Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПАДКАСЦЁЛАК,

другая назва воз. Галадзянка.

т. 11, с. 499

ПАДКІСЛЕ́ННЕ ГЛЕБ,

павелічэнне кіслотнасці глебы прыродным (натуральным) шляхам ці пад уплывам антрапагеннага ўздзеяння. Мае адмоўны характар, найчасцей звязана з выпаданнем кіслотных дажджоў і з’яўляецца адным з відаў забруджвання глеб (за выключэннем штучнага падкіслення шчолачных глеб у с.-г. вытв-сці, лесаводстве і інш.).

т. 11, с. 499

ПАДКЛЕ́ЦЦЕ ў драўляным дойлідстве,

ніжні, звычайна нежылы паверх дома ці гасп. пабудовы. П. ў сял. буд-ве на Беларусі сустракаліся рэдка, пераважна на ПнУ. Вядомы ў сядзібным і замкавым дойлідстве 16—18 ст. У П. жылых дамоў размяшчалі каморы, стайні і інш. гасп. памяшканні, часам жыллё прыслугі, кухню, пякарню. Рабілі П. ў некат. гасп. збудаваннях (клецях, свірнах). Ролю П. ў гар. жыллі 18 — пач. 20 ст. нярэдка выконвалі ніжнія мураваныя паверхі, дзе размяшчаліся складскія памяшканні, крамы, майстэрні.

т. 11, с. 499

ПАДКО́РМКА ЖЫВЁЛ,

паляпшэнне кармавой базы ў месцах пражывання дзікіх жывёл і птушак у неспрыяльныя перыяды. Праводзіцца пераважна ў заказніках і запаведніках і інш. Садзейнічае зберажэнню і павелічэнню колькасці каштоўных паляўнічых і ахоўных жывёл, паляпшае магчымасці ўзнаўлення іх папуляцый. Адрозніваюць комплексную (у кармах ёсць усе пажыўныя кампаненты) і спецыфічную (кампенсуе нястачу ў прыродных кармах асобных рэчываў). Характар і памеры П.ж. залежаць ад відавога складу і колькасці жывёл, ураджаю і даступнасці прыродных кармоў. Для жывёл выкарыстоўваюць сена, зерне, караняплоды, камбікармы, для птушак — адходы зерня. На Беларусі падкормліваюць аленяў, казуль, дзікоў, зайцоў, лісоў, шэрых курапатак, сініц і інш.

Да арт. Падкормка жывёл. Тыпы падкормачных столікаў для птушак.

т. 11, с. 499

ПАДКО́РМКА РАСЛІ́Н,

угнойванне с.-г. культур на працягу вегетацыйнага перыяду. Дапаўняе дапасяўное ўгнойванне, узмацняе жыўленне раслін, павышае іх ураджайнасць. Эфектыўнасць П.р. залежыць ад надвор’я, уласцівасцей угнаенняў (растваральнасць у вадзе, ступень перамяшчэння ў глебе і інш.). Бываюць П.р. каранёвая (угнаенні ўносяць у глебу, засвойваюцца праз карані) і пазакаранёвая (угнаеннямі апрацоўваюць зялёныя ч. раслін, засвойваюцца праз сцёблы і лісце).

Каранёвая П.р. — раскідванне сухіх угнаенняў з загортваннем у глебу ці без загортвання, унясенне вадкіх угнаенняў (напр., пры паліве); для азімых культур найб. эфектыўная ранняй вясной, для збожжавых — у пачатку калашэння. Пазакаранёвая П.р. — апырскванне раслін вадкімі ці апыльванне парашкападобнымі ўгнаеннямі; найб. эфектыўная для некат. збожжавых, прапашных, кармавых культур у 2-й пал. вегетац. перыяду.

т. 11, с. 499

ПАДКО́РНІКІ (Aradidae),

сямейства насякомых атр. клапоў. Больш за 100 родаў, каля 1000 відаў. Пашыраны па ўсёй сушы. Жывуць на кары, пад карой дрэў (адсюль назва). На Беларусі каля 30 відаў, з іх найб. трапляюцца П. бярозавы (Aradiis betulae), звычайны (A corticalis), хваёвы (A. cinnamomeus).

Даўж. да 1,1 см. Галава даўгаватая, размешчана паміж 4-членікавымі вусікамі. Цела пляскатае, бурае ці чорнае. Надкрылы не закрываюць краі брушка. Лапкі 2-членікавыя. Кормяцца сокамі дрэў (чым шкодзяць дрэвастою), міцэліем грыбоў. Развіццё з няпоўным ператварэннем.

С.​Л.​Максімава.

Падкорнік хваёвы.

т. 11, с. 499

ПАДКРА́ІЧЫ,

вёска ў Малецкім с/с Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл., на канале Вінец. Цэнтр калгаса. За 23 км на ПдЗ ад г. Бяроза, 82 км ад Брэста, 20 км ад чыг. ст. Бяроза-Картузская. 596 ж., 206 двароў (2000). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 500

ПАДЛАБЕ́ННЕ,

вёска ў Гродзенскім р-не, на аўтадарозе Гродна—Сапоцкін Цэнтр Баранавіцкага с/с і калгаса. За 8 км на З ад Гродна. 624 ж., 186 двароў (2000). Клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Касцёл Маці Божай.

т. 11, с. 500

ПАДЛЕ́САК,

кусты, радзей дрэвы, якія растуць пад полагам лесу i, у адрозненне ад падросту, не ўтвараюць дрэвастою; асобны ярус лясной расліннасці. Кампанент лясных біягеацэнозаў, які ўзбагачае іх відавую разнастайнасць, паляпшае біял. ўстойлівасць насаджэнняў, аслабляе эрозію і павялічвае ўрадлівасць глебы. Садзейнічае працэсу аднаўлення лесу, з’яўляецца ахоўным полагам і падгонам для падросту лясных культур. Утвараецца пераважна ценевынослівымі пародамі. Для шыракалістых і шыракаліста-хвойных лясоў характэрны П. з ляшчыны, брызгліны бародаўчатай і еўрапейскай, воўчага лыка; для хвойных — з ядлоўцу, жаўтазеляў фарбавальнага і германскага, зяноўцу рускага, рабіны, крушыны; для чорнаальховых — з парэчак чорных і чырв., вербаў казінай, попельнай, вушастай, пяцітычынкавай; для поймавых лясоў — са свідзіны, ажыны, каліны. У дрэнных умовах росту П. могуць утвараць граб, ліпа, дуб, вяз і інш. Многія віды — харч. (ляшчына, парэчкі, маліны, буякі, ажына) і лек. (рабіна, крушына, ядловец, маліны, каліна і інш.) расліны; некат. выкарыстоўваюцца як тэхн. сыравіна, служаць кормам для дзікіх капытных (вербы, свідзіна, рабіна). На Беларусі ў склад П. ўваходзяць каля 30 відаў раслін.

т. 11, с. 500

ПАДЛЕ́СНІК (Sanicula),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. Больш за 40 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 1 від — П. еўрапейскі (S. europaea). Трапляецца ў лясах, хмызняках.

Двух- і шматгадовыя травы выш. 40—70 см. Лісце пальчата-раздзельнае, доўгачаранковае, на зіму не ападае. Кветкі дробныя ў простых галоўчатападобных парасоніках. Плод — віслаплоднік. Некат. віды — лек. расліны.

Падлеснік еўрапейскі.

т. 11, с. 500