Надбужскі. Утворана ў 1520. Складалася з Бельскага, Берасцейскага, Драгічынскага, Камянецкага, Кобрынскага, Мельніцкага пав. Паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 Берасцейскі, Камянецкі і Кобрынскі пав. ўвайшлі ў Брэсцкае ваяв. Напярэдадні Люблінскай уніі 1569 П.в. адышло да Польшчы. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) увайшло ў склад Прусіі. Гл. таксама Падляшша.

т. 11, с. 501

ПАДЛЯ́ШША, Падляссе,

гістарычная вобласць на З этнічнай тэр. беларусаў у бас. Зах. Буга і Нарава, стараж. зона рассялення яцвягаў, дрыгавічоў, валынян. У 13—14 ст. увайшло ў ВКЛ, адыгрывала важную ролю ў бел. этнакультурным працэсе. У 1520 утворана Падляшскае ваяводства. Напярэдадні Люблінскай уніі 1569 перададзена Польшчы. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) большая частка П. дасталася Прусіі. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 у Рас. імперыі, у 1808 тут створана Беластоцкая вобласць (у 1842 скасавана, тэр. далучана да Гродзенскай губ.). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у складзе Польшчы (з гэтага часу польскае насельніцтва стала колькасна пераважаць). У 1939—44 у БССР, у 1944 большая частка П. перададзена Польшчы.

В.​С.​Цітоў.

т. 11, с. 501

ПАДМАЛЁЎКА ў жывапісе

(пераважна алейным),

падрыхтоўчы этап работы над карцінай. Звычайна на стадыі П. ў адным тоне прапрацоўваюць светлаценем аб’ёмы прадметаў ці фігур, што адлюстроўваюцца (цені цёмнымі тонамі, асветленыя часткі — светлымі). Выконваецца ў 2 і больш колерах з разлікам на прасвечванне праз тонкія слаі фарбаў, якія накладваюцца на завяршальным этапе работы (гл. Лесіроўка). У алейным жывапісе эпохі Адраджэння П. часта выконвалі тэмперай. Шматслаёвы жывапіс з П. і лесіроўкамі быў пашыраны да сярэдзіны 19 ст., потым выцеснены жывапісам alla prima (выкананне карціны або фрагмента ў адзін сеанс).

т. 11, с. 501

ПАДМА́НКІ,

група мінералаў класа сульфідаў, якія маюць падобныя знешнія прыкметы (алмазны, паўметалічны бляск, колер і інш.), што адрознівае іх ад большасці сульфідаў, і пераважна з’яўляюцца рудамі. Напр., цынкавая П. (сфалерыт), кадміевая П. (грынакіт, CdS), аксаміцістая П. (тонкавалакністыя агрэгаты гётыту) і інш. Да П. адносіцца таксама рагавая падманка (кл. сілікатаў), жалезістыя разнавіднасці якой маюць моцны паўметалічны бляск, але не з’яўляюцца рудой. Назва ўведзена сярэдневяковымі рудакопамі, якія часта прымалі гэтыя мінералы за руды вядомых у той час металаў.

т. 11, с. 501

ПАДМАСКО́ЎНЫ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН Складаецца з больш як 90 радовішчаў у Наўгародскай, Цвярской, Смаленскай, Калужскай, Тульскай і Разанскай абл. Расіі. Пл. каля 120 тыс. км². Вуглі выяўлены ў 1722, здабываюцца з 1855. Балансавыя запасы да глыб. 200 м — 4,1 млрд. т. Вугляносная тоўшча ніжняга карбону (магутнасць да 50 м) мае 4 прамысл. пласты (магутнасць 1,4—12 м) бурага вугалю (тэхн. група В-2). Цеплыня згарання на рабочае паліва 11,4 МДж/кг. Здабыча адкрытым і падземным спосабам.

