Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАНЕ́ЛІЯ Георгій Мікалаевіч

(н. 25.8.1930, Тбілісі),

расійскі і грузінскі кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1989). Скончыў Маск. архітэктурны ін-т (1955), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы (1959). З 1960 на «Масфільме». Дэбютаваў фільмам «Сярожа» (1960, разам з І.Таланкіным). Здымае псіхал. драмы («Шлях да прычала», 1962), лірычныя («Я крочу па Маскве», 1964; «Міміно», 1970, Дзярж. прэмія СССР 1978), сатыр. («Трыццаць тры», 1966), фантаст. камедыі («Кін-дза-дза», 1987) і трагікамедыі («Не бядуй», 1969; «Афоня», 1975; «Асенні марафон», 1979, Дзярж. прэмія Расіі 1981; «Слёзы капалі», 1983; «Пашпарт», 1990), для якіх характэрны ўвага да сац. прыроды з’яў і ўчынкаў, спачувальная інтанацыя ў адносінах да герояў.

т. 6, с. 36

ДАНЕ́ЛІЯ Леанід Пятровіч

(н. 27.3.1946, г. Брэст),

бел. мастак. Сын П.А.Данелія. Вучыўся ў Мінскім маст.-пед. вучылішчы (1963—65), скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Працуе ў галіне маст. праектавання, у розных жанрах выяўл. мастацтва. Аўтар праектаў, кіраўнік і выканаўца маст. афармлення інтэр’ераў дома адпачынку «Белая Русь» на воз. Нарач (1987—90), дзіцячага сада ф-кі «Элема» ў Мінску (1993, дэкар. пано, вітраж), гасцінічнага комплексу саўгаса «Заказельскі» Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. (1995; дэкар.-манум. жывапіс, з Дз.Глівай; вітраж, люстры), кампазіцыі «Стары горад» (1996) і інш. Ускладненая кампазіцыя і насычанасць колеравай гамы надае яго пейзажам рамант.-філас. гучанне: «Бабіна лета на Прыпяці» (1980), «Ліпеньскія навальніцы» (1984), «Возера Нарач. Ружовы вечар», «Цішыня. Дзіва над Лотвай» (абедзве 1990-я г.). Сярод тэматычных карцін «Чаканне» (1983), «Пачатак. Дарогай волі» (1989), «Вераніка» (1990) і інш.

Г.А.Фатыхава.

Л.Данелія. Вераніка. 1990.

т. 6, с. 36

ДАНЕ́ЛІЯ Пётр Аляксандравіч

(н. 23.1.1920, г. Махачкала, Дагестан),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1995). Вучыўся ў Маск. вучылішчы памяці 1905 г. (1938—39). Працуе ў розных відах выяўл. мастацтва. Яго пейзажы вылучаюцца эмацыянальным успрыманнем прыроды. рамант. прыўзнятасцю: «Плывуць аблокі» (1957), «Дзень» (1965), «Беларуская мелодыя» (1972), «Восеньскія карункі» (1978), «Пачуццё сустрэчы» (1982), «Абуджэнне» (1988), «Дзень, які сыходзіць» (1990), «Палеская ўсмешка» (1996) і інш. Выканаў манум. размалёўкі для палацаў культуры ў Пінску — «Мастацтва акрыляе» (1976) і ў в. Клейнікі (Брэсцкая вобл.) — «Мірная Брэстчына» (1984), для адм. будынка Брэсцкага хім. камбіната — «Палеская песня» (1980). Аўтар памятных медалёў да 20-годдзя абароны Брэсцкай крэпасці (1961), 950-годдзя Брэста (1969) і інш., помніка-бюста дзеяча рэв. руху ў Зах. Беларусі С.Я.Багданчуку (1970) у пас. Мухавец Брэсцкай вобл. Іл. гл. таксама ў арт. Багданчук С.Я.

Г.А.Фатыхава.

П.Данелія. Пачуццё сустрэчы. 1982.

т. 6, с. 36

ДАНЕ́Ц,

гарадзішча 8 — пач. 10 ст. роменскай культуры каля г.п. Пакацілаўка пад г. Харкаў (Украіна), на правым беразе р. Уды. У 11—13 ст. стараж. ўсх.-слав. горад на памежжы Кіеўскай Русі. Пад 1185 упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе. Археал. даследаваннямі выяўлена, што ў 12 ст. Д. меў умацаваны дзядзінец, пасад з жытламі рамеснікаў. Сярод знаходак вырабы з жалеза, шкляныя бранзалеты, шыферныя прасліцы, кальчугі, рэчы матэрыяльнай культуры полаўцаў. Пасля мангола-татарскіх набегаў у 13 ст. Д. заняпаў.

