Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУКАРА́Д,

паслядоўнасць муз. тонаў якой-н. сістэмы (ладу, строю) у пэўным парадку (узыходным ці сыходным), абертонаў (натуральны гукарад), гукаў, якія можна здабыць на пэўным муз. інструменце, а таксама ўсіх гукаў, што выкарыстаны ў якім-н. муз. творы, яго частцы, асобнай муз. тэме. Гукарад танальнасці наз. гамай.

т. 5, с. 525

ГУ́КАЎ Аляксандр Мікалаевіч

(н. 18.3.1972, Мінск),

бел. спартсмен (плаванне). Майстар спорту міжнар. Класа (1996). Пераможца на дыстанцыі 200 м брасам і бронзавы прызёр на дыстанцыі 100 м брасам у 25-метровым басейне 1-га чэмпіянату Еўропы (1996), чэмпіён Еўропы на дыстанцыях 100 і 200 м брасам у 50-метровым басейне (1997).

т. 5, с. 525

ГУКАЎЗНАЎЛЕ́ННЕ,

працэс атрымання інфармацыі ад фанаграмы. Адрозніваецца ў адпаведнасці з відамі гуказапісу. Найб. пашыраны эл.-акустычны метад па схеме: фанаграма — пераўтваральнік — узмацняльнік — гучнагаварыцель.

т. 5, с. 525

ГУ́КА ЗАКО́Н,

паказвае залежнасць паміж мех. напружаннем і дэфармацыяй пругкага цела. Адкрыты ў 1660 Р.Гукам. Паводле Гука закона пры падоўжным расцяжэнні (сцісканні) стрыжня даўжынёй 1 з плошчай папярочнага сячэння S абс. падаўжэнне (укарачэнне) Δl прама прапарцыянальнае сіле F, якая расцягвае (сціскае) стрыжань: Δl = Fl/ES, дзе E — модуль Юнга (гл. Модулі пругкасці).

т. 5, с. 523

ГУ́КЕР

(Hooker) Джозеф Долтан (30.6.1817, Хейлсуэрт, Вялікабрытанія — 10.12.1911),

англійскі батанік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1874). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1859), чл. Парыжскай АН (1866). Вучыўся ва ун-це г. Глазга. З 1855 у Бат. садзе ў К’ю (Лондан), у 1865—85 дырэктар. У 1873—78 прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва. Аўтар (разам з Дж.Бентамам) працы «Роды кветкавых раслін» (т. 1—3, 1862—83), дзе прыведзена апісанне ўсіх вядомых на той час родаў кветкавых раслін. Адзін з першых прапагандыстаў дарвінізму. Апрацаваў калекцыі Ч.Дарвіна з а-воў Галапагас. Навук. працы па батаніка-геагр. і фларыстычных даследаваннях Аўстраліі, Паўн. Індыі і Непала.

т. 5, с. 525

ГУ́КЕРА ВО́СТРАЎ,

у Паўн. Ледавітым ак., на Пд архіпелага Франца-Іосіфа Зямля. Тэр. Расіі. Пл. каля 508 км². Выш. да 576 м. Б. ч. вострава ўкрыта ледавікамі. У бухце Ціхая ў 1913—14 зімавала экспедыцыя Г.Я.Сядова. Названы ў гонар англ. батаніка Дж.Д.Гукера.

т. 5, с. 525

ГУ́КІ МО́ВЫ,

найдрабнейшыя непадзельныя адзінкі вуснай мовы, што выконваюць функцыю адрознення і атаясамлівання гукавых абалонак слоў. Не з’яўляючыся носьбітамі значэння, гукі мовы фарміруюць слыхавы вобраз марфемы, слова, выказвання, якія дзякуючы замацаваным за імі ў свядомасці носьбітаў мовы лексічным і грамат. значэнням дазваляюць ажыццяўляць моўную сувязь.

У анатама-фізіял. плане гукі мовы вызначаюцца становішчам сукупнасці органаў мовы (артыкулятараў) у час іх вымаўлення (гл. ў арт. Артыкуляцыя). У акустычным плане — гэта перыядычныя і неперыядычныя гукавыя хвалі, што накладваюцца адна на адну або чаргуюцца ў часе і ўтвараюць бесперапынную моўную плынь. Дыскрэтнасць (раздзельнасць) гукаў мовы вызначаецца зменай крыніцы гуку (квазіперыядычнай, шумавой, імпульсна-шумавой, яе адсутнасцю), якая згладжваецца зменай рэзанатараў (аб’ёму поласцей рота, носа і глоткі). У залежнасці ад крыніцы і функцыі ў складзе гукаў мовы падзяляюцца на галосныя гукі і зычныя гукі (выбухныя, фрыкатыўныя, афрыкатыўныя і плаўныя). На аснове здольнасці адрозніваць марфемы і словы ўся разнастайнасць гукаў мовы аб’ядноўваецца ў адносна невял. групу фанем, што дае магчымасць носьбітам мовы ўспрымаць фізічна нятоесныя гукі з розных фанет. пазіцый як адзін і той жа гук.

Літ.:

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989.

А.І.Падлужны.

т. 5, с. 525

ГУКО́ЎСКІ Рыгор Аляксандравіч

(1.5.1902, С.-Пецярбург — 2.4.1950),

рускі літ.-знавец. Скончыў Петраградскі ун-т (1923). Праф. Ленінградскага і Саратаўскага ун-таў. Узначальваў групу па вывучэнні рус. л-ры 18 ст. пры Пушкінскім доме (Ін-т рус. л-ры АН СССР у Ленінградзе). Яго працы вылучаюцца глыбокім пранікненнем у грамадска-літ. жыццё 18 ст., у іх цікавасць да паэтыкі і імкненне да сацыялагічнага вытлумачэння літ. з’яў. Яго працы пра А.Пушкіна і М.Гогаля пазначаны шырынёй сац.-гіст. аналізу.

Тв.:

Русская поэзия XVIII в. Л., 1927;

Русская литература XVIII в. М., 1939;

Пушкин и проблемы реалистического стиля. М., 1957;

Реализм Гоголя. М.; Л., 1959;

Пушкин и русские романтики. М., 1965.

т. 5, с. 525

ГУК МУЗЫ́ЧНЫ,

найменшы структурны элемент музыкі. Асн. яго ўласцівасці; дакладная вышыня, гучнасць, працягласць і тэмбр. З гукаў фіксаванай вышыні (тонаў), якія здольны ўспрымаць чалавечы слых, у музыцы выкарыстоўваецца параўнальна нязначная частка; іх адбор вызначаецца фізіял. асаблівасцямі слыху, камунікатыўнай прыродай муз. мастацтва, эстэт. патрабаваннямі музыкантаў і слухачоў. Асобна ўзяты гук музычны не валодае маст. выразнасцю, аднак набывае яе пры ўключэнні ў пэўную гукавую сістэму, у пэўны муз. кантэкст.

т. 5, с. 523

«ГУ́ЛА»,

бел. нар. гульня. Удзельнікі дзеляцца на 2 каманды — дружыны. Кожная дружына выбірае «вялікага», ці «выбранніка», найб. дужага гульца, які кідае ў бок праціўніка гулу (каменнае ці жал. ядро, у некат. месцах — кола воза). Дружына праціўніка як мага раней павінна спыніць яе. З таго месца, дзе гула спынена, «выбраннік» другой каманды кідае яе назад. Перамагае тая каманда, якая першай перакіне гулу за вызначаную мяжу.

т. 5, с. 526