т. 11, с. 502

ПАДНАЁМ,

дапаможны ў адносінах да дагавору маёмаснага найму або дагавору найму жылога памяшкання цывільна-прававы дагавор, па якім наймальнік здае нанятую маёмасць або яе частку трэцяй асобе — паднаймальніку, застаючыся адказным перад наймадаўцам. У дагаворных адносінах з наймадаўцам паднаймальнік не знаходзіцца, і заключэнне дагавору П. не ўплывае на характар і абавязацельствы бакоў па дагаворы найму. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь наймальнік не можа даць паднаймальніку большы аб’ём правоў, чым мае сам па дагаворы найму. Са спыненнем дагавору найму адначасова спыняецца і дагавор паднайму.

І.​М.​Сямёнава.

т. 11, с. 502

ПАДНЯБЕ́ННЕ,

верхняя сценка ротавай поласці ў пазваночных жывёл і чалавека. У чалавека П. — шчыльная пласцінка, якая раздзяляе ротавую і насавую поласці. Складаецца з касцявога (цвёрдага) і мяккага П. (працяг цвёрдага — з слізістай абалонкі з падслізістай і мышачнага слоя з тлушчавай клятчаткай), якія разам утвараюць верхнюю сценку поласці рота. Пры парушэнні фарміравання зародка могуць узнікаць заганы развіцця П., напр., воўчая зяпа.

