Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

О́МІЯ,

горад у Японіі, у агламерацыі Токіо. Каля 440 тыс. ж. (1999). Трансп. вузел. Прам-сць: маш.-буд. (трансп. сродкі, станкі), хім., тэкстыльная. Сінтаісцкі храм Хікава. Нац. парк Омія.

т. 11, с. 435

«О́МЛАДЗІНА»

(сербскае моладзь),

«Аб’яднанне сербскай моладзі», культурна-асветніцкая і грамадска-паліт. арг-цыя ў Сербіі і Ваяводзіне (уваходзіла ў склад Аўстра-Венгрыі) у 1866—72. Аб’яднала культ.-асв. гурткі студэнтаў і інтэлігенцыі і абвясціла сябе прадстаўнічым органам усіх паўд.-слав. народаў; падтрымлівала кантакты з балг. нац.-вызв. рухам, культ. дзеячамі Чэхіі, Славакіі, Расіі. З 1870 у складзе «О.» аформілася рэв.-дэмакр. плынь на чале з С.​Маркавічам, якая імкнулася ператварыць «О.» ў рэв. паліт. партыю. У 1871 «О.» забаронена ўладамі Сербіі і Аўстра-Венгрыі, але яшчэ некаторы час існавала тайна.

т. 11, с. 435

О́ММЕТР (ад ам + ...метр),

прылада для вымярэння актыўнага электрычнага супраціўлення. Мае пераважна магн.-эл. вымяральную сістэму (гл. Магнітаэлектрычная прылада) са шкалой, праградуіраванай у адзінках супраціўлення (гл. Ом).

Складаецца з вымяральніка і крыніцы пастаяннага току (убудаванай ці знешняй). Бывае лічбавы і аналагавы (са стрэлачным ці светлавым паказальнікам), з паралельнай і паслядоўнай схемай вымярэння. Для дакладных вымярэнняў выкарыстоўваецца схема з лагометрам, на якую мала ўплываюць змены напружання крыніцы сілкавання, або маставая схема (гл. Мост вымяральны). Канструкцыйна О. часта аб’ядноўваюць з вальтметрамі і амперметрамі ў адну універсальную прыладу — ампервальтомметр.

т. 11, с. 435

О́МНІБУС (ад лац. omnibus для ўсіх),

шматмесны конны экіпаж з платнымі месцамі для пасажыраў; першы від грамадскага транспарту. З’явіўся ў 1662 у Парыжы. У некат. еўрапейскіх краінах выкарыстоўваўся да пач. 20 ст. Выконваў рэгулярныя рэйсы ў гарадах і паміж імі. У Францыі О. наз. таксама пасажырскі цягнік (у адрозненне ад скорых і экспрэсаў). Гарадскі рэйкавы шматмесны конны экіпаж наз. конка (гл. Гарадскі транспарт).

Омнібус.

т. 11, с. 435

ОМСК,

горад у Расіі, цэнтр Омскай вобл., размешчаны пры ўпадзенні р. Ом у р. Іртыш. Засн. ў 1716. 1159 тыс. ж. (1998). Порт. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (выпуск ракет, рухавікоў, збожжаўборачных камбайнаў), прыладабудаўнічая і электратэхнічная (тэлевізары, магнітафоны), газавая апаратура, нафтаперапр. і нафтахім. (вытв-сць тэхн. вугляроду, шын, гумава-тэхн. вырабаў, пластмас і інш.), лёгкая (аўчынна-футравая, дывановая, тэкст., гарбарная і абутковая), харч., дрэваапрацоўчая. Вытв-сць буд. матэрыялаў. 4 ЦЭЦ. 10 ВНУ, у т. л. ун-т. Тэатры. Музеі: краязн., гіст. і літ., маст. вырабаў.

Грузавы порт у г. Омск.

т. 11, с. 436

О́МСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на Пд Зах.-Сібірскай раўніны, у Рас. Федэрацыі. Утворана 7.12.1934. На Пд мяжуе з Казахстанам. Пл. 139,7 тыс. км². Нас. 2180 тыс. чал. (1998), гарадскога 67,2%. Цэнтр — г. Омск. Найб. гарады: Ісількуль, Тара, Калачынск.