т. 6, с. 37

ДАНЕ́ЦК,

горад на Украіне, цэнтр Данецкай вобл. Засн. ў 1869 як шахцёрскі пасёлак Юзаўка, у 1924—61 Сталіна. 1,2 млн. ж. (1995). Чыг. вузел. Цэнтр вугальнай прам-сці. Чорная і каляровая металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць горнашахтавага і для харч. прам-сці абсталявання, горнавыратавальнай апаратуры, кабелю, быт. тэхнікі — халадзільнікаў, веласіпедаў і інш.), коксахім., хім. (хім. рэактывы, пластмасы, гумава-тэхн. вырабы, фарбы і інш.), лёгкая (баваўняная), харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Данецкі навук. цэнтр АН Украіны. 6 ВНУ, у т.л. ун-т. 3 т-ры. Краязнаўчы і маст. музеі.

т. 6, с. 37

ДАНЕ́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

на ПдУ Украіны. Утворана 2.7.1932. Пл. 26,5 тыс. км². Нас. 5,2 млн. чал. (1996), гарадскога 90%. Цэнтр — г. Данецк. Найб. гарады: Марыупаль, Макееўка, Горлаўка, Краматорск, Славянск, Канстанцінаўка, Янакіева.

Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. Большая ч. тэр. — Данецкі краж (выш. да 240 м) і Прыазоўскае ўзв., на ПнЗ — Прыдняпроўская нізіна. Карысныя выкапні: каменны вугаль (гл. Данецкі вугальны басейн), каменная соль, ртутныя руды, вогнетрывалыя гліны, даламіты, флюсавыя і буд. вапнякі, мергель, мел, кварцавыя пяскі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -5 °C да -8 °C, ліп. 21—23 °C. Гадавая колькасць ападкаў каля 500 мм. Гал. рэкі: Северскі Данец, Воўчая, Самара, Кальміус, Крынка, Кальчык. Вобласць размешчана ў межах стэпавай зоны. Глебы пераважна чарназёмныя. Пад лесам і лесапасадкамі каля 6% тэр. (дуб, ясень, клён, ліпа). Запаведнік Хамутоўскі стэп.

Гаспадарка. Буйны раён вугальнай прам-сці (шахты ў Данецку, Макееўцы, Горлаўцы, Янакіева, Шахцёрску, Вуглягорску і інш.), здабыча каменнай солі (Славянск, Арцёмаўск), руд ртуці. Развіты чорная (чыгун, сталь, пракат, стальныя трубы і інш.) і каляровая (цынк, ртуць) металургія, коксахім., хім. (мінер. ўгнаенні, кіслоты, сода, сінт. смолы, пластмасы і інш.) прам-сць, цяжкае машынабудаванне (горнашахтавае і металургічнае абсталяванне, чыг. вагоны, станкі, прэсы). Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, шыфер, вогнетрывалыя матэрыялы і інш.), лёгкая (тэкст., абутковая, швейная), харч. (рыбныя і агароднінныя кансервы, шампанскія віны, кухонная соль) прам-сць. ДРЭС: Вуглярская, Старабешаўская, Славянская, Курахоўская, Міронаўская і інш. Пасевы пшаніцы, ячменю, кукурузы. Вырошчванне соі, сланечніка, кармавых культур, агародніны. Пладаводства. Вінаградарства. Малочная і малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, авечкагадоўля. Буйныя масівы арашальных зямель. У вобласці самая густая чыг. сетка на Украіне; праходзяць чыгункі Данецк—Харкаў, Ясінаватая—Крывы Рог; аўтадарогі Харкаў—Растоў-на-Доне, Бярдзянск—Марыупаль—Таганрог, Данецк—Марыупаль. Марскі порт Марыупаль. Курорты: Славянск, Славянагорск, Марыупаль.

С.І.Сідор.