т. 11, с. 502

ПАДНЯПРО́ЎЕ,

гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае Магілёўскую, ч. Віцебскай і Гомельскай абласцей. На Пн па водападзеле Дняпра і Зах. Дзвіны мяжуе з Паазер’ем, на З па левабярэжжы Бярэзіны і Дняпра — з Цэнтральнай Беларуссю і Усходнім Палессем. У стараж.-рус. перыяд (9—12 ст.) ішоў інтэнсіўны працэс сцірання племянных этнакульт. адрозненняў, зліццё слав. плямён у адзіную народнасць. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічалі раўнінны рэльеф і дняпроўская сістэма суднаходных рэк, якія адыгрывалі важную ролю ва ўнутр. і знешніх культ.-эканам. сувязях. Гіст. лёс П. быў звязаны са стараж. Кіевам і з гісторыяй інш. усх.-слав. зямель. Этнакульт. комплекс, фальклорныя традыцыі і нар. гаворкі П. маюць шмат агульных рыс з суседняй Смаленшчынай і зах. Браншчынай (у 12 ст. значная ч. П. ўваходзіла ў Смаленскае, паўд. — у Чарнігаўскае княствы). У той час у П. важныя адм. і эканам. цэнтры — Копысь, Орша, Друцк, Мсціслаў, Прапошаск (Слаўгарад), Крычаў, Лучын, Гомель, Рагачоў, Чачэрск і інш. У канцы 12 ст. са Смаленскага вылучылася Мсціслаўскае княства, якое да сярэдзіны 14 ст. ўвайшло ў склад ВКЛ, але захоўвала ў ім пэўную аўтаномію. На ранніх сярэдневяковых картах Еўропы (карты Н.​Кузана — канец 15 — пач. 16 ст., С.​Мюнстэра — 1540) левабярэжная ч. П. пазначана пад назвай Белая Русь. На больш позніх картах (Г. дэ Баплана, Я.​Сандарта — 2-я пал. 17 ст., Т.​Кітхіна — 1740, і інш.) Белая Русь лакалізавана ўжо ў верхнім П. і Паазер’і. Такое вызначэнне Белай Русі захавалася да сярэдзіны 19 ст., калі канчаткова было пашырана (з-за агульнасці гіст. лёсу і этнічнай культуры) на ўсю тэр. сучаснай Беларусі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) П. далучана да Расіі, на яго тэр. ўтворана Магілёўская губ., якая ў асн. супадала з межамі рэгіёна. Пасля 1917 і ўтварэння БССР П. з 1924 у складзе БССР (Гомельскі і Рэчыцкі пав. далучаны ў 1926). Сельскія пасяленні звычайна размяшчаліся па берагах невял. рэк і ў міжрэччах. На характар рассялення ўплывала суседства з воднымі шляхамі, урадлівасць мясц. глеб. Найб. густа заселенай і аграрна развітой была левабярэжная ч. П., у прыватнасці Аршанска-Магілёўская раўніна. Змешаныя хваёва-лісцевыя лясы і дубровы, што ўкрывалі гэтую тэрыторыю, у 18 — пач. 20 ст. на значных плошчах былі высечаны, і на іх месцы ўтварыліся масівы акультураных зямель. Адносна спрыяльныя глебава-кліматычныя ўмовы садзейнічалі пашырэнню хлебаробства. З тэхн. культур сеялі лён і каноплі. Агракультура П. мела рэгіянальныя рысы, што выяўлялася ў спосабах і прыёмах апрацоўкі глебы, мясц. варыянтах земляробчых прылад (сох, ільнамялак, барон), формах феад. рэнты і інш. У лясных краях прыкметнай падмогай у гаспадарцы былі здабыўныя промыслы. Частка насельніцтва ішла ў адыходныя промыслы ў суседнія губерні Расіі. У Гомельскім пав. (пераважна ў сучасным Веткаўскім р-не) было шмат пасяленцаў-старавераў, якія сяліліся тут з 1685. Многія з іх займаліся рамізніцтвам, ваджэннем суднаў, будаўніцтвам, ткацтвам, пчалярствам. Частка — гандлем і камерцыяй (бралі ў арэнду сады, скуплялі ў мясц. сялян сушаныя грыбы, ягады, мёд, воск, гандлявалі лесам, хлебам, соллю). Сельскія пасяленні ў параўнанні з суседнім Паазер’ем вызначаліся большымі памерамі (15—30 сядзіб) і выразнай вулічнай планіроўкай. Замкнутыя ці Г-падобныя сядзібныя забудовы размяшчаліся абапал вуліцы, якая мела акрэсленую цэнтр. частку і канцы. Вуліца агароджвалася па баках і заканчвалася нярэдка з абодвух канцоў шырокімі варотамі, якія зачыняліся на ноч. З маладворных пасяленняў былі пашыраны засценкі. Пасля адмены прыгоннага права назіраўся міграцыйны рух насельніцтва на З, у лясныя раёны Бярэзінскага басейна, дзе ўзнікалі новыя пасяленні. Мігранты прыносілі з сабою вытворчы вопыт і этнакульт. традыцыі, прыстасоўваючы іх да мясц. умоў; ставілі дабротныя дамы і гасп. пабудовы, абносілі іх трывалым парканам з брамамі на вуліцу. Распаўсюджаныя тыпы планіроўкі традыц. жылля: хата + сенцы + клець, хата + сенцы + хата, хата + трысцен. Апошні выконваў ролю сянец, нярэдка (калі ў ім ставілі печ) ператвараўся ў жылое памяшканне. Свіран (амбар, інбар) для збожжа ставілі насупраць хаты. Хлявы (хлеў, пуня) прымыкалі да жылля праз павець ці размяшчаліся ў глыбіні двара. Сярод дапаможных памяшканняў стопкі сустракаліся рэдка, замест іх у П. былі распаўсюджаны функцыянальна блізкія скляпы (паграбы). Прасторныя гумны са стрэхамі на сохах мелі сушню — звычайную ёўню ці двух’ярусную асець з ямнай печчу. Больш прыкметная кантынентальнасць клімату, наяўнасць сушняў пры гумнах, як і добрая вентыляцыйнасць апошніх, рабілі непатрэбнымі азяроды, якія тут былі рэдкай з’явай. Для сушкі лёну часцей выкарыстоўвалі лазні, якія мелі падоўжную страху, што абапіралася з аднаго боку на 2 слупы, утвараючы навес. Канстр. аснова жыллёвых пабудоў — зруб з круглых бярвён, звязаных у просты вугал з астаткам, на штандарнай аснове. Стрэхі на лемягах (закотам) і стаянках (пазней — на кроквах) крылі саломай «пад колас», радзей — камлём уніз («пад грабёнку»), У раёнах, багатых лесам (Рагачоўскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі пав.), пашыраны стрэхі, крытыя дошкамі, дорам, дранкай (шчапа). Пэўным арх. абліччам і арганізацыяй інтэр’ера адрознівалася нар. жыллё на Пд рэгіёна. Маляўнічай дэкаратыўнасцю вызначалася веткаўская разьба, якой аздаблялі франтоны, ліштвы, карнізы, ганкі, брамы і весніцы. Нар. адзенне П. ўвасобіла стараж. рысы, уласцівыя традыц. касцюму слав. народаў, зазнаўшы пэўны ўплыў усх. і еўрап. строяў. Тыповае верхняе адзенне — злёгку прыталеныя кажухі і шыракаполыя світкі светла-шэрага колеру са стаячым каўняром без гузікаў (падвязваліся вакол таліі шарсцяным плеценым поясам), а таксама кафтан-армяк тыпу бурноса, укарочаная паўсвітка і кажушок (паўшубак). У традыц. жаночым адзенні яшчэ ў пач. 20 ст. бытавалі стараж. панёвы, узорныя андаракі, сшытыя з безрукаўкай-гарсэтам (ліф, кабат), і саяны, аналагічныя рус. сарафанам. Жаночыя кашулі шылі з плечавымі ўстаўкамі (полікамі), нагрудная ч. якіх з больш тонкага кужэльнага палатна. Іх упрыгожвалі вышыўкай і тканым арнаментам чырвонага ці камбінаванага (чырвонага з чорным) колераў (магілёўскі строй, краснапольскі строй); аздаблялі сакаленнем, маршчэннем (буда-кашалёўскі строй). Самабытным узорна-дэкар. стылем упрыгожвання вылучаецца адзенне паўд. раёнаў (неглюбскі строй). У арнаменце святочнага адзення і тканін дамінавалі адносна буйныя геам. ўзоры, у Пасожжы часцей сустракаліся расл. матывы. Ва ўзорным ткацтве ўжывалася браная тэхніка, у вытв-сці андараковай тканіны пераважала 2-нітавае ткацтва. Своеасаблівымі прыёмамі аздаблення вылучаюцца традыц. тканыя неглюбскія ручнікі і буда-кашалёўскія ручнікі. Рэгіянальнай асаблівасцю вызначалася кераміка. Посуд з чырвонай гліны з тонкімі сценкамі аздаблялі на гарлавінах ці плечыках хвалістымі паяскамі, што наносіліся завостраным прутком па сырой гліне. Ён быў лёгкі і грацыёзны. Лінгвістычная карта Беларусі адзначае дыялект. асаблівасці гаворак П., якія вылучаны ва ўсх.-магілёўскую групу паўн.-ўсх. дыялекту. Неаднароднасць культ. ландшафтаў дазваляе вылучыць у П. некалькі лакальных раёнаў (падраёнаў) — левабярэжжа і правабярэжжа Дняпра, Пасожжа і Бярэзінскі раён — з уласцівым кожнаму з іх комплексам мясц. этнакульт. прыкмет.

В.​С.​Цітоў.

т. 11, с. 502

ПАДНЯ́ЦЦЕ ТЭКТАНІ́ЧНАЕ,

змена становішча асобных участкаў зямной паверхні або кары ў выніку дадатных тэктанічных рухаў, дадатныя тэктанічныя структуры розных памераў і форм да высвятлення іх морфагенетычнага тыпу. Найб. шырока назва ўжываецца ў дачыненні да лакальных падняццяў, якія сфарміраваліся на платформавым этапе развіцця зямной кары ў рэльефе фундамента і платформавым чахле. Маюць пераважна купалападобную акруглую або авальную формы, з пакатымі схіламі (1—2°), пл. 20—200 км², даўж. 3—20 км, амплітуду да соцень метраў. Вылучаюць П.т. ўнаследаваныя, новаўтвораныя, інверсійныя, скразныя, пахаваныя, навешаныя.

І.​В.​Клімовіч.

т. 11, с. 503