Паверхня пераважна раўнінная (выш. 100—140 м), на Пн забалочаная, на Пд невял. выцягнутыя ўзвышшы — грывы. Карысныя выкапні: гліна, пясок, мергель, торф; у азёрах мірабіліт і кухонная соль. Клімат кантынентальны, умерана халодны. Сярэдняя т-ра студз. -20 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў 300—400 мм за год. Гал. рака Іртыш з прытокамі Ом, Тара, Туй (справа), Ішым, Оша (злева). Шмат азёр. На Пн і ў цэнтр. ч. прэсныя (Тэніс, Ік, Салтаім), на Пд салёныя (Эбейты). Глебы чарназёмныя (на Пд), балотныя і дзярнова-падзолістыя (на Пн і ПнЗ), ёсць саланцаватыя і саланчакі. О.в. размешчана ў зонах паўднёватаежных і мяшаных лясоў, лесастэпу і стэпу. Пад лесам і хмызнякамі каля 25% тэрыторыі. На Пн лясы з кедра, елкі, піхты, далей на Пд бярозава-асінавыя лясы, у лесастэпе — калкі.

О.в. — адзін з найб. развітых раёнаў Зах. Сібіры. Гал. галіна — нафтаперапр. (45,7% кошту прамысл. прадукцыі), прадстаўлена Омскім нафтаперапр. з-дам. Развіты хім. і нафтахім. прам-сць (вытв-сць сінт. каўчуку, пластмас, мыйных сродкаў, медпрэпаратаў, лакаў, фарбаў), машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць матораў, самалётаў, ракет, тэлевізараў, магнітафонаў, газавай апаратуры, збожжаўборачных камбайнаў, трактарных прычэпаў, запчастак для с.-г. машын). Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ (4 у г. Омск). На мясц. сыравіне працуюць харч. (масласыраробная, мясная, мукамольная і інш.), дрэваапр. (вытв-сць піламатэрыялаў, дачных домікаў, мэблі), часткова лёгкая (аўчынна-футравая, гарбарна-абутковая, ільняная, швейная, трыкат., дывановая) прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых, малочна-мясной жывёлагадоўлі, свіна- і авечкагадоўлі. Пасяўныя плошчы займаюць 3,3 млн. га, у т. л. пад збожжавымі культурамі (яравая пшаніца, жыта, ячмень, авёс) 60% плошчы, тэхн. (сланечнік, лён) — 0,3%, кармавымі — 37,8%, бульбай і агароднінай — 1,9%. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коней, птушку. Пушны промысел (вавёрка, андатра, гарнастай і інш.); зверагадоўля. Даўж. чыгунак 886 км. Асн. чыгункі Транссібірская магістраль, Омск—Цюмень—Екацярынбург. Даўж. аўтадарог 7264 км. Унутр. водныя шляхі складаюць 1667 км. Суднаходства па рэках Іртыш, Ішым. Нафтаправоды Транссібірскі і Ніжнявартаўск—Усць-Балык—Омск.

П.​І.​Рогач.

т. 11, с. 436

О́МУЛЬ (Coregonus autumnalis),

прахадная рыба роду сігаў сям. ласасёвых. Пашыраны ў бас. Паўн. Ледавітага акіяна (акрамя р. Об). У воз. Байкал — эндэмічны азёрна-рачны падвід О. байкальскі (C.a. migratorius), які мае 3 расы: ангарскую, селенгінскую і чывыркуйскую (па назвах рэк).

Даўж. да 64 см, маса да 3 кг (у О. байкальскага даўж. да 45 см, маса да 1,5 кг). Корміцца ракападобнымі, інш. беспазваночнымі, маляўкамі і ікрой рыб. Аб’ект промыслу і развядзення.

Омуль: 1 — прахадны; 2 — байкальскі.