т. 6, с. 37

ДАНЕ́ЦКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН, Данбас,

на тэр. Днепрапятроўскай, Данецкай, Луганскай абласцей Украіны і Растоўскай вобл. Расіі; адна з важнейшых паліўна-энергет. баз Еўропы. Пл. каля 60 тыс. км² (выцягнуты на 650 км у шыротным напрамку, пры макс. шыр. 200 км). Ахоплівае слабаўзвышаную стэпавую раўніну паміж р. Северскі Данец і Азоўскім м. У цэнтр. ч. басейна размешчаны Данецкі краж. Данбас складзены пераважна з асадкавых парод палеазою, мезазою і кайназою, якія залягаюць на крышт. пародах дакембрыйскага фундамента. Пласты і праслоі вуглёў характэрны для ўсяго разрэзу каменнавугальных адкладаў. Агульныя запасы вугалю да глыб. 1800 м — 140,8 млрд. т.

Звесткі пра каменны вугаль у Данбасе вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Сістэматычныя даследаванні з 1820-х г., прамысл. асваенне з канца 19 ст. Сярэдняя магутнасць рабочых пластоў 0,6—1,2 м. Колькасць пластоў у вугляноснай тоўшчы да 300. Вуглі каменныя (антрацыты, газавыя, каксавальныя, бедныя). Цеплыня згарання 21,2—26,1 МДж/кг. Здабыча вядзецца на глыб. 400—800 м, некат. шахты маюць глыб. 1 км і больш. Асн. цэнтры здабычы — гарады Данецк, Макееўка, Горлаўка, Лісічанск, Краматорск, Шахты, Паўлаград і інш.

У.Я.Бардон.

т. 6, с. 37

ДАНЕ́ЦКІ КРАЖ,

узвышша на Пд Усх.-Еўрапейскай раўніны, на Украіне і ў Расіі. Распасціраецца з ПнЗ на ПдУ на 370 км. Шыр. 160 км. Выш. да 367 м (г. Магіла-Мячэтная). Складзены пераважна з пясчанікаў, вапнякоў і сланцаў, з якімі звязаны радовішчы каменнага вугалю (гл. Данецкі вугальны басейн), поліметал. руд, будматэрыялаў, хім. сыравіны. Для рэльефу характэрна спалучэнне хвалістых міжрэччаў і глыбока ўрэзаных (да 150 м) рачных далін. Ярыстая эрозія, трапляецца карставы рэльеф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -6 да -8 °C, ліп. 21—22 °C. Ападкаў 400—500 мм за год. Захаваліся ўчасткі шыракалістых лясоў (дуб, ясень, клён) і стэпаў.

т. 6, с. 38

ДАНЖО́Н

(франц. donjon),

галоўная шмат’ярусная вежа феад. замка, якая служыла месцам апошняй абароны і сховішчам пры нападзе ворага. Адначасова была назіральным і камандным пунктам у часы ваен. дзеянняў, магла выконваць функцыі аўтаномнай цытадэлі, дзе захоўваўся запас правіянту, ваен. рыштунку. Д. ў Еўропе будавалі ў 9—10 ст., пазней вядомы ўсюды, у т.л. на мусульм. усходзе і ў Закаўказзі На Беларусі былі пашыраны ў 13—17 ст. Вядомы Д. ў Брэсце, Тураве, Гродне, Навагрудку, Полацку, Шклове і інш. Уцалела вежа-данжон у Камянцы (гл. Камянецкая вежа).

Д. размяшчаліся пры гал. браме, непасрэдна каля ўезда ў замак або ў цэнтры ўмацаванняў. У плане маглі быць круглыя, авальныя, прамавугольныя, шматвугольныя. Стральба вялася праз байніцы, разлічаныя на кругавую абарону, з баявых балконаў, верхніх баявых пляцовак з-за зубцоў і праз машыкулі.

Літ.:

Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.

М.А.Ткачоў.

Данжон.

т. 6, с. 38

ДАНЖУА́ (Denjoy) Арно

(5.1.1884, г. Ош, Францыя —27.1.1974),

французскі матэматык. Чл. Парыжскай АН (1942; з 1962 прэзідэнт). Замежны чл. АН СССР (1971). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1902). Працаваў у розных ун-тах Еўропы. З 1955 ганаровы праф. Парыжскага ф-та навук. Навук. працы па тэорыі функцый, дыферэнцыяльных ураўненнях, тэорыі меры. Даў поўнае рашэнне класічнай задачы пра прымітыўную функцыю, для якога ўвёў новае паняцце інтэграла (інтэграл Д.). Залаты медаль імя М.В.Ламаносава АН СССР (1971).

т. 6, с. 38