т. 11, с. 436

О́НДРЖЫЧАК ((Ondríćek) Францішак) (29.4.1857, Прага — 12.4.1922),

чэшскі скрыпач, педагог, кампазітар. Вучыўся ў Пражскай (1873—76) і Парыжскай (1877—79) кансерваторыях у А.Беневіца і Л.​Ж.​Масара. У 1879—81 саліст аркестра Ж.​Э.​Падлу ў Парыжы. З 1909 выкладчык, з 1912 дырэктар заснаванай ім Новай венскай кансерваторыі, з 1919 кіраўнік скрыпічнага класа Школы майстэрства пры Пражскай кансерваторыі. Яго выкананне вылучалася віртуознасцю, чысцінёй інтанавання, адточанасцю дэталей і эмацыянальнасцю. Аўтар твораў для скрыпкі і фп., у т. л. «Фантазіі на тэмы оперы «Іван Сусанін» Глінкі» (1889), «Чэшскай рапсодыі» (1906), танцаў і інш. п’ес, кадэнцый да скрыпічных канцэртаў Н.​Паганіні, І.​Брамса, В.​А.​Моцарта і інш. Напісаў (разам з С.​Мітэльманам) метадычную працу «Новы метад навучання вышэйшай тэхніцы скрыпічнай ігры...» (1909; з дадаткам — 15 маст. эцюдаў для скрыпкі сола).

Літ.:

Ших Б. Ф.​Ондржичек. Пер. с чеш. М., 1958;

Яго ж. F.Ondřiček: Český houslista. Praha;

Bratislava, 1970.

т. 11, с. 436

О́НІЕВЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

арганічныя злучэнні іоннага характару агульнай ф-лы [Rn+1Э]​+X​ −, дзе R — арган. радыкал ці (і) атам вадароду, Э — элемент гал. падгрупы V—VII груп перыяд. сістэмы элементаў, X — аніён (OH, NO3, Cl, Br і інш.), n — ніжэйшая ступень акіслення Э. Да О.з. адносяцца аксоніевыя (Э — кісларод), фасфоніевыя (Э — фосфар), сульфоніевыя (Э — сера), чацвярцічныя амонію злучэнні. Большасць О.з. — фізіялагічна актыўныя рэчывы, оніевыя структуры ўваходзяць у склад многіх прыродных і біялагічна актыўных рэчываў (напр., ацэтылхалін, бетаіны).

Стабільныя О.з. — цвёрдыя солепадобныя рэчывы, раствараюцца ў вадзе і палярных арган. растваральніках (растворы электраправодныя). Найб. стабільныя аксоніевыя злучэнні [R3O]​+X​− і чацвярцічныя амоніевыя солі. О.З., што маюць радыкалы з доўгім аліфатычным ланцугом, з’яўляюцца паверхнева-актыўнымі рэчывамі. Іх выкарыстоўваюць як нейтральныя мылы, антыбактэрыяльныя і дэзінфекцыйныя сродкі ў вытв-сці касметыкі. Да О.з. адносяцца многія арган. фарбавальнікі.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 11, с. 437

О́НІКС (грэч. onyx першапачаткова ногаць),

мінерал, плоскапаралельная слаістая разнавіднасць агату. У залежнасці ад колеру слаёў адрозніваюць арабскі О. (чорны з белым), сардонікс (буры з белым), карнеол-онікс (чырвоны з белым). Выкарыстоўваўся для вырабу камей. О. мармуровы — горная парода нацёчнага паходжання, складаецца са шчыльнага паўпразрыстага агрэгату зерняў і валокнаў кальцыту або араганіту. Характэрна чаргаванне слаёў з рознай ступенню празрыстасці або афарбаваных у зеленаватыя, ружаватыя, залаціста-карычневыя тоны. Утвараецца з вуглякіслых вод у карставых пячорах, месцах выхадаў тэрмальных крыніц, тэктанічных трэшчынах, а таксама ў выглядзе прапласткаў у вапняках, траверцінах, пясчаніках і туфах. Вырабны і дэкаратыўна-абліцовачны камень.

Онікс мармуровы.

т. 11, с